Дзень у гісторыі. 9 лютага

Дзень у гісторыі. 9 лютага. Дзень стаматолага. Нараджэнне стрыптызу, валейбола і шрыфта Іллі Капіевіча. Дэпартацыя з Заходняй Беларусі. Нарадзіліся ваяр Радзівіл “Пярун”, паэт В. Тарас

Міжнародны дзень стаматолага (International Dentist Day) 

Устаноўлены па ініцыятыве Асацыяцыі Стаматолагаў ЗША ў дзень шанавання каталіцкай Святой Апалоніі Александрыйскай. Святая не адраклася ад Хрыста і прыняла смерць на вогнішчы 9 лютага 249 года. Існуе павер’е, што варта толькі вымавіць імя Апалоніі, памаліцца ёй – зубны боль аціхне.

Археалогія даказала, што прафесія стаматолага існавала і ў старажытнасці. Першая машына, падобная на апарат для лячэння зубоў, выкарыстоўвалася ўжо 9 тысяч гадоў таму.

Навукоўцы даследавалі парэшткі людзей з Белуджыстана ўзростам не менш як 7 000 гадоў. І ў зубах выявілі адтуліны, дыяметр якіх быў не больш за 3 мм, а глыбіня – не больш за 3,5 мм. Гэтыя адтуліны былі выкананы ідэальна, нібы тут папрацавалі сапраўднай бормашынай.

1547 год. Нарадзіўся Крыштоф Радзівіл “Пярун”

Дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ. Вялікі гетман літоўскі, ваявода віленскі, кашталян троцкі, гетман польны літоўскі, вялікі падчашы літоўскі.

Удзельнік Інфлянцкай вайны 1558–1582 гадоў: у 16 гадоў браў удзел у бітве пры Уле, пазней узяў замак Усвяты, нанёс паражэнне маскоўскаму войску каля Вялікіх Лук. Мянушку Пярун атрымаў за прымяненне «тактыкі выпаленай зямлі». 

Удзельнічаў у рэйдзе (1581) да вярхоўяў Волгі, заняў Старыцу і Ржэў, што разам з аблогай Пскова прымусілі Івана Жахлівага падпісаць перамір’е. Гэты рэйд паслужыў нагодай для стварэння шэрагу паэтычных твораў Ф. Градоўскага, Г. Пельгрымоўскага, Я. Каханоўскага, А. Рымшы.

Прыхільнік плана стварэння дзяржаўнай уніі ВКЛ, Польшчы і Расіі на чале з вялікім князем.

Змагаўся з паўстаннем Налівайкі 1594-1596 гадоў. У 1601 года нанёс паражэнне шведам ў бітве пад Кокенгаўзэнам, узяў Вендэн.

Фундатар і будаўнік кальвінісцкіх сабораў, апякун вучоных, дзеячаў беларускай культуры.

Памёр 20 лістапада 1621 года.

1667 год. Дзень Андрусаўскага замірэння (па новаму стылю). 

Скончылася самая стратная ў гісторыі Беларусі вайна паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў, у якой загінуў кожны другі жыхар. Мірная дамова была падпісана тэрмінам на 13,5 гадоў. Пагадненне было заключана ў в. Андрусава на мяжы Мсціслаўскага і Смаленскага ваяводстваў.

Да Масквы перайшлі Смаленскае ваяводства, Северская зямля з Чарнігавам і Старадубам, Левабярэжная Ўкраіна – палова тэрыторыі Рэчы Паспалітай. За землі Левабярэжнай Украіны Масковія сплаціла 1 000 000 злотых – каля 200 000 рублёў.

Рэчы Паспалітай заставаліся Правабярэжная Ўкраіна і Беларусь. Кіеў быў перададзены Масковіі на 2 гады, але так і ня быў вернуты, у 1686 годзе Масква за яго сплаціла 146 000 рублёў.

Запарожская Сеч апынулася пад агульным пратэктаратам абедзьвюх дзяржаваў. Гэта развеяла спадзевы запарожцаў на стварэнне ўласнай дзяржавы, і казацкі гетман Пятро Дарашэнка пачаў шукаць дапамогі ў туркаў.

1710 год. Пётр I зацвердзіў новую грамадзянскую азбуку і грамадзянскі шрыфт

Царква працягвала карыстацца стараславянскім алфавітам.

Распрацаваў і адліў новы шрыфт у 1707 годзе ў Маскоўскай урадавай друкарні ураджэнец Мсціслава Ілля Капіевіч (1651–1714). Але кіраўнік друкарні Палікарпаў, каб пазбавіцца ад канкурэнта, назваў яго ерэтыком з-за пратэстанцкага веравызнання. Зразумела, прызнаць, што грамадзянскі шрыфт распрацаваў літвін-ерэтык, не выпадала, а таму пальму першынства атрымаў сам цар Пётр І. Капіевічу заставалася толькі трываць несправядлівасць: «И тако сими утешаяся, да познаем нашу немощь, и держимося смиренномудрия и правды». Капіевіч з’яўляецца першым выкладчыкам Пятра І у Галандыі, друкаром, перакладчыкам кніг, увёў у зварот назвы сучасных 12 сузор’яў, тэрміны глобус, мапа/карта.

1881 год. Памёр Фёдар Дастаеўскі. 

Расійскі пісьменнік і філосаф. Выхадзец  з літоўскага шляхецкага роду герба «Радван», які меў маёнтак Дастоева на Піншчыне.

Вайсковы інжынер. Перакладчык «Яўгеніі Грандэ» Бальзака.

З выхадам першага свайго твора «Бедныя людзі» адразу здабыў папулярнасць.

За ўдзел у рэвалюцыйным гуртку М. Петрашэўскага арыштаваны (1849), асуджаны да пакарання смерцю, якое заменена на катаргу ў Омску. Пасля катаргі служыў радавым у лінейным сібірскім батальёне.

Аўтар многіх вядомых твораў, у тым ліку «Злачынства і пакаранне», «Ідыёт», «Браты Карамазавы».

Фрыдрых Ніцшэ прызнаваў, што Дастаеўскі адзіны, хто здолеў яму растлумачыць, што такое чалавечая псіхалогія.

1893 год. Дзень нараджэння стрыптызу.

У вядомым парыжскім кабарэ “Мулен Руж” упершыню ў свеце танцорка-мадэль Манон Лавіль “Мона” распранулася перад публікай пад час традыцыйнага баля студэнтаў-мастакоў. 

За гэты пэрфоманс яна была арыштавана паліцыяй і аштрафавана на 100 франкаў па ініцыятыве актывістаў Лігі абароны маралі. У абарону танцоркі ў Парыжы пачаліся беспарадкі і пратэсты.

Своеасаблівым протастрыптызам можна лічыць танец “канкан”, які з’явіўся ў Францыі на паўстагоддзя раней. У Амерыцы стрыптыз зваўся “бурлеск”.

Стрыптыз стаў неад’емнай часткай масавай культуры, звычайна яго дэманструюць у начных клубах. Класічны элемент стрыптызу – пілон (тычка). Танец на пілоне – pole dance – самастойны накірунак у спорце. Сучасны стрыптыз дасягнуў дасканаласці, ператварыўшыся ў спалучэнне пластыкі і гульні, прыгажосці і харэаграфіі.

На Беларусь стрыптыз прыйшоў на пачатку 1990-х і першым стрып-клубам стала мінская «Лагуна». Усе канцэртныя нумары для гасцей стрыптыз-клубы павінны ўзгадняць з камісіяй Мінкульта Беларусі. Адзіны клуб у Магілёве, дзе дазволены стрыптыз – “Steak and Wine”.

Стрыптыз – задавальненне не для бедных, але і не толькі для багатых. Чэк у 6 мінскіх стрып-клубах дасягае 100 рублёў у агульнай зале, прыватны танец каштуе 150–300 рублёў.

1895 год. Дзень нараджэння валейбола.

У горадзе Халіоку штата Масачусэтс у спортзале каледжа Асацыяцыі маладых хрысціян інструктар па фізічнай культуры У. Морган прыдумаў новую камандную гульню ў мяч пад назвай “mintonette”. Пазней прафесар А. Хальстэд прапанаваў назву “валейбол” – “лятаючы мяч” (“at the volley” – “на ляту” і “ball” – “мяч”).

Падобныя гульні вядомы былі і раней. Старажытнарымскія легіянеры любілі перакідаць адзін аднаму ўдарамі кулака мяч, падвешаны на вяроўцы.

Першая афіцыйная дэманстрацыя гульні адбылася 7 ліпеня 1896 года на канферэнцыі Саюза хрысціянскай моладзі ў Спрынгфілдзе штата Масачусэтс. Менавіта гэтая асацыяцыя з’явілася актыўным ініцыятарам распаўсюджвання валейбола. У 1900 годзе валейбол выйшаў за межы ЗША. У Беларусі валейбол з’явіўся ў 1910–1920-х гадах.

Першы чэмпіянат Еўропы па валейболе сярод мужчынскіх каманд адбыўся ў Рыме ў 1948 годзе. Упершыню валейбол быў уключаны ў праграму XVIII Алімпійскіх гульняў у Токіа ў 1964 годзе.

1897 год. Стартаваў першы поўны перапіс насельніцтва Расійскай Імперыі. 

Прайшоў па ініцыятыве географа П. Сямёнава-Цянь-Шанскага.

Насельніцтва Беларусі ў сучасных межах склала 6 673 000 чалавек, у тым ліку па гарадах (тысяч чалавек): Мінск – 90,9, Віцебск- 65,9, Брэст – 46,6, Магілёў – 43,1, Гродна – 40,9, Гомель – 36,7,

 

Асіповічы – 0,9,

Бялынічы – 2,2,

Бабруйск – 22,0,

Быхаў –  6,4,

Глуск – 5,3,

Горкі – 6,7,

Дрыбін –  1,2,

Касцюковічы – 0,7,

Клімавічы – 4,7,

Клічаў – 0,6,

Краснаполле – 3,2,

Круглае – 1,6,

Крычаў – 6,2,  

Мсціслаў – 8,5,

Прапойск – 1,0,

Хоцімск – 3,0,

Чавусы – 4,7,

Чэрыкаў – 5,6,

Шклоў – 9,7.

1940 год. У ноч з 9 на 10 лютага ажыццёўлена першая хваля (з чатырох) савецкай дэпартацыі насельніцтва з Заходняй Беларусі.

Дэпартацыі насельніцтва ў аддаленыя рэгіёны СССР – адзін са сродкаў рэпрэсій савецкай акупацыйнай уладай з мэтай знішчэння цэлых пластоў грамадства, патэнцыйна нелаяльных да савецкай улады.

Рэпрэсіям падлягалі людзі перадусім паводле свайго сацыяльнага стану: заможныя сяляне і прадпрымальнікі, інтэлігенцыя, духавенства, супрацоўнікі польскіх органаў улады, польскія асаднікі і іншыя. У савецкай, постсавецкай і польскай гістарыяграфіях гэтыя падзеі прынята абазначаць як “дэпартацыю польскіх грамадзянаў” ці “дэпартацыю палякаў”, хаця большасць дэпартаваных былі карэнныя жыхары Беларусі.

Маёмасць дэпартаваных канфіскоўвалася. Людзям даваліся лічаныя гадзіны на зборы і дазвалялася браць з сабою толькі мінімум асабістых рэчаў. Перавозка сасланых адбывалася пад канвоем у вагонах для быдла, сотні людзей загінулі пад час перавозкі ў бесчалавечых умовах.

У гэтую хвалю 33 749 асаднікаў і 17 561 службоўцаў лясной варты былі адпраўленыя  ў Сібір і Казахстан.

1930 год. Нарадзіўся Валянцін Тарас. 

Беларускі паэт, перакладчык, публіцыст. Падлеткам ўдзельнічаў у партызанскім руху.

 

Працаваў у газеце «Звязда», часопісе «Нёман». У 1968 годзе звольнены з працы «за антысавецкія размовы» і на працягу 8 гадоў яго не друкавалі, не дазвалялі здымаць фільм паводле яго сцэнарыя, не выпускалі за мяжу.

З пачаткам перабудовы быў у Назіральнай радзе Беларускага Фонду Сораса, членам Назіральнай рады Беларускага Хельсінкскага Камітэта, член Беларускага ПЭН-клуба. Адзін з стваральнікаў Хартыі-97.

Аўтар вершаў, шматлікіх зборнікаў паэзіі і кніг аповесцей і апавяданняў, мемуараў, літаратурна-драматычнай кампазіцыі і тэкстаў большасці песень для канцэртнай праграмы «Праз усю вайну» ансамбля «Песняры». Па яго творах здымаліся фільмы на Кіеўскай кінастудыі імя А. Даўжэнкі і на «Беларусьфільме».

Перакладаў п’есы для купалаўскага тэатра, на рускую мову пераклаў шматлікія творы, кнігі, у тым ліку Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Танка, Р. Барадуліна, М. Стральцова, К. Чорнага, Я. Брыля, В. Быкава і іншых.

Памёр 13 лютага 2009 года.

1946 год. Нарадзіўся Эдуард Зарыцкі. 

Беларускі кампазітар. Народны артыст. Кавалер ордэна Ф. Скарыны.

Скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю.

Загадваў музычнай часткай Беларускага тэатра юнага гледача. Працаваў пераважна ў галіне інструментальнай музыкі, масавай і эстраднай песні, тэатральнай і кінамузыкі.

Аўтар больш за 600 песень, цыклаў на вершы А. Міцкевіча, Якуба Коласа і У. Караткевіча, шматлікіх сімфоній, сюіт, канцэрціна для сімфанічанага аркестра, канцэртаў для габоя і валторны, камернага аркестра, камерна-інструментальнай музыкі, музыкі да спектакляў, .

Да гэтага часу папулярнымі з’яўляюцца яго песні «Белыя крылы», «Замова», «Начныя кастры», «Будзьма», «Палыновая ростань», «Лісток календара», «Так прыйшла да нас Перамога».

Памёр 6 чэрвеня 2018 года.

1960 год. Нарадзіўся Міхась Казлоўскі. 

Беларускі краязнавец, грамадскі дзеяч, крытык, публіцыст, выдавец.

Працаваў у Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі, у Цэнтры эстэтычнага выхавання г. Маладзечна, метадыстам Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. 

Заснавальнік клуба беларускай патрыятычнай моладзі «Беларуская хатка», мастацкай гасцёўні Я. Драздовіча, літаратурнага музея У. Караткевіча ў Маладзечне. Адзін са стваральнікаў гісторыка-краязнаўчага аб’яднання «Крывіч». 

Рэдактар-выдавец альманаха «Куфэрак Віленшчыны». Пад яго рэдакцыяй выйшлі кнігі паэзіі, прозы і краязнаўчай публіцыстыкі, шэраг паштовак, прысвечаных дзеячам беларускай культуры. 

Аўтар і ўкладальнік старонак «Куфэрак» у тыднёвіку «Рэгіянальная газета»,  краязнаўчых публікацый, рэцэнзій у перыядычных выданнях.

1991 год. У ЗША памёр ураджэнец г. Ліда Аркадзь Мігдал. 

Савецкі фізік-тэарэтык, акадэмік АН СССР.

Вучыўся у Ленінградскім ўніверсітэце, адкуль яго выгналі ў 1931 годзе за «непралетарскае паходжанне». У 1933 годзе быў арыштаваны, сядзеў у вязьніцы.

З канца 1930-х гадоў вывучаў праблемы ўзаемадзеяння нейтронаў з атамамі. У выніку ім быў развіты арыгінальны метад «устрэсвання», які прынёс аўтару заслужаную вядомасць.

Працаваў у Інстытуце фізічных праблем АН СССР, прафесарам Маскоўскага інжынерна-фізічнага інстытута, у Інстытуце атамнай энергіі, Інстытуце тэарытычнай фізікі. У 1947 годзе быў апанентам на абароне кандыдацкай дысертацыі А. Сахаравым.

Заснавальнік новых кірункаў у ядзернай фізіцы і фізіцы металаў. Даследаваў праблему палярызацыі і вакууму ў моцных магнітных палях.

У навуковы ўжытак увайшлі такія азначэнні, як асаблівасць Мігдала-Кона, скачок Мігдала, канстанта Мігдала.