На возеры ў Клімавіцкім раёне патануў 41-гадовы мужчына, які спрабаваў дагнаць лодку. Яго цела з дна вадаёма паднялі работнікі асвода.
Сталі вядомымі падрабязнасці трагедыі, пра якую пісалі mogilev.media. Загінулы з’яўляўся жыхаром г. Касцюковічаў, і разам з 64-гадовым знаёмым яны прыехалі на возера паблізу вёскі Якімовічы Клімавіцкага раёна каб парыбачыць. Паралельна з лоўляй рыбы мужчыны ўжывалі спіртное.
Увечары 41-гадовы касцюкаўчанін вырашыў праверыць закінутыя прыстасаванні для лоўлі шчупака, для чаго адштурхнуў маторную лодку ад берага, каб маторам не закрануць дно. Лодку стала адносіць ад берага, і мужчына паплыў даганяць яе. Дагнаў, але забрацца ў лодку не змог і стаў тануць. Яго напарнік паспяшаўся на дапамогу, але з-за таго што не ўмеў плаваць, не змог дабрацца да лодкі, якая знаходзілася на глыбіні – паведамляе раённая газета “Родная ніва”.
Супрацоўнікаў міліцыі і ратавальнікаў пасля здарэння выклікалі ўжо відавочцы драматычнай падзеі. Цела патанулага са дна паднялі супрацоўнікі клімавіцкага асвода, а яго лодку даставілі на бераг.
Фота: “Родная ніва” і з адкрытых крыніц