Працаўнікі магілёўскіх прадпрыемстваў «разбягаюцца». Лепшай долі шукаюць у Расіі

Так апісвае цяперашнюю сытуацыю ў мясцовай эканоміцы жыхар Магілёва. Яе ён характарызуе, як «новае веянне».

Паводле яго «людзі самі звальняюцца з «Ліфтмашу» і «Кантакт-цэнтру» беларускай чыгункі». У гэтых двух арганізацыях, заяўляе ён, «рэжуць заробак і накідваюць больш працы».

«У кантакт-цэнтры 4 гады таму працавала больш за 130 чалавек, а цяпер менш за 60», – ілюструе свае словы магілёвец, які пажадаў не называць свайго імя.

Па ягоных словах у Расію «рвуць» дальнабойнікі, маршрутнікі, вахтавікі.

«Прыйшоў загад, што толькі з дазволу кіраўніка можна звольніць», – падсумоўвае ён.

_______________________________________

Што вядома пра сітуацыю на «Ліфтмашы»

_______________________________________

Спраўдзіць словы магілёўца пра сітуацыю на «Магілёўліфтмашы» аператыўна не ўдалося. Вядома, аднак, што прадпрыемства, якое пазіцыянуецца, як адно з найлепшых у рэгіёне, з пачаткам поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны сутыкнулася з праблемамі.

У красавіку генеральны дырэктар Сяргей Чарткоў прызнаў цяжкасці, звязаныя з нястачай імпартных камплектуючых.

«Калі ацэньваць сітуацыю ў кароткатэрміновым перыядзе, – казаў ён, – то цяжкасці з закупам і дастаўкай вырабаў еўрапейскіх вытворцаў, вядома ж узніклі».

Па ягоных словах асноўным іх пастаўшчыком была Расійская Федэрацыя, але і туды камплектуючыя ішлі з еўрапейскага замежжа.

Пасля лютага 2022 году прадпрыемства шукае неабходнае для вытворчасці ў Беларусі, Расіі, Кітаю, Турцыі, Індыі.

Разам з тым, настойваў прамыслоўца: санкцыі адкрываюць новыя магчымасці.

«Замежныя прадпрыемствы, якія вырашылі сысці з рынку, вызваляюць нішы, і мы іх актыўна займаем», – запэўніваў ён.

Якая колькасць працоўнага калектыву на прадпрыемстве высветліць не ўдалося. Між тым, на сайце заводу ў раздзеле  «Вакансіі» патрабуюцца амаль сотня работнікаў: ад намесніка начальніка аддзелу да шараговых працаўнікоў.

_______________________________________

Пра «Кантакт-цэнтр» чыгункі

_______________________________________

Магілёўскі «Кантакт-цэнтр» чыгункі адкрылі ў 2018 годзе. Для забеспячэння тэхналагічнага працэсу былі арганізаваны дзве аперацыйныя залы на 45 рабочых месцаў, пісала  «Белта»

«У сярэднім у змене працуюць 23 спецыялісты, а ўсяго – каля 70 чалавек», – удакладняла  газета «Железнодорожник Белорусии».