Помнік архітэктуры, які перажыў нацысцкую акупацыю, не вытрымаў абыякавасці сучаснікаў.
Мсціслаў з кожным годам замацоўвае за сабой сумнеўную славу лідара знішчэння архітэктурных помнікаў на Магілёўшчыне. Яшчэ не прайшоў шок ад разбурэння касцёлу езуітаў, як стала вядома пра знішчэнне апошняй мсціслаўскай сінагогі.
Будынак бажніцы быў узорам мураванага яўрэйскага правінцыйнага дойлідства. Але не меў ахоўнага статусу
Будынак сінагогі не быў унесены ў Рэспубліканскі спіс гісторыка-культурных каштоўнасці Беларусі. Мясцовая ўлада не парупілася, каб у яго быў ахоўны статус. Паколькі ён яго не меў, то Таварыства аховы помнікаў не ведала пра намеры яго знішчыць. Мсціслаўскай грамадскасці пра тое стала вядома ў самы апошні момант. Нягледзячы на звароты краязнаўцаў у раённую адміністрацыю з просьбай адкласці разбурэнне старажытнага будынку ён усё ж быў знесены.
Мураваны будынак былой бажніцы стаяў на вуліцы Леніна, якая вядзе ад гарадскога цэнтру да кагальнага калодзежа. Назва тутэйшай крыніцы нагадвае пра яўрэйскую спадчыну.
Знішчаную сінагогу пабудавалі ў пачатку ХХ стагоддзя. Яна была ўзорам мураванага яўрэйскага правінцыйнага дойлідства. Будынак перажыў нацысцкую акупацыю, калі вынішчаліся не толькі яўрэі, але і памяць пра іх.
Мясцовыя жыхары цвердзяць, што знесеная будыніна была ў неблагім стане, аднак вымагала рамонту і рэстаўрацыі. Бажніца пуставала і заставалася працяглы час безгаспадарнай.
Замест бажніцы – мыйня
Паводле навукоўца Алега Трусава, бажніца стаяла на тэрыторыі колішняга сярэднявечнага гарадскога пасаду. Каля яе знаходзяць мноства артэфактаў. Паколькі новы гаспадар распачаў земляныя работы, то археолагам варта тэрмінова арганізаваць нагляд за іх правядзеннем. Пакуль жа спецыялістаў там не заўважалі.
Па словах мясцовых жыхароў, улады ціхенька правялі тэндар і прадалі будынак сінагогі за адну базавую велічыню.
«Каб пра гэта было шырока вядома, мы б самі набылі будынак і даглядалі б яго, а можа выкупілі б яго самі яўрэі. Быў нават праект з канкрэтнымі прапановамі размяшчэння ў ім галерэі з работамі тутэйшых мастакоў», – з сумам канстатуе адзін з мясцовых актывістаў.
«Але, працягвае ён, тады кошт будынку быў празмерна высокім. Цяпер жа яго прадалі за нішто. Складаецца ўражанне, што яго наўмысна так доўга прыхоўвалі, каб прадаць за сімвалічныя грошы сваім людзям. А як толькі мы пачалі пратэставаць, то адразу ж яго і знеслі. Цяпер нібыта плануюць тутака пабудаваць мыйню аўтамабіляў»
«Улада жыве асобна ад людства», лічыць яшчэ адзін мсціславец. Ён мяркуе, што людзі ні на што не ўплываюць і таму “маем такія абуральныя вынікі”.
На святы грошы хапае на рэстаўрацыю не
Звычайна ўлады ў выпадку разбурэння ці заняпаду старажытных будынкаў спасылаюцца на недахоп грошай. У Мсціславе ж іншая сітуацыя. Тут узвялі цэлы драўляны замак на замкавай гары, які стаў турыстычным аб’ектам.
Чаму фінансавання хапае на святы і на новабуды, а бракуе на захаванне сапраўдных аўтэнтычных помнікаў. Гэта пытанне хвалюе рупліўцаў захаваньня архітэктурных славутасцяў Мсціслава.
Мсціслаў стаў адным з лідараў у краіне па колькасці знішчаных архітэктурных помнікаў. Рэстаўрацыя кармеліцкага касцёла прыпынілася яшчэ ў пачатку 1990-х. Яго фрэскі паціху знішчаюцца. У першы год ХХІ стагоддзя да свята пісьменства ўлады разбурылі некалькі драўляных і мураваных помнікаў. Сцены езуіцкага касцёла разбурыліся ў 1917 годзе з-за неправядзення супрацьаварыйных і ахоўных работ. Ў 2022 годзе разбурылі апошнюю сінагогу.
Гісторыя мсціслаўскага габрэйства сыціла
Мсціслаў, як і большасць гарадоў і мястэчак Беларусі здаўна быў вядомым цэнтрам пражывання яўрэйскай грамады. Паводле перапісу 1897 года ў Мсціслаўскім павеце пражывала каля ста тысяч жыхароў, з іх яўрэяў 16733, а ў самім Мсціславе жыло 5076 яўрэяў з 8514 жыхароў гораду. Яўрэйская грамада жыла сваім жыццём, што адлюстроўвалася і ў будынках. У 1910 у Мсціславе было 11 пераважна драўляных сінагог, прыватнае жаночае вучылішча, могілкі, а ў 1912 утварылася яшчэ і яўрэйскае пазыкова-ашчаднае таварыства.
Паступова ў ХХ стагоддзі мясцовая абшчына зменшылася, але па сябе ў спадчыну беларусам пакінула не толькі знакаміты кагальны калодзеж пад Мсціслаўскім замкам, але і некалькі будынкаў сінагог. Яны б і сёння маглі ўпрыгожваць горад, але правядзенне свята пісьменства ў 2001 годзе дало мясцовай уладзе падставы для наўмыснага разбурэння самай вялікай і адметнай Мсціслаўскай сінагогі. У арганізатараў свята да яе рэстаўрацыі рукі не дайшлі, і ім лягчэй было знішчыць помнік архітэктуры, чым займацца яго адраджэннем.