Дзень у гісторыі. 29 лістапада. «На Мацея зіма пацее». Пачатак Лістападаўскага паўстання. Узарваны Гродзенскі фарны касцёл. Дзень памяці ваяра і пісьменніка Філона Кміта-Чарнабыльскага

Мацей (народны каляндар). 

Менавіта ў гэты дзень здараліся адлігі, адкуль і пайшла народная прымаўка: «На Мацея зіма пацее».

Калі ў гэты дзень моцны вецер, то аж да Міколы зімовага (19 снежня) быць завірухам, завеям.

1587 год. Памёр Філон Кміта-Чарнабыльскі. 

Вялікалітоўскі дзяржаўны і вайсковы дзеяч, пісьменнік. Староста аршанскі, ваявода смаленскі (з 1579).

У вайне з Масковіяй, у 1562 годзе, на чале атраду з 300 конных разбіў пад Чарнігавам 2000 рускіх, а на чале 1400 кавалерыстаў, узяў штурмам Чарнігаў, разбіў маскоўскі атрад на рацэ Сноў.

У 1564 годзе праявіў сябе ў баях пад Полацкам, Смаленскам, у 1565 годзе правёў рэйд па Севершчыне, у 1568  – па Смаленшчыне. Выцягнуў частку смаленскай залогі і разбіў яе ў полі. Пасля спустошыў тэрыторыю Масковіі ажно да Вязьмы.

За свае заслугі ад караля Жыгімонта Аўгуста атрымаў замак і места Чарнобыль з ваколіцамі (адсюль другая частка прозвішча) і Аршанскае староства.

У 1581 захапіў Холм, правёў рэйд на Вялікі Ноўгарад, захапіў Старую Русу, правёў смелую атаку на Ржэў, непасрэдна пагражаючы Івану Жахліваму.

Аўтар лістоў на старабеларускай мове з выкарыстаннем прыказак і прымавак, народных сродкаў гумару і сатыры – помніка старабеларускай эпісталярнай літаратуры XVI стагоддзя.

Частка лістоў надрукавана ў зборніку «Zrzódła do dziejów polskich» у 1848 годзе.

1662 год. Злачынна забіты Вінцэнт Гасеўскі

Дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.

Стольнік, падскарбі вялікі літоўскі, гетман польны літоўскі, генерал артылерыі.

Адміністратар Алыцкай і Магілёўскай эканоміяў.

У вайну 1648-1651 гадоў з казакамі, удзельнічаў ва ўзяцці Пінска, аблозе Бабруйска, бітве пад Лоевам. У 1651 годзе ў бітве пад Чарнобылем разбіў казацкае войска палкоўнікаў Антонава і Адамовіча.

Удзельнік вайны з Масквіяй 1654-1667. У Кейданах падпісаў шведска-літоўскую унію, хаця выступіў за захаванне уніі ВКЛ з Каралеўствам Польскім.

У 1656 годзе на асабістыя сродкі сабраў некалькі харугваў і ў змаганні са шведамі дайшоў да Варшавы. 8 кастрычніка 1656 пад Просткамі дашчэнту разбіў брадэнбургскае і шведскае войска, у 1658 змагаўся са шведамі на Інфлянтах і Жамойці.

Увосень 1658 у бітве з маскоўскім войскам пад Вільняй трапіў у палон. Больш за тры гады правёў у няволі ў Маскве.

Злачынна забіты ўзбунтаванымі салдатамі пад Астрыном у Лідскім павеце пад час перамоў.

wikimedia.org

1825 год. Памёр Зарыян Даленга-Хадакоўскі. 

Беларускі археолаг, фалькларыст, этнограф, дыялектолаг.

Арыштаваны царскімі ўладамі ў 1809 году за выказванні прыхільнасці да антыпрыгонніцкіх ідэй Напалеона. Зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці,  пазбаўлены шляхецтва і накіраваны жаўнерам у Омск, потым ў Бабруйскую крэпасць.

У 1811 годзе ў Бабруйску імітаваў утапленьне і ўцёк у Варшаву, дзе ўступіў у францускую армію.

Падарожнічаў па Беларусі, Польшчы, Украіне, працаваў у архівах і бібліятэках, даследаваў гарадзішчы ў Полацку, Віцебску, Тураве, Бабруйскім павеце, каля Магілёва і іншых, рабіў запісы фальклору, абрадаў, мясцовых дыялектаў. 

14 снежня 1818 года ўпершыню ў Беларусі атрымаў ад Віленскага ўніверсітэта адкрыты ліст на права раскопак.

Адным з першых абгрунтаваў ідэю славянскай агульнасці ў дагістарычны час.

Заснавальнік гістарычнай геаграфіі ў Беларусі, першым пачаў складаць «Славянскую геаграфію», першым узяўся за вывучэнне старажытных шляхоў зносінаў.

Яго фальклёрны архіў паралельна са зборам серба Вука Караджыча — першы і найбагацейшы збор фальклору славянскіх народаў.

Шырокую вядомасць яму пренесла кніга «Пра славяншчыну да хрысьціянства» і іншыя працы.

1830 год. У Варшаве пачалося ўзброенае Лістападаўскае паўстанне (Руска-польская вайна). 

Паўстанне ў Царстве Польскім, Беларусі і Літве ў 1830-1831 гадах за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Баявыя дзеянні з боку паўстанцаў вяліся ад імя Сейма і Урада Царства Польскага.

Паўстанне выбухнала ў сувязі з намерам Мікалая I паслаць польскае войска на падаўленне рэвалюцыі ў Францыі і Бельгіі. Сейм заклікаў да паўстання насельніцтва ўсіх тэрыторый былой Рэчы Паспалітай. 

У студзені 1831 года князь Адам Ежы Чартарыйскі стаў старшынёю польскага Нацыянальнага Урада, сейм прыняў акт аб пазбаўленні Мікалая I і членаў яго сям’і правоў на польскі трон.

На пачатку жніўня 1831 года на ўсёй тэрыторыі Беларусі паўстанне было падаўлена. Пасля чаго былі зачынены Віленскі ўніверсітэт (да 1904), на Полацкім царкоўным саборы скасавана (1839) унія з аўтаматычным пераводам усіх уніятаў у праваслаўе, скасавана (1840) дзеянне Статута 1588 года, пачалося ўзмацненне палітыкі русіфікацыі беларускіх земляў.

1859 год. Нарадзіўся Мікалай Янчук. 

Пісьменнік, этнограф, фалькларыст, літаратуразнавец, антраполаг.

Вывучаў гарадзішчы на Койданаўшчыне. Працаваў у Маскоўскім універсітэце, прафесарам кафедры беларускай літаратуры і этнаграфіі БДУ.

Адзін з заснавальнікаў часопісу «Этнографическое обозрение».

У 1918-1921 гадах чытаў курс беларускай і ўкраінскай літаратур у Маскоўскім універсітэце, удзельнічаў у рабоце камісіі па арганізацыі БДУ.

Член Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве, супрацоўнічаў з Беларускім нацыянальным камісарыятам і Беларускім пададдзелам аддзелу асветы нацыянальных меншасцяў Народнага камісарыяту асветы РСФСР.

Пісаў на беларускай, польскай і рускай мовах, на палескай гаворцы.

Памёр 6 снежня 1921 года.

wikimedia.org

1914 год. Нарадзіўся Мікалай Міцкевіч. 

Фізікахімік, акадэмік АН Беларусі. Доктар хімічных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навук.

Працаваў у Інстытутах хіміі, фізыка-арганічнай хіміі, акадэмікам-сакратаром Аддзялення хімічных і геалагічных навук АН Беларусі.

Вёў даследаванні  па вывучэнні кінэтыкі працэсаў акіслення арганічных рэчываў. Устанавіў механізм спалучанага з акісленнем дэкарбаксіліравання смаляных, мона- і дыкарбонавых кіслот, іх этэраў і іншых вытворных. Распрацаваў метады сінтэзу двухатамных фенолаў і галагенавытворных араматычных кіслот.

Памёр 30 лістапада 1969 года.

1938 год. НКУС была расстраляна Палута Бадунова

Беларускі палітык, дзеяч беларускага нацыянальнага руху. 

Скончыла вучэльню ў Буйнічах каля Магілёва, пасля чаго вытрымала іспыты на годнасць хатняй настаўніцы рускай мовы і геаграфіі.

Член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады, дэпутат Петраградскага Савета рабочых і сялянскіх дэпутатаў, член рэвізійнай камісіі Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый у Мінску. Удзельніца І Усебеларускага з’езда.

Член Народнага сакратарыята БНР, займала пасаду народнага сакратара апекі. Намеснік старшыні Народнай Рады БНР.

У 1937 г. арыштавана НКУС, прыгаворана да 10 гадоў лагераў.

wikimedia.org

 1938 год. Расстраляны НКУС Браніслаў Тарашкевіч

Беларускі мовазнавец, палітык, пісьменнік, перакладчык. Кандыдат філалогіі. Акадэмік АН Беларусі.

Аўтар першай агульнапрынятай граматыкі беларускай мовы.

Адзін з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады. 

Аўтар праекта аўтаноміі Беларусі. За грамадска-палітычную дзейнасць у Заходняй Беларусі пазнаў пераслед польскіх уладаў. У верасні 1933 года быў абмяняны на вязня Салавецкага лагера, беларускага драматурга Ф. Аляхновіча. 

У СССР працаваў  загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце ў Маскве.

6 траўня 1937 года арыштаваны, 5 студзеня 1938 «двойкай» НКУС і Пракуратуры СССР прыгавораны да расстрэлу.  Даследчык Л. Маракоў мяркуе,  Тарашкевіч загінуў у часе катаванняў.

Даследчык грамат XII стагоддзя, гістарычнай граматыкі беларускай мовы. Аўтар першай «Беларускай граматыкі для школ» – галоўнага падручнікама па беларускай мове ў часы беларусізацыі 1920-х гадоў.

Пераклаў на беларускую мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча.

Імем вучонага названы вуліцы ў Маладзечне, Радашковічах, Мінску, ліцэй у польскім Бельску Падляскім. У Вільнюсе ўсталявана памятная дошка.

wikimedia.org

1943 год. Паводле аператыўнай зводкі Саўінфармбюро на працягу 29 лістапада паміж рэкамі Сож і Днепр, на паўночны захад ад Гомеля, савецкія войскі з баямі занялі больш за 40 населеных пунктаў. Сярод іх буйныя населеныя пункты Чамышэль, Наркаўшчына, Дубовіца, Ветвіца, Дзербічы, Гаўлі, Наспа, Ясная Паляна, Ялянец, Кленавіца, Смычок.

Паміж рэкамі Днепр і Бярэзіна войскі занялі населеныя пункты Шыхава, Стрэшын, Ліпы, Марс, Першамайскі, Касакоўка, Ляды, Заброддзе.

1949 год. Памёр у ГУЛАГу Адам Станкевіч. 

Беларускі каталіцкі святар, грамадскі і культурны дзеяч, асветнік, культуролаг, выдавец і публіцыст.

Скончыў рымска-каталіцкую духоўную акадэмію ў Петраградзе. Святар з 1914 года. У Петраградзе ўзначальваў беларускі гурток, супрацоўнічаў з беларускім газетамі «Светач», «Дзянніца», «Гоман».

Адзін з заснавальнікаў і лідараў Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці, адзін з ініцыятараў правядзення з’езда беларускага каталіцкага духавенства ў Мінску (1917).

Адным з першых перайшоў да казанняў на беларускай мове пры правядзенні набажэнстваў.

Пасол польскага сейма, намеснік старшыні Беларускага пасольскага клуба. Адстойваў нацыянальныя, сацыяльныя і рэлігійныя правы заходне-беларускага насельніцтва. За дабрачынную дзейнасць яго называлі «вялікім філантропам».

Аўтар літаратурных партрэтаў дзеячаў айчыннай гісторыі і культуры, кніг і брашур з распрацоўкай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі, кнігі «Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі». 

Адмаўляў палажэнне пра гвалтоўнае далучэнне заходне-рускіх зямель да ВКЛ. 

Пытанні гісторыі беларускага народа разглядаў у працах «Вітаўт Вялікі і беларусы», «Кастусь Каліноўскі: “Мужыцкая праўда” і ідэя незалежнасці Беларусі», «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення». Даследчык нацыянальнай асветы, беларускага нацыянальнага адраджэння. Аўтар падручніка па айчыннай гісторыі для пачатковай школы.

У 1949 годзе (у другі раз) арыштаваны, асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі, сасланы ў лагер у Іркуцкую вобласць, дзе і памёр.

wikimedia.org

1961 год. У ноч з 29 на 30 лістапада па загаду гродзенскіх камуністаў расійскімі сапёрамі ўзарваны Гродзенскі фарны касцёл. 

Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Фара Вітаўта — каталіцкі храм, збудаваны ў 1389 годзе ў гатычным стылі. Пазней неаднаразова перабудоўваўся пры Аляксандры, карелеве Боны. У 1584-1587 гадах замест драўлянага храма па загадзе Стэфана Баторыя побач быў узведзены новы мураваны храм. У 1804 годзе касцёл перароблены пад праваслаўную царкву, набыў рысы класіцызму і пазней пераасвячоны ў сабор Святой Сафіі. Да 1899 года перабудаваны ў псеўдарускім стылі.