Алеся Буневіч, жонка бялыніцкага актывіста Алега Мяцеліцы дала вялікае інтэрв’ю “Нашай Ніве”, у якім распавяла пра катаванні падчас затрымання, Сяргея Ціханоўскага і сваю справу ў кампаніі з “рэйкавымі партызанамі” з Бабруйска.
Алеся Буневіч называе сябе актывісткай з часоў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2010 годзе. У 2011 годзе яна сустрэла свайго будучага мужа Алега Мяцеліцу з Бялыніч, які вымушаны быў пакінуць Беларусь і доўгі час жыў у Літве. У 2020 годзе пара была ў Беларусі і ўдзельнічала ў пратэстах. Пазней, у 2021-м Мяцеліца зноў пакінуў краіну. Алеся Буневіч жыла разам з ім у Вільні, дзе распачала свой бізнэс – краму вырабаў з нацыянальнай сімволікай «А2.print».
У красавіку 2022 года Алеся Буневіч вярнулася ў Беларусь. Прычын было некалькі – прайшоў год з моманту смерці яе маці, таксама жанчына збіралася вырашыць пытанні па сваёй машыне. Але таксама ў яе была мэта дапамагчы беларускім актывістам, якія перажываюць пераслед, пакінуць краіну.
– Я ехала [яшчэ] і таму, што мусіла глядзець месца для людзей, якія пераходзяць мяжу. – распавяла Алеся Буневіч – Гэта былі абстрактныя людзі, трэба было рабіць нешта накшталт выведкі. А потым вырашылі, што можна кагосьці і пераправіць. Здавалася, што можа пайсці не так? Я проста страхую людзей, я была ў памежнай зоне, але нічога не парушала. Але КДБ вырашылі правесці сваю аперацыю.
Спробы беларускага КДБ закрыць магчымасць для эміграцыі беларусаў пад пераследам праз неахоўныя часткі беларуска-літоўскай мяжы адбываліся яшчэ ў 2021 годзе. Напрыклад, у версані гэтага года сілавікі затрымлівалі групу асоб, якія нібыта дапамагалі беларусам трапіць у Літву. Сярод людзей, якіх называлі ў якасці каардынатараў гэтага працэсу, фігураваў таксама Алег Мяцеліца.
У кастрычніку 2022 года падчас разведкі на літоўска-беларускай мяжы затрымалі Алесю Буневіч. Пазней яе абвінавачвалі ў «здзяйсненні акту тэрарызму групай асобаў па папярэдняй змове» ў рамках справы “рэйкавых партызан”.
Алеся мяркуе, што яе затрыманне можа быць звязанае з самімі «рэйкавымі партызанамі», з тым, што яны пайшлі на супрацоўніцтва з КДБ і ад іх імя ажыццяўлялася спецаперацыя сілавікоў. Дзяўчына падкрэслівае, што не мае да партызанаў ніякіх прэтэнзій.
Яе затрымалі ў памежнай зоне Гродзенскай вобласці, проста на дарозе:
“Паспела напісаць мужу, што адбываецца нешта дзіўнае. Праехала адна машына, другая, потым машына развярнулася і пакружыла, другая машына вярнулася, і сілавікі з другой мяне затрымалі. Хлопцы ў той машыне запыталі дарогу, я падумала, што гэта хутчэй за ўсё тыя самыя, хто мне трэба. Пачала ім нешта казаць, яны выскачылі і схапілі мяне.
Схапілі, пасадзілі паміж сабой у машыну, пачалі трошкі біць па рэбрах і пагражаць нажом, каб дала паролі ад тэлефона. Я тады не разумела, хто гэта, але ў нейкі момант пачала ўсведамляць, што я ў цэнтры нейкай аперацыі. Яны зразумелі, што маё затрыманне ў нейкім сэнсе сарвала ім планы, яны не змаглі дамагчыся сваіх мэтаў і зняць патрэбную карцінку — здаецца, ім трэба былі кадры з літоўскімі памежнікамі”.
Чалавек у чорных скураных пальчатках
Алесю прывезлі на паляну ў лесе, зладзілі вочную стаўку з іншым затрыманым. А потым пачаўся допыт:
“Мяне ў жыцці ніколі не білі, а тут збівалі так, што незразумела было, як так можна. Там былі ўдары электрашокерам, кропкавае збіццё па рэбрах і нагах, і самае складанае і жорсткае: чалавек у чорных скураных пальчатках задаваў пытанні, і калі я не адказвала, то душыў, пакуль не страчу прытомнасць.
Гэта паўтаралася некалькі разоў, і ў нейкі момант я падумала, што гэтая паляна стане апошнім месцам, дзе мяне бачылі жывой, і ніхто нават не даведаецца, дзе мяне закапалі. Ад мяне патрабавалі звесткі, якія я не ведала: пыталіся, “дзе іншыя тэрарысты”, “хто яшчэ ў вашай бандзе”. Якой бандзе? Вы што, п’яныя?”
Спачатку Алеся праходзіла па справе бабруйскіх «рэйкавых партызан», якую вёў магілёўскі КДБ, таму яе павезлі ў магілёўскі ІЧУ. Яна прызнаецца: не ўяўляла, што праз два гады пасля выбараў можа быць такое стаўленне да палітзняволеных.
“Ноччу маглі па пяць разоў будзіць, ты мусіш падбегчы да кармушкі і здаць рапарт – хто ты і па якім артыкуле абвінавачваешся. Мне да канца не выставілі абвінавачванне, але я мусіла казаць, што ў мяне артыкул — тэрарызм. Былі бясконцыя голыя шмоны. Мяне затрымалі падчас менструацыі, і гэта быў асобны здзек – не давалі гігіенічных сродкаў, нават паперу.
Мяне спачатку дапытвалі ў КДБ. Цябе прывозяць у светлы прыгожанькі будынак з класным рамонтам, на кожным паверсе там бюст Фелікса Эдмундавіча, ты ходзіш у нармальную прыбіральню. А потым цябе вяртаюць у ІЧУ, і там да цябе проста як да жывёлы ставяцца, і гэта маладыя дзяўчаты. Цябе распранаюць, даглядаюць са знявагай, штурхаюць” – успамінае яна.
Магілёўскі КДБ перакваліфікаваў з тэрарыстак у парушальніцы
Алеся расказала “Нашай Ніве”, што яе шантажавалі бяспекай сына, прапаноўвалі падпісаць дазвол на вывоз сына з Літвы – маўляў, тады ёй дадуць да суда хатні арышт і зменшаць тэрмін. Спрабавалі выманіць з Літвы яе мужа Алега Мяцеліцу.
Артыкул Алесі ў выніку перакваліфікавалі – замест абвінавачвання ў тэрарызме яна атрымала абвінавачванне ў наўмысным незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы, а гэта нашмат меншы тэрмін. Дзяўчыну перавезлі ў гродзенскую турму №1 – у Гродне вялі яе справу і прысудзілі ёй 3,5 года зняволення, якія пасля амністыі ператварыліся ў 2,5 года.
У этапе на Гродна Алеся ехала разам з Сяргеем Ціханоўскім:
“Я праходзіла міма яго ў прыбіральню. Мусіла нешта яму сказаць, і не знайшла нічога лепшага, як «Прывітанне ад экстрэмістаў Маладзечна!». Проста дурніца, як можна было такое ляпнуць?! Вяртаюся, і ён запытвае, па якой я справе праходжу. А я яшчэ не адвыкла ад свайго артыкула па тэрарызме, дык і кажу яму, такая дзяўчынка ў акулярчыках і з коскамі — тэрарызм!
Ён быў схуднелы, змарнелы тварам, меў зямлісты колер твару. Каб не голас і размова пра грошы за канапай, я б яго, напэўна, не пазнала. Гэта быў дзень яго народзінаў, 18 жніўня, яго этапавалі ў крытую турму ў Жодзіна. Для мяне гэтая сустрэча была класным знакам, што ўсё будзе добра. Сяргей вельмі баявы, хаця і глядзець на яго было балюча, але ўнутраная моц адчувалася ў размове з канваірамі, якую я трохі чула. Ён не апускае рукі, дык чаму я мушу?”
У траўні 2024 года Алеся Буневіч выйшла з турмы. У яе быў прэвентыўны нагляд, але з дапамогай фонда “Bysol” жанчыне ўдалося пакінуць Беларусь і ўз’яднацца з сям’ёй.
Фота: “Наша Ніва”