9 мая Дзень Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў. Пад час вайны ў нашай краіне загінула 2,4 млн. жыхароў. Улада і апазіцыя адзіны ў тым, што свята – усенароднае. Іх пазіцыі, аднак, адрозніваюцца ў падыходах да “напаўнення” свята.
8 і 9 мая – Дні памяці і прымірэння. Прысвечаны памяці ахвяр і загінуўшых у Другой сусветнай вайне. Абвешчаны 22 лістапада 2004 г. ГА ААН.
9 мая 1633 года новаабраны кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV з-пад Варшавы павёў войска на дапамогу абложанаму маскавітамі магдэбургскаму (1611) гораду Смаленску.
9 мая 1878 года нарадзіўся у сям’і беларуса – выхадца з Чавускага павета Міхаіл Самбікін (1878–1968), фізіка-географ, метэаролаг, прафесар, член-карэспандэнт Галоўнай геафізічнай абсерваторыі Пецярбургскай акадэміі навук, у 1934–1941 гг. – прафесар і загадчык кафедрай метэаралогіі БСГІ (г. Горкі), прафесар Магілёўскага педінстытута
9 мая 1863 года разбіты расійскімі войскамі Чарнаруцкі (Магілёўскі) паўстанцкі атрад, які дзейнічаў 3-9 мая.
9 мая 1913 года нарадзіўся Васіль Івашын (1913-2009), беларускі літаратуразнаўца, акадэмік НАНБ, АПН СССР, РАО, доктар філалагічных навук, прафесар, даследчык літаратурнай спадчыны Янкі Купалы.
9 мая 1929 года ў в. Продзвіна бабруйскага раёна нарадзіўся Людвіг Асецкі (1929-2005), беларускі графік, заслужаны дзеяч мастацтваў. Узнагароджаны медалём Ф. Скарыны.
9 мая 1929 года пачала працу камісія ЦК ВКП(б) па вывучэнні практыкі правядзення новай нацыянальнай палітыкі ў БССР. Камісія 27 чэрвеня 1929 г. зрабіла крытычны даклад на адрас беларускай творчай інтэлігенцыі. Апагеем барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам стала сфабрыкаваная прысланым з Масквы старшынём ДПУ БССР Р. Рапапортам справа г. зв. “Саюза вызвалення Беларусі”, па якой увясну-ўлетку 1930 былі арыштаваныя больш за 110 дзеячаў навукі і культуры Беларусі, у 1931 многія з іх былі асуджаны. З гэтага часу пачалася палітыка абмежаваньня мовы тытульнай нацыі, працягам якой стала рэформа беларускага правапісу 1933 г., якая штучна наблізіла беларускую мову да рускай.
9 мая 1945 года Указам Прэзідыума ВС СССР 9 мая аб’яўлена Святам Перамогі. Да 1965 г. – рабочы дзень.
9 мая 1945 года выйшаў Указ Прэзідыума ВС СССР аб заснаванні медалі “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” (на георгіеўскай стужцы). Гэта самая масавая медаль: 14,9 млн. узнагароджаных. Асобы, якія атрымалі медаль, мелі права на ўзнагароды юбілейнымі медалямі да 20, 30, 40, 50, 60, 65, 70, 75 год Перамогі.
9 мая 1953 года ў Мінску выйшаў першы нумар часопісу «Маладосць».
9 мая 1965 года Дзень Перамогі стаў непрацоўням днём.
9 мая 1994 года АМАП не прапусціў на мінскую пл. Перамогі народнага пісьменніка, франтавіка, пісьменніка Васіля Быкава.
9 мая 1995 года адчынены Амсціслаўскі гістарычна-археалагічны музей.
9 мая 1995 года адчынены Мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле” у гонар подзвіга абаронцаў Магілёва: апалчэнцаў, воінаў 388 стралковага палка 172 стралковай дывізіі. Толькі за адзін дзень, 12 ліпеня 1941 года, тут было знішчана 39 нямецкіх танкаў. Абарона Магілёва цягнулася 23 дні. Загінула каля 15 тысяч абаронцаў.
9 мая 2002 года апублікаваны канчатковы варыянт Рамкавай канвэнцыі ААН па змене клімату. Сярэднія тэмпературы на Беларусі павялічаліся амаль на 1⁰С, клімат памякчэў, стаў менш кантынентальным, зіма ў сярэднім стала цяплей на 5-6⁰С у параўнанні з 1960-х гг.
9 мая 2017 года некаторыя гарады і раёны Гродзенскай і Віцебскай абласцей атрымалі Божы сюрпрыз: выпаў снег.
9 мая 2021 года Прэзідэнт А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт №2 “Аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу”, паводле якога, у выпадку гібелі Кіраўніка ўсе дзяржаўныя органы і іх службовыя асобы дзейнічаюць у адпаведнасці з рашэннямі Савета Бяспекі, на пасяджэннях якога старшынствуе Прэм’ер-міністр.