Дзмітрый Шлетгаўэр памёр у магілёўскай калоніі №15 23 лістапада 2023 года, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”. Пасля таго, як яго былыя сукамернікі выйшлі на волю і звязаліся з прадстаўнікамі рэсурса dissidentby, сталі вядомыя імёны людзей, фактычна адказных за гібель палітзняволенага.
Гэта аператыўныя работнікі выпраўленчай калоніі №15 у Магілёве Юрый Арлоў і Ілля Кіслякоў – паведамляе рэсурс. Менавіта яны, дзейнічаючы пад кіраўніцтвам начальніка калоніі Аляксея Лазарэнкі, ажыццяўлялі на Дзмітрыя Шлетгаўэра сістэматычны псіхалагічны і фізічны ціск, рэгулярна змяшчалі яго ў ШІЗА нягледзячы на наяўнасць хранічнага захворвання.

Прычынай жорсткага абыходжання, па звестках крыніц рэсурса dissidentby, было тое, што Дзмітрый Шлетграўэр адмаўляўся супрацоўнічаць з адміністрацыяй калоніі, “не здаваў” іншых і адкрыта выказваў нязгоду з дзеяннямі адміністрацыі. “Ён трымаўся, але яны рабілі ўсё, каб зламаць” – паведамілі сведкі.
1 лістапада 2024 года праваабарончы праект “Вясна” паведаміў, што ў калоніі ў Магілёве памёр 22-гадовы грамадзянін Расіі, ураджэнец Алтая Дзмітрый Шлетгаўэр. У пасведчанні аб смерці напісалі “механічная асфіксія”. Раней Брэсцкі абласны суд прызнаў Шлетгаўэра вінаватым па артыкулах аб шпіянажы і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, прыгаварыўшы да 12 гадоў. Сутнасць абвінавачанняў невядомая да гэтага часу – працэс праходзіў у закрытым рэжыме.