20 красавіка – Дзень кітайскай мовы ў ААН.
20 красавіка 1626 года вечарам загарэўся Магілёў. Згарэлі цэнтр разам з недабудаванай ратушай, умацаванні Бліжняга Вала.
20 красавіка 1639 года Магілёўскі друкар Спірыдон Собаль выгнаны з Маскоўскай дзяржавы, дзе ў 1637-1639 гг. займаўся асветніцкай дзейнасцю, прадаў маскоўскаму выдаўцу Бурцаву-Пратапопаву шрыфты, планаваў адкрыццё друкарні і школы друкароў.
20 красавіка 1660 года нарадзіўся ваявода менскі, літаратар, фундатар Крыштап Завіша (1660-1721).
20 красавіка 1939 года на другі дзень пасля ўхвалення ЦК ВКП(б) і Саўнаркамам СССР пераноса сталіцы з Мінска, ЦК КП(б)Б вызначыла тэрмін пераноса сталіцы ў Магілёў – лістапад 1939 года.
20 красавіка 1855 года Яўстах Тышкевіч заклаў Музей старажытнасцяў у будынку бібліятэкі Віленскага ўніверсітэту.
20 красавіка 1918 года Народны сакратарыят БНР выдаў “Часовы наказ мясцовым Беларускім Радам”.
20 красавіка 1918 года “Менскае беларускае прадстаўніцтва” дамаглося згоды германскага камандавання на стварэнне груп беларускіх саветнікаў пры акупацыйнай адміністрацыі – губернскіх і павятовых камендантах.
20 красавіка 1923 года Вацлаў Ластоўскі зышоў з пасады прэм’ер-міністра БНР.
20 красавіка 1910 года загінуў Сяргей Палуян (1890-1910), беларускі публіцыст, празаік, літаратуразнавец, адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыялістычнай грамады.
20 красавіка 1960 года створана першае ў БССР Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале з Пятром Шасцярыкавым.
20 красавіка 1986 года ў Мінску на Траецкім прадмесці некалькі дзясяткаў удзельнікаў Аўганскай вайны, нацкаваных камсамолам і КДБ, напалі на падлеткаў, што святкавалі Гуканьне вясны.
20 красавіка 2022 года Міжгародны вузел электрасувязі №2 філіяла “Міжгародная сувязь” праводзіць рамонтныя работы з перерапынкам вяшчання эфірнага тэлебачання на тэрыторыі Быхаўскага, Слаўгарадскага, Магілёўскага раёнаў у дзённы час з 09.15 да 15.00.
20 красавіка. У народзе –Акуліна. Усходнія славяне лічылі, што ў гэты дзень прачынаюцца русалкі, з вады на белае святло паднімаюцца зірнуць і просяць у людзей палатна – атуліць голае цела. Яшчэ да зары некаторыя сялянкі прыносілі паношаную чыстую кашулю, ручнік ці кавалак палатніны, бо верылі, што дабром адгукнецца гэты клопат: русалкі засцерагуць ад глыбокай вады і іх, і мужа, і дзяцей.