Беларусі сом: волат аднаасобнік, з якім вудары сутыкацца на глыбіні асцерагаюцца

У беларускага сама пачаўся нераст. Да 1 ліпеня вудзіць яго забаронена. Нават, калі выпадкова рыбіна трапіла на кручок, яе трэба вярнуць у родную стыхію. Абмежаванні ўведзеныя дзеля захавання папуляцыі сама.

 

Сом – удача для рыбака

Сом у Беларусі лічыцца самай вялікай рыбінай. Ёю заселеныя мясцовыя рэкі, некаторыя буйныя азёры ды вадасховішчы.

Прыродазнаўцы адзначаюць, што ўсюды яна рэдкая. Гэта пацвярджаюць і вудары. Не многія з іх могуць пахваліцца тым, што ім удавалася яе злавіць.

Адзін з магілёўскіх рыбакоў са скрухаю згадвае: на кручок трапляўся сом, пра гэта ён здагадаўся па характэрных паводзінах завудзінай рыбіны, але выцягнуць на бераг яму яе не ўдалося.

image.jimcdn.com

Другому пашанцавала болей. У Прыпяці ён падчапіў 7 кілаграмовага сама. Змагаўся, каб выцягнуць яго на бераг дзве гадзіны.

«Хацеў ужо кінуць, але дапамаглі іншыя рабакі, – апавядае ён. – Стаміўся ад змагання, але стаў тады героям, бо быў, ці не адзіным рыбаком, каму такое шчасце ўсміхнулася. Давялося памагатым прастаўляцца».

Яшчэ адзін магілёўскі вудар кажа, што вялікіх самоў бачыў толькі на фотаздымках ды чуў гісторыі пра іх ад іншых рыбакоў. Па ягоных словах даводзілася яму вылоўліваць колькі разоў «невялікіх» да 5 кілаграмаў, але ведаючы, што рыбіна рэдкая адпускаць яе.

 

Самовыя рэкорды

Як раз самы да 5 кілаграмаў гэта звыклы ўлоў рыбака, якому пашчасціла займець такую рыбіны. Значна радзей на кручок трапляе сом да 15 кілаграмаў.

У 2011 годзе жыхар вёскі Белавуша, што на Берасцейшчыне, на рацэ злавіў сама спінінгам вагою ў 51,5 кілаграмы.

image.jimcdn.com

У Беларусі вядомыя выпадкі, калі рыбакі на Дняпры лавілі самоў да 96 кілаграмаў. А па-за межамі нашай краіны вудзілі рыбіну даўжынёю да 5 мэтраў і вагою да 300 кілаграмаў.

Афіцыйна зарэгістраваны злоўлены сом вагой 306 кілаграмаў даўжынёю больш за тры мэтры і ўзростам блізу 80 гадоў.

У вадаёмах Беларусі ўловы сама малыя і не перавышаюць 1 працэнту ад агульнага ўлову. Найбольшы адзначаны ў 1946 годзе – 16 тон. Ад 1963 да 1966 году – вылоўлівалі ад 8 да 15 тон. Ад 1968 году ўловы значна зменшыліся. У 1971-80 у сярэднім выцягвалі самоў да 0,3 тон у год.

Планамерныя захады абароны і абмежаванняў на злоў у Любанскім вадасховішчы ў 1980-гадах сфармавалася ўнікальная папуляцыя сама, а доля яго ўлову сягнула 50 працэнтаў ад агульнага. Гэта дазволіла рассяліць сама ў іншыя вадасховішчы краіны.

 

Асаблівасць жыцця самоў

Рыбаку, які хоча ўлавіць сама, варта быць асцярожным і быць спрытным. Трапіўшы на кручок гэтая рыбіна дужа супраціўляецца. Мяса сама тлустае і далікатнае.

Палавая даспеласць у сама надыходзіць, калі ён важыць да 1,5 кілаграмы, даўжынёю да 60 сантыметраў. У 10-гадовым узросце рыбіна важыць да 8 кілаграмаў і мае даўжыню блізу мэтра.

image.jimcdn.com

Сом аднаасобнік і рэдка пакідае «мясцінку прапіскі». Трымаецца на глыбокіх і захламленых карчамі, каранямі дрэваў ямінах.

Да глыбокай старасці жыве ў адной яміне і толькі ачуняўшы ад зімовай спячкі, каб знайсці сабе сяброўку выбіраецца «у людзі». Нерасьціцца ў прыбярэжных мясцінах у густых падвоеных багавіннях. Для сваіх нашчадкаў на глыбіні да паўметра робіць гнездзейка.

Па нерасце вяртаецца на радзіму ў сваю яміну. Цягам году ўзмоцнена харчуецца, каб перазімаваць у спакоі.

 

Вынікі сутыкнення з самом не прадказальныя

Сом актыўны надвячоркам і ноччу. Кормяцца пераважна рыбай, а паколькі не могуць хутка плаваць, то палююць з схованкі.

wildlife.by

Апісаныя выпадкі нападу буйных самоў на людзей. У XVI–XVIII стагоддзяў, калі ў страўніках рыбіны, вылаўленай у Дунаю, знаходзілі чалавечыя парэшткі. Невядома, аднак, ці сапраўды загінулыя сталі ахвярамі самоў, альбо рыба спажывала трупы людзей.

Адшукаць падобныя гісторыі з беларускімі самамі ў адкрытых крыніцах не ўдалося. На думку мясцовых рыбакоў, такія «легенды» перакачавалі ў Беларусь з іншых краёў. Вудары, аднак, прызнаюцца, што апынуцца на глыбіні сам на сам з самом не хацелі б. Паводле іх гэтая рыбіна моцная і агрэсіўная, нягледзячы на сваю павольнасць. Траўмаваць можа ўдарам хваста, ці атакаваць усім сваім целам. Вынікі такога сутыкнення не прадказальныя.