Прыфрантавы Мікалаеў зноў зведаў масіраванае бамбаванне расійскімі войскамі. Пасля 4 гадзінаў раніцы ў горадзе адбылося больш за 20 выбухаў.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці
Паводле мэра Аляксандра Сянкевіча ракеты трапілі ў дзве больніцы. У будынках выбітыя вокны, у некаторых пакояў абвалілася столь.
«Персанал і пацыенты не пацярпелі. У адной установе пацярпеў ахоўнік», – паведаміў ён у сваім тэлеграм-канале.
Пазней стала вядома, што ў выніку атакі на горад пацярпела 12 чалавек. Пра гэта паведаміла інфармацыйнае агенцтва «Інше.ТВ».
Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.
31 мая 2022 году мэр Мікалаева заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай. Магілёў. media працягне сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.
Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».