Жыхар Магілёва скраў забытыя ля пад’езда рэчы: гэты момант трапіў на камеру відэаназірання.
У дзяжурную частку Кастрычніцкага РАУС Магілёва звярнуўся 33-гадовы жыхар горада, які паведаміў пра знікненне заплечніка, выпадкова пакінутага каля пад’езда пасля наведвання забаўляльнай установы. Пра гэта піша тэлеграм-канал “Міліцыя Магілёўшчыны”.
Праваахоўнікі высветлілі, што да здарэння мае дачыненне 47-гадовы магілевец, які не змог прайсці міма чужой уласнасці. У заплечніку знаходзіліся грошы ў суме 1850 рублёў, якія ён прысвоіў сабе.
Ранец і асабістыя рэчы мужчына вярнуў уладальніку, сцвярджаючы, што наяўных у ім не было.
У дачыненні да мужчыны распачата крымінальная справа за крадзеж.
Падобны выпадак меў месца ў Магілёве ў верасні 2019 года. Як піша “Наша Ніва”, тады 39-гадовы магілёвец згубіў на вуліцы кашалёк, а вярнуўшыся на меркаванае месца згубы, яго не знайшоў і выклікаў праваахоўнікаў. У партманэце ляжалі 150 рублёў.
Супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку высветлілі, што кашалёк падабраў 39-гадовы індывідуальны прадпрымальнік, раней ужо судзімы за крадзеж.
Мужчына забраў партманэт і завярнуў за вугал найбліжэйшага дома, дзе дастаў з кашалька гатоўку і старанна пералічыў. Пасля ён паклаў грошы на пажарны шчыт, а кашалёк выкінуў. Толькі пасля гэтага мужчына заўважыў накіраваную на яго відэакамеру, усталяваную на рагу дома, і ўцёк з месца злачынства. Праўда, яго ўсё ж удалося знайсці, а выкрадзеныя грошы канфіскаваць.
Фота: ElasticComputeFarm / Pixabay