Жыхарка Магілёва схавала цяжарнасць ад свайго мужа і, паводле яе словаў, збіралася адвезці нованароджаную дачку ў бальніцу, каб адмовіцца ад яе – так яна ўжо рабіла раней. Але па факце – паклала дзяўчынку ў пакет і выкінула з балкона.
Следчы камітэт апублікаваў падрабязную справаздачу пра шакуючы выпадак, што адбыўся ў Магілёве ў красавіку гэтага года. Нагадаем, у чатыры гадзіны раніцы 17 красавіка на казырку паштовага аддзялення дома №24 па вуліцы Габраўскай было знойдзена нованароджанае дзіця. У той жа дзень знайшлі і маці – 34-гадовую жанчыну, якая ўжо мела трох дзяцей.
Па дадзеных следства, нарадзіўшы даношаную і здаровую дзяўчынку, жанчына загарнула нованароджаную ў аднаразовую пялёнку і два ручнікі, паклала яе ў падвойны пакет разам з неаддзеленым паследам і туга завязала ручкі на вузел. А затым, адчыніўшы акно балкона, скінула ўпакаваны скрутак з дачкой з вышыні не менш як 1,5 метра на прылеглы дах.
Першапачаткова жанчына расказвала следчаму, што не падазравала аб сваёй цяжарнасці і толькі пасля псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы стала відавочна, што жанчына ўжо на ранніх тэрмінах ведала пра яе. Аднак звяртацца ў жаночую кансультацыю для пастаноўкі на ўлік па цяжарнасці яна не стала, вырашыўшы, што народзіць самастойна, а затым адмовіцца ад дзіцяці, як рабіла ўжо некалькі гадоў таму, калі цяжарнасць аказалася непажаданай.
Ад мужа цяжарнасць яна таксама схавала, бо ведала, што той будзе супраць адмовы ад дзіцяці. Каб у мужа не ўзнікала пытанняў наконт яе цяжарнасці, жанчына сказала, што ў яе ўрачы выявілі дабраякасную пухліну, для выдалення якой ёй давядзецца легчы ў бальніцу.
Уначы 17 красавіка жанчына самастойна нарадзіла ў ванным пакоі здаровую дзяўчынку. Муж і дзеці спалі.
Падчас допытаў жанчына расказала следчаму, што пакуль усе спяць, яна разлічвала на таксі адвезці нованароджаную ў бальніцу, дзе збіралася ад яе адмовіцца. А каб сваім плачам дзяўчынка не разбудзіла блізкіх, жанчына выставіла яе за вакно.
Згодна з заключэннем стацыянарнай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы жанчына знаходзілася ў сваім розуме.
Фота: Следчы камітэт