“Строммаш-Сіці” – што гэта будзе, і што будзе з Быхаўскім і Мінскім рынкамі?

На месцы збанкрутаванага прадпрыемства плануюць пабудаваць гандлёва-забаўляльнага монстра. Дзелімся разважаннямі, як гэта можа паўплываць на пакупніцкія звычкі магілёўцаў.

Новы гандлёва-забаўляльны комплекс “Строммаш-Сіці” будзе налічваць каля 55 000 квадратных метраў плошчы, а гэта прыблізна каля васьмі футбольных палёў, альбо пятнаццаць гіпермаркетаў “Гіпа” – паведамляе mogilev.in.

Інвестыцыйны праект прадугледжвае, што на месцы завода “Строммашына” новы ўласнік тэрыторыі, фірма “Тведас” правядзе рэканструкцыю часткі цэхаў, іншыя будынкі будуць знесеныя цалкам. На графіцы ніжэй, чырвоным адзначаны тыя памяшканні, ад якіх “Тведас” будзе пазбаўляцца.

На тэрыторыі былых цэхаў плануюць размясціць ганлёвыя памяшканні, адно з якіх будзе прызначана для пераносу Мінскага рынку. Як можна пабачыць на рэндэрах, пад будучы “сельскагаспадарчы кірмаш” збіраюцца адвесці будынак былога цэха №4, які размешчаны крыху бліжэй да Першамайскай (чырвоны колер).

Верагодна, іншыя гандлёвыя памяшканні стануць канкурэнтамі таксама і Быхаўскаму рынку, лёс якога даўно ўжо звязваюць з рэканструкцыяй “Строммашыны”. 

Іншая зона тэрыторыі завода, размешчаная далей у бок вуліцы Крупскай, павінна будзе стаць забаўляльнай зонай для адпачынку дзяцей. Выглядае, што гэта будзе паркавая зона з атракцыёнамі. 

Праект рэканструкцыі памяшканняў завода, як бачым, фундаментальны і маштабны. Настолькі, што міжволі ўзнікае пытанне – дзе на ўсё гэтае хараство збіраюцца шукаць пакупнікоў? Магілёў далёка не турыстычны цэнтр, а для ўзроўню літоўскага “Акропаліса” мала мець вялікія плошчы, трэба яшчэ і лагістыка, і вялікія аб’мы абароту. 

Таксама – “Строммашына” размешчаная ў цэнтры горада, канечне, але гэта досыць умоўны цэнтр. Усё-ж такі, асноўныя людскія патокі праходзяць у некалькіх сотнях метраў адсюль – бліжэй да падземных пераходаў, “Універсама”, “Атрыума”. Новабудоўлі абапал Крупскай крыху папоўняць чалавекапаток жыхарамі спальных раёнаў, але не настолькі, каб карэнным чынам ажывіць гэты глухі куток.

Будуць зноўку ганяць бабулек?

А маштабны і амбіцыйны праект патрабуе адпаведных, маштабных рашэнняў. Думаем, што нездарма магілёўскія чыноўнікі, каментуючы рэканструкцыю “Строммашыны” пастаянна ўзгадваюць тэму Мінскага і Быхаўскага рынкаў. Інтарэсы інвестара, фірмы “Тведас” тут цалкам зразумелыя – яны хочуць пераарыентаваць людскія патокі з гэтых папулярных кірмашоў на сябе. Верагодна, гарадскія ўлады, абмяркоўваючы інвестыцыйныя перспектывы тэрыторыі “Строммашыны”, бралі на сябе сустрэчныя ініцыятывы – дапамагчы з гэтай пераарыентацыяй. Як гэта можа выглядаць у практычнай плоскасці – таксама нескладана здагадацца. Прагназуем, што чыноўнікі прадугледзелі “мяккія” і “жорсткія” варыянты развіцця падзей. 

Самы мяккі будзе выглядаць, напэўна, такім чынам – новыя тэрыторыі пад сельскагаспадарчы і будаўнічы кірмашы на “Строммаш-Сіці” прывабяць як гандляроў, так і пакупнікоў, і Мінскі з Быхаўскім проста паступова самі пераедуць на новае месца, тады як старыя лакацыі згаснуць да невялікіх барахолак з вечнымі бабулькаммі і аматарамі гаражных распродажаў.

Жорсткі варыянт можа выглядаць менш гуманна. Ігнаруючы інтарэсы пакупнікоў, папулярныя рынкі будуць проста пазакрываныя, а праваахоўнікі зноўку пойдуць рэйдамі па месцах стыхійнага гандлю ганяць бабулек.  

Рыторыка прадстаўнікоў магілёўскіх уладаў пакуль што дэманструе, што рыхтуецца якраз жорсткі сцэнарый. Нагадаем, што начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама, галоўны архітэктар горада Дзмітрый Бабкуноў у свой час прама заяўляў, што чакаецца “камфортны перанос Мінскага і Быхаўскага рынкаў з уладкаваннем вялікай аўтастаянкі. Ад падобнай рэканструкцыі выйграюць усе – і гараджане, і прадпрымальнікі. Але яна будзе весціся па спецыяльным праекце.”

Вось гэты “спецыяльны праект” тут насцярожвае больш за ўсё. Зноў жа, прагназуем, што чыноўнікі мала будуць клапаціцца пра інтарэсы пакупнікоў і гандляроў. Барахолкі патрэбныя гараджанам, але не інвестарам і не людзям у кабінетах – хаатычнасць стыхійнага гандлю цяжка ўкладваецца ў іх светаўспрыняцце. Так што, напэўна, нам зноўку прыйдзецца сутыкнуцца з такім зразумелым для ўладаў спосабам вырашэння праблемы: “усё закрыць”, “усё забараніць”.  

Фота: mogilev.in

Быхаўскі і Мінскі рынкі пакуль не чапаюць – у Магілёве прайшло абмеркаванне тэрыторыі “Строммашыны”

У Магілёўскім аблвыканкаме разглядалі будучыню зачыненых цэхаў “Строммашыны”. Тут могуць з’явіцца мясцовы “Дыснейленд” і гіпермаркет.

Continue reading “Быхаўскі і Мінскі рынкі пакуль не чапаюць – у Магілёве прайшло абмеркаванне тэрыторыі “Строммашыны””

Што чакае Быхаўскі і Мінскі рынкі ў Магілёве і прычым тут банкрутства завода “Строммашына”?

За інфармацыяй вакол продажу памяшканняў магілёўскага завода “Строммашына”, пра якую шмат пісалі рэгіянальныя СМІ, прыхаваўся адзін малазаўважны факт. Існуе верагоднасць, што рэканструкцыя і перафарматаванне памяшканняў завода-банкрута закране таксама лёс папулярных магілёўскіх барахолак – Быхаўскага і Мінскага рынкаў.

Так, у вялікім матэрыяле “Магілёўскіх ведамасцяў” пра далейшы лёс плошчаў “Строммашыны” гаворыцца паміж іншага наступнае:

“Як растлумачыў начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама – галоўны архітэктар горада Дзмітрый Бабкуноў – будынак ліцейнага цэха знясуць, астатнія карпусы цэхаў і адміністрацыйных будынкаў прадпрыемства будуць выкарыстоўвацца для стварэння поліфункцыянальнай прасторы з аб’ектамі гандлю, абслугоўвання, культурна-забаўляльнага прызначэння. 

З’явяцца магчымасці і для камфортнага пераносу Мінскага і Быхаўскага рынкаў (выдзелена намі – М.М.) з уладкаваннем вялікай аўтастаянкі. Ад падобнай рэканструкцыі выйграюць усе – і гараджане, і прадпрымальнікі. Але яна будзе весціся па спецыяльным праекце.”

Што Мінскі, што Быхаўскі рынкі – даўні галаўны боль, калі не мазоль для магілёўскага чынавенства. Хаатычнасць барахолкі цяжка ўкладваецца ў іх светаўспрыняцце. Ужо дзесяцігоддзямі можна назіраць, як спарадычна міліцыянты ганяюць бабулек з картонкамі каля Мінскага рынка. Альбо як іх спрабуюць выціснуць на вечна пустыя прылаўкі, абсталяваныя за цэнтральным уваходам, далей ад вуліцы Першамайскай.

Магчыма, і найбольш верагодна, што цэнтральнай задачай у плане пераноса Мінскага і Быхаўскага рынкаў з’яўляецца паляпшэнне гандлёвых умоваў для сур’ёзных прадпрымальнікаў і іх пакупнікоў. Аднак разам з гэтым могуць быць прынятыя і чарговыя кардынальныя меры, якія могуць пакінуць горад без гэтых унікальных рынкаў з іх разняволенай атмасферай дробнага вулічнага гандлю. А хацелася б нагадаць, што падобныя “блашыныя” кірмашы ва ўсім свеце – цэнтр турыстычнага прыцягнення, люднае месца, якое прыцягвае натоўпы цікаўных. 

Фота: mogilev.media

Не паспела праславіцца яма з Быхаўскага рынка ў Магілёве, як яе ўжо залаталі – відэа

Па сеціве разляцелася віруснае відэа, на якім работнікі з Быхаўскага рынка дэманструюць глыбіню адной з ямін на дарозе. У яе цалкам правальваецца палка з лязом для разбівання льда. “Вадзіцелі, будзьце асцярожныя” – іранізуе голас за кадрам. 

Аднак ужо сёння на месцы працуе брыгада горвадаканала. Відавочна, што яміна з відэа ўтварылася на месцы каналізацыйнага калодзежа.