Магілёўскія блогеры і былыя журналісты Алесь Сабалеўскі і Яўген Глушкоў знаходзяцца ў зняволенні. Паведамляецца, што Сабалеўскага абвінавачваюць па крымінальнай справе.
Крыніцы mogilev.media паведамляюць, што магілёўскага блогера і журналіста Алеся Сабалеўскага збівалі падчас допыту супрацоўнікі ГУБАЗіК. На целе Сабалеўскага доўгі час заставаліся крывападцёкі, сляды катаванняў – расказваюць відавочцы. Такім чынам супрацоўнікі спецслужбы выбівалі ад журналіста прызнанні на камеру ў тым, што ён супрацоўнічаў з рэдакцыяй выдання 6tv.by – у фармулёўках, яія патрабавалі сілавікі.
Алесь Сабалеўскі сапраўды з’яўляўся карэспандэнтам выдання 6tv.by, якое зараз унесенае ў Спіс экстрэмісцкіх фармаванняў у Беларусі. На момант супрацоўніцтва Сабалеўскі, сярод іншага, вёў стрымы з масавых пратстаў у Магілёве ў 2020 годзе. Відэазапісы гэтых матэрыялаў, а таксама ролік з затрыманнем журналіста падчас адной з мірных дэманстрацый дагэтуль размешчаныя на Youtube-канале інфармацыйнага рэсурса.
Выданню mogilev.media вядома, што падчас допытаў Сабалеўскі адстойваў свае журналісцкія паўнамоцтвы – ён афіцыйна і цалкам легальна супрацоўнічаў з парталам 6tv.by дзеля асвятлення значных грамадскіх і сацыяльных падзеяў у Магілёве. Партал пры гэтым меў дзржаўную рэгістрацыю і законныя падставы для ажыццяўлення сваёй дзейнасці. Гэтыя тлумачэнні “не задаволілі” супрацоўнікаў спецслужбы, якія рэтраспектыўна паставіліся да працы 6tv.by, абвінавачваючы і журналіста і рэсурс у “наўмысным разгойдванні” грамадска-палітычнай сітуацыі.
Праваабаронцы паведамляюць, што пасля двух адміністрацыйных арыштаў і сутак у ізалятары часовага ўтрымання, Сабалеўскага перавялі ў магілёўскі СІЗА.
Таксама з’явілася інфармацыя пра затрыманне яшчэ днаго магілёўскага блогера і журналіста, легенды мясцовага тэлебачання Яўгена Глушкова. Зараз ён знаходзіцца ў зняволенні, але пакуль яго дакладны статус навядомы.
Алесь Сабалеўскі спыніў сваё супрацоўніцтва з магілёўскімі інфармацыйнымі рэсурсамі яшчэ некалькі гадоў таму, і апошнім часам працаваў у прыватнай фірме. Не быў актыўным у журналістыцы апошнім часам таксама і Яўген Глушкоў.
Фота: сацыяльныя сеткі