Электрацяпло ў Дрыбіне: выгадна, але не ўсім і не ўсюды

Жыхары Дрыбінскага раёна актыўна пераходзяць на электраацяпленне — зручна, экалагічна, эканамічна. Але ёсць істотныя нюансы і іх мноства.

Пераход на электраацяпленне — дзяржаўны прыярытэт. У апошнія гады Беларусь актыўна развівае сваю энергетычную інфраструктуру, асабліва пасля запуску БелАЭС. Сёння дастаткова падключанай сістэмы і стабільнага электразабеспячэння — і сучасныя канвектары ці «цёплыя падлогі» можна кантраляваць нават праз смартфон, сцвярджае дрыбінская раённая газета “Савецкая вёска” і рэкламуе электраацяпленне, акцэнтуючы ўвагу на яго перавагах:

  • не трэба купляць дровы ці вугаль;
  • не трэба сачыць за катлом;
  • няма неабходнасці падводзіць газ.

Да гэтага дадаюцца і іншыя плюсы: бяспека, экалагічнасць, таннасць. Але не ўсё так проста: на прыкладзе Дрыбінскага раёна відавочна, што не кожны ахвотны зможа перайсці на электраацяпленне. Прычына — недахоп магутнасці на лініях і… наяўнасць магчымасці газіфікацыі.

Тым, чые дамы стаяць у зонах, дзе праходзіць, альбо можна пракласці газаправод, пераход на электраацяпленне можа абысціся значна даражэй. Такія спажыўцы не маюць права карыстацца льготнымі тарыфамі на электраэнергію і мусяць аплачваць яе па агульных, завоблачных тарыфах.

Да таго ж, не ўсюды хапае магутнасцей ліній электраперадачы для такога пераходу.

Вось як гэта выглядае ў Дрыбінскім раёне:

  • 127 абанентаў атрымалі тэхнічныя ўмовы для падключэння электраацяплення;
  • 121 дом ужо падключаны;
  • 5 жыхарам адмоўлена — з-за недастатковай магутнасці электрасеткі.

Яшчэ адна лыжка дзёгцю ў бочцы мёду электраацяплення: спецыялісты РЭС не займаюцца ўнутраным мантажом — толькі праектаванне і падключэнне да знешніх сетак. Усё астатняе — праблема самога гаспадара.

Фота: “Савецкая вёска”.

Уздыманне сцягу, на ўрокі без тэлефона, замест школьнай формы пакуль – шаўрон. Што чакае школьнікаў і іх бацькоў у новым навучальным годзе

Магілёў.media знаёміць з асноўнымі новаўвядзеннямі.

Канец прамінулага ўжо навучальнага году адзначыўся шэрагам заяваў дзяржаўных службоўцаў пра новаўвядзенні ў наступным. Чыноўнікі казалі пра неабходнасць увядзення адзінай школьнай формы, паглыбленага засяроджвання ўвагі на патрыятычным выхаванні вучняў.

Што засталося ў сухой рэшце? Намесніца начальніка аддзелу па адукацыі, спорце і турызме Дрыбінскага райвыканкаму Марына Панчанка апавядае пра тое, да чаго варта рыхтавацца вучням і іх бацькам. Яна адказвае на важныя для іх пытанні мясцовай раёнцы «Савецкая вёска».

Дашкольная адукацыя

Будзе пашыраны пералік платных адукацыйных паслуг ва ўстановах дашкольнай адукацыі.

Для дзяцей, якія не змогуць наведваць дзіцячыя садкі па медычных паказаннях, можа быць арганізавана дашкольная адукацыя на даму.

Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне з уздыманнем сцягу

Падрыхтаваны загад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае правядзенне на пастаяннай аснове ўрачыстых лінеек з абавязковым выкананнем дзяржаўнага гімна, узняццем (вынасам) дзяржаўнага сцяга ў дні дзяржаўных свят і святочныя дні Беларусі.

Такія імпрэзы будуць ладзіцца на Дзень народнага адзінства, Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл, Дзень Канстытуцыі, Дзень Перамогі, Дзень працы, Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга, Дзень Незалежнасці.

Дзеянне загадам Мінадукацыі распаўсюджваецца на ўстановы дашкольнай, агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай, вышэйшай адукацыі, па такім прынцыпе арганізуюць работу ў летніх аздараўленчых лагерах і студэнцкіх атрадах.

У школах і гімназіях будуць выконваць гімн і падымаць сцяг перад пачаткам і напрыканцы кожнай чвэрці, падчас правядзення цырымоніі ўручэння дакументаў аб адукацыі. А ў летніх аздараўленчых лагерах і студэнцкіх атрадах – перад пачаткам і ў канцы змены.

Правілы паводзін і адзіная форма

Міністэрствам адукацыі адобраны дакумент «Школьны стандарт», у якім закладзены правілы знаходжання ва ўстановах адукацыі ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Асобныя раздзелы прысвечаныя правілам і абавязкам навучэнцаў і педагогаў, а таксама правілам захоўвання мабільных тэлефонаў. Іх дзеці будуць пакідаць у спецыяльна абсталяваных месцах, а карыстацца дазволяць імі толькі ў навучальных мэтах.

Разглядаецца пытанне аб увядзенні адзінай школьнай формы з 2023 года. А ўжо з першага верасня 2022 года плануецца ўвесці адзіны элемент у адзенні для кожнага школьніка.

У Дрыбіне, да прыкладу, гэта будзе шаўрон з эмблемай школьніка Дрыбінскага раёна – адзіны для ўсіх устаноў адукацыі. Шаўрон маюць купіць бацькі. Яго кошт – 3,5 рублі.

Вучэбны план

Уводзіцца дапрофільная падрыхтоўка ў 8-9 класах, каб у вучняў было больш часу на вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні, веды па якіх спатрэбяцца ім для паступлення ў навучальныя ўстановы.

Распрацаваны новы тыпавы навучальны план на 2022/2023 год, якім прадугледжана павелічэнне колькасці гадзін на вывучэнне беларускай і рускай моў.

Цэнтралізаваны эказамен

У 2023 годзе выпускнікі 11 класаў будуць здаваць цэнтралізаваны іспыт па матэматыцы і рускай ці беларускай мове на выбар. Яго вынікі пойдуць у залік як у атэстат, гэтак і ў сертыфікат для паступлення.