Ліхаманкавы рост коштаў на самую банальную гародніну ў Беларусі высвеціў прагматычнасць масавых гандлёвых сетак на фоне папулісцкіх заяваў пра замарожванне коштаў і паказальныя суды за павышэнне цэн на тры капейкі.
Mogilev.media прайшліся па некалькіх самых папулярных крамах абласнога цэнтра і высветлілі, якімі сталі рэальныя цэны на такую элементарную сельскагаспадарчую прадукцыю, як агуркі і памідоры, і параўналі гэтыя кошты з экзатычнай садавіной, якая не расце ў нашым клімаце і дастаўляецца з далёкіх краін.
Пачнем мы з гіпермаркета сеткі “Тройка”, якая лічыцца адной з самых дэмакратычных на фоне іншых гігантаў рынку. Гуркоў у цэнтральнай краме сеткі, што месціцца ў ЦУМе не знайшлося наогул, а таматы з Туркменістана заважылі без адной капейкі 9 рублёў за кілаграм.
Як мы пабачым далей, гэта нешта сярэдняе паміж зусім бесцырымоннымі рашэннямі і – сапраўднымі дыскаўнтэрамі. Дарэчы, у той жа “Тройцы” гранаты каштавалі 6,59, бананы 4,99 а грэйпфруты 4,38.
“Суседзі” ў “Атрыўме” прадвалі толькі адзін гатунак таматаў, расфасаваны па 250 грамаў мараканскі чэры за касмічную цану 24,80 за кілаграм. Гэта абсалютны рэкорд сённяшняга назірання. А вось гуркі тут жа – 12,72 побач з манга за 8,99 (на загалоўным фота). Па гурках – таксама блізка да космасу. Звярніце ўвагу, што на цэнніку да таматаў, на фота ніжэй, кошт 6,20 выстаўлены за 250 грамаў, а за кілаграм сума ўказаная ў самым нізе. Пры гэтым какос – 7,27, кумкват 19,99, пасіфлора 16,99.
“Александрыйскае” таматы прапаноўвала за сярэдне-высокі кошт 9,55, а вось “Грошык” апраўдаў сваё пазіцыянаванне ў сектары самых дэмакратычных гіпермаркетаў, дэманструючы два гатункі памідораў і самы нізкі кошт на тамат – 7,49. Агуркі тут 9,29, але гэта не рэкорд таннасці.
Дасягненне “Грошыка” па кошце на памідоры паўтарыла нядаўна адкрытая на базе “Перакросткаў” сетка “Впрок”, таксама выставіўшы кошт у 7,49. І менавіта ў “Впрок” мы сустрэлі самыя танныя гуркі ў горадзе – сустракайце, 6,47.
Ну, і для паўнаты агляду. Агуркі ў “Радыусе” на Астроўскага – 7,86. У “Грыне” – астранамічныя 14,29 за кілаграм агуркоў (рэкорд, нават авакада тут танней – 12,99), а памідоры па 9,20.
9,99 – і за агуркі, і за памідоры ў прадуктовым “Плюс” каля кінатэатра “Радзіма”, у яшчэ адным дыскаўнтэры, “Копеечка” таматы прадавалі за 7,99 а гуркі за 7,55.
Такім чынам, мы не знайшлі ніводнай крамы, абышоўшы ў агульнай суме амаль дзясятак, дзе гуркі альбо памідоры каштавалі б танней за такі экзатычны прадукт, як манга – 5,49 у “Грошыку”.
Фантастычны ўзлёт коштаў на гэтыя два тавары за апошнія дні – гуркі і памідоры – выглядае здзекам над той папулісцкай рыторыкай пра замарожванне цэн, якая ўжо не адзін месяц грыміць па ўсіх дзяржаўных каналах інфармацыі.
Фота: mogilev.media