У Мікалаеўскай вобласці працягваюцца абстрэлы расійскімі акупантамі. За апошні месяц штодня колькасць разбураных дамоў павялічвалася на 1-3, але іх колькасць павялічылася ў апошнія дні. За перадапошнія суткі было разбурана адразу 8 дамоў, паведамляла inshe.tv, а за апошнія адразу 19.
Усяго ў Мікалаеве ад абстрэлаў пашкоджана 933 шматпавярховыя дамы, амаль у 240 з іх пашкоджаны дах. У масштабах Мікалаеўскай вобласці пашкоджана на 14 лютага 16 091 дом, часткова або цалкам пашкоджаны 16 110 грамадзянскіх аб’ектаў.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
Нягледзячы на разбурэнні жыллёвага сектара, жыхары вяртаюцца да сваіх гарадоў, сёл, хат.
Больш за 100 000 мікалаеўцаў пасля дэакупацыі Херсона вярнуліся ў Мікалаеў – распавёў Мікалаеўскі гарадскі галава А. Сянкевіч.
Паводле яго слоў, жыццёва важныя праблемы ў горадзе паступова вырашаюцца: пакрысе здымаецца праблема пітной вады, гораду дапамаглі з набыццём новых кацельняў.
Адразу 4 000 жыхароў вярнуліся да сваіх хат у лютым у Галіцынаўскай грамадзе – паведамляе «Корабелов.Инфо». Усе жыхары сямі сёл грамады забяспечваюцца хлебам і кансервамі па праграме ААН, электра- і газазабеспячэннем.
Пачалі вяртацца жыхары і ў сяло Новагрыгараўка, якое страціла 85% жыхароў. Сярод першых – настаўніца пачатковых класаў Н. Сідар, якая адразу ўзялася весці ўрокі музыкі, як толькі падвялі электрычнасць. І гэта ў пасёлку, у якім не засталося ніводнага ацалелага будынка, гаворыцца ў паведамленні ТСН.
Людзі, што вяртаюцца да сваіх разбомбленых хат, жывуць хто ў ацалелых прыбудовах, хто ў лазнях, сараях, буданах. Але вакол шмат абломкаў ракет, снарадаў, не разазарваўшыхся мін.
Людзі гуртуюцца і разам дапамагаюць адзін аднаму – каму плёнку нацягнуць на дах, каму дровы падвезці. У сяло вярнулася ўсяго каля 40 жыхароў, астатнія некалькі сотняў чакаюць вясну і цяпло, каб пачаць адбудоўваць свае дамы.
Вяртанню людзей спрыяе і падключэнне 85% дэакупаваных населеных пунктаў вобласці да электрычнасці – піша Мікалаеўская праўда.
А аграрыі Мікалаеўскай вобласці – 2432 індывідуальныя прадпрымальнікі і 338 фермерскіх гаспадарак рыхтуюцца да пасяўной. Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (ФАО) аказвае ім дапамогу ў насенні, якое прадастаўляецца бясплатна.
Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.
31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.
Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.
Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».