Незвычайная для Магілёўшчыны прылада — рабатызаваныя газонакасілкі — з’явілася ў камунальных служб.
Пра новую пакупку паведаміў тэлеграм-канал старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі. Паколькі для Магілёўшчыны такія апараты — рэч наватарская, то выпрабаваць, як яны ўключаюцца-выключаюцца, прыйшоў сам так званы “губернатар”.
«У дапамогу камунальным службам абласнога цэнтра набылі рабатызаваныя газонакасілкі на гусенічным ходзе з дыстанцыйным кіраваннем», — радасна паведамляе Ісачанка.
Зыходзячы з тэхнічных характарыстык газонакасілак R550 і R800 (а менавіта адной з такіх мадэляў кіраваў кіраўнік Магілёўскага аблвыканкама), яны прызначаныя для прыватнага і паўпрафесійнага выкарыстання. Гэта значыць, што яны выконваюць базавыя функцыі і могуць эфектыўна працаваць на ўмерана складаных участках. У той час як, напрыклад, нямецкая газонакасілка падобнага тыпу ІRUS Deltrak 2.5 прызначаная для прафесійнага выкарыстання, мае большую магутнасць, шырыню скошвання і здольная працаваць на больш стромкіх схілах, што робіць яе прыдатнай для камунальных службаў і буйных прадпрыемстваў. Праўда, розніца ў кошце істотная: калі R800 каштуе прыкладна 2700 долараў, то ІRUS Deltrak 2.5 — ад 50 тысяч еўра.
Але санкцыі і сяброўства з Кітаем выбару не пакідаюць.
Фотаздымак: телеграм-канал Исаченко ОНЛАЙН