Дзень у гісторыі, 27 мая. 388 гадоў таму беларусы адстаялі Смаленск, а ў 1989-ым адбыўся першы конкурс «Міс Магілёў»

27 мая 1606 года ў Маскве выбухнула паўстанне супраць цара (1605-1606) Дзмітрыя Самазванца I (кан. XVI ст.-1606) і шляхцянкі, царыцы Марыны Мнішак (1588-1614, адзіная каранаваная жанчына ў Расіі да Кацярыны I).

Паўстанне прывяло да забойства Дзмітрый і 524 выхадцы з Рэчы Паспалітай, галоўным чынам, з Беларусі.

Мнішак пазней стала жонкай цара (1607-1610) Дзмітрыя Самазванца II. У выніку гэтай і наступных падзей, на маскоўскі трон быў абраны кароль і вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Уладзіслаў ІY Ваза.


27 мая 1634 года ў сяле Сямлёва (Смаленская вобласць, Расія) пачаліся перамовы між прадстаўнікамі Рэчы Паспалітай і Масковіяй аб заканчэнні Смаленскай вайны 1632-1634 гадоў.

«Палянаўскі мір» быў заключаны 4 (14) чэрвеня 1634 году. Тады прэтэнзіі маскавітаў на Смаленск не былі задаволеныя.

Да Масковіі адышоў толькі Сярпейск. Паводле дамовы кароль і вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Уладзіслаў IV Ваза (1595-1648) адмовіўся ад далейшых прэтэнзіяў на маскоўскі трон.

Маскоўскім царом ён быў у 1610-1634 гадоў.


27 мая 1871 года ў вёсцы Кульшыцы (Слаўгарадскі раён) нарадзіўся Ісак Сербаў (1871–1943), этнограф, фалькларыст, археолаг, краязнавец, фатограф, Правадзейны член геаграфічнага таварыства і Інстытуту беларускай культуры.

Настаўнічаў шмат дзе, напрыклад, у Вільні, Мінску, Хоцімску. У 1910-1913 гадах арганізаваў этнаграфічную экспедыцыю геаграфічнага таварыства па вывучэнні творчасці і матэрыяльнай культуры беларусаў.

Узначальваў работы па збіранні і ахове помнікаў, кафедру этнаграфіі БДУ.

Сабраў багатыя калекцыі народнага адзення, мастацтва, на падставе якіх быў выдадзены альбом «Беларускае народнае мастацтва» (1951).

Першым сабраў вялізную фотатэку з фіксаваннем тыпаў адзення на Палессі, жытла, гаспадарчых пабудоў, рамесных вырабаў.


27 мая 1897 года ў Магілёўскай Васкрасенскай царкве (не захавалася) з ініцыятывы Еўдакіма Раманава быў адкрыты царкоўна-археалагічны музей, як епархіяльнае сховішча.

У музеі была экспазіцыя на 140 кв. м прыдатная для правядзення экскурсіяў. Музей працаваў штодня і бясплатна.

У 1904 годзе ў музеі было 6000 экспанатаў. Вялікую каштоўнасць уяўлялі 26 каралеўскіх прывілеяў XVI-XVIII стагоддзяў, грамата Стэфана Баторыя на магдэбургскае права Магілёву 1577 году, інвентар гораду, замка і воласці 1604 году.

Музей зачынілі ў 1918 годзе і ў 1919 г. усе экспанаты перададзены Магілёўскаму губернскаму музею.


27 мая 1895 года нарадзіўся Ігнат Дварчанін (1895-1937), беларускі грамадска-палітычны дзеяч, скарыназнаўца, навуковец, паэт, пісьменнік, доктар філасофіі.

Удзельнік Першай сусветнай вайны, падпаручнік, быў членам Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, сакратаром культурна-асветніцкага аддзелу Беларускім нацыянальным камітэце камісарыянт у Маскве, Віленскага Беларускага нацыянальнага камітэту, Цэнтральнай беларускай школьнай рады.

Ён быў укладальнікам «Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры» (1927). У 1930 г. рэпрэсаваны польскімі ўладамі (8 год турмы), але ў 1932 г. трапіў пад абмен палітвязнямі паміж СССР і Польшчай.

Працаваў у акадэміі навук БССР у камісіі вывучэння Заходняй Беларусі, выконваў абавязкі дырэктара Інстытуту мовазнаўства.

Арыштаваны ў 1933 годзе. Высланы на Салаўкі, расстраляны 8 снежня 1937.

Загінуў у лагерах і ягоны родны брат Іларыён Дварчанін, беларускі грамадскі дзеяч Ігнат Дварчанін.


27 мая 1896 года нарадзіўся Міхась Філіповіч (1896-1947), беларускі жывапісец, графік, этнограф, педагог, адзін з першых айчынных мастакоў, хто звярнуўся да нацыянальнай тэматыкі.

Вялікую значнасць маюць замалёўкі народнай вопраткі, зробленыя Філіповічам на Міншчыне, Случчыне, Магілёўшчыне, Палессі. Творы Філіповіча вызначаюцца яркім нацыянальным каларытам, самабытнасцю.


27 мая 1957 года нарадзіўся этнічны беларус Алег Латышонак, беларускі і польскі гісторык, доктар гістарычных навук, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы, аўтар і суаўтар кніг і падручнікаў «Гісторыя Беларусі ад паловы XVIII да канца XX ст»., «Ад белых русаў да беларусаў» (аб фарміраванні беларускай народнай тоеснасці), «Жаўнеры БНР», «Нацыянальнасць – Беларус» (асвятляюцца пытанні этнагенезу беларусаў).

Узнагароджаны Кавалерскім крыжам ордэна Адраджэння Польшчы.

pics.livejournal.com


27 мая 1989 года ў Палацы культуры ВА «Хімвалакно» прайшоў першы ў гісторыі гораду конкурс «Міс Магілёў-89». Пераможцай стала Ларыса Каўдобіна.

фота: wikimedia.org