Вада з Пятровай крыніцы ў Крычаве непрыдатная для піцця

Нягледзячы на гэта, яе працягваюць рэкламаваць як турыстычны аб’ект.

Спецыялісты Крычаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі зрабілі пробы пітной вады з Пятровай крыніцы на санітарна-хімічны і мікрабіялагічны кантроль. Вынікі лабараторных даследаванняў паказалі, што крынічная вада не адпавядае гігіенічным нарматывам, бо ў ёй перавышаная колькасць нітратаў. Пагэтаму выкарыстанне вады з крыніцы ў пітных мэтах не дапускаецца.

Варта заўважыць, што яшчэ напачатку 2021 года абласнымі органамі дзяржаўнага санітарнага нагляду быў здзейснены адбор проб з 67 крыніц для правядзення лабараторных даследаванняў па ўсёй Магілёўскай вобласці. Па выніках было ўстаноўлена, што вада з 8-мі крыніц вобласці не адпавядае гігіенічным нарматывам па санітарна-хімічным паказчыкам. 

У Крычаве такой крыніцай аказалася Пятрова крыніца, якая лакалізуецца па вуліцы Піянерскай на правым беразе ракі Сож. Нягледзячы на гэта, шмат людзей раёна т.з. Піўзавода і суседняй вёскі Калініна дагэтуль працягваюць з пэўнай перыядачнасцю спажываць ваду з Пятровай крыніцы.

На гэтым фоне досыць абсурдным выглядае ўключэнне крыніцы ў спіс турыстычных аб’ектаў горада, а таксама ў экскурсійны маршрут, які можна пабачыць на сайце мясцовага райвыканкама пад назвай «Жемчужная гладь Кричевщины». «Испить целебной водици из Петровой криницы”  як адну з прычын наведвання Крычава  можна пабачыць у артыкуле на сайце “СБ-Сегодня”.