Таксама яго чакае вялізны штраф, бо ў Беларусі гандаль крыптавалютамі для фізічных асобаў забаронены.
Магілёўская і шклоўская міліцыя затрымала 33-гадовага жыхара абласнога цэнтра – паведамляе прэс-служба МУС. Як можна пабачыць на прадстаўленым відэа, магілёвец аказваў паслугі па набыцці крыптавалют, у прыватнасці, стэйблкоінаў USDT.
«United States Dollar Tether» або USDT гэта самы першы і самы папулярны стэйблкойн. Ён выпускаецца кампаніяй Tether і заўсёды каштуе роўна адзін долар. Стэйблкойн з’явіўся на біржах у 2015 годзе і з таго моманту займае адну з лідзіруючых пазіцый сярод крыптавалют.
У Беларусі паводле ўказа Лукашэнкі гандаль крыптавалютамі дазволены толькі юрыдычным асобам, якія зарэгістраваныя ў Парку высокіх тэхналогій. Цяпер затрыманага магілёўца чакае буйны штраф і зварот у даход дзяржавы ўсёй сумы, якая прайшла праз крыптакашалёк – каля 700 000 рублёў. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што рэальны даход жыхара абласнога цэнтра складаў, верагодна, не ўсю гэтую суму, а толькі пасярэдніцкі працэнт з яе.
Фота: МУС, скрыншот