Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці
Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.
Мікалаеў, Украіна
Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. Горад месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расейцаў. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».
«Падзенне па бюджэце вельмі вялікае, але не катастрафічнае», – кажа ў інтэрв’ю тэлеканале «НІС-ТБ» пра эканамічную сітуацыю ў Мікалаеве мэр Аляксандр Сянкевіч.
Паводле яго некаторыя вытворчасці вывозяцца ў іншыя рэгіёны, якія менш падвяргаюцца абстрэлу і якія не так блізкія да лініі размежавання, цытуе Сянкевіча інтэрнэт-выданне «Навіны N».
«Таму ёсць сурʼёзныя праблемы з эканомікай, тлумачыць ён. – Але трэба сказаць, што ў сувязі з вайной у нас тут знаходзіцца вялікая колькасць вайскоўцаў. І частка ПДФА (падатак на даходы фізічных асобаў) ад вайскоўцаў павялічылася ў структуры бюджэту гораду».
У Мікалаеве за прамінулыя содні ад абстрэлаў расійскімі вайскоўцамі атрымалі раненні 5 чалавек. Сярод іх дзяцей няма, паведамляе старшыня Мікалаеўскага абласнога савету Ганна Замазеева ў сваім тэлеграм-канале.
Паводле яе 158 жыхароў вобласці знаходзяцца ў мясцовых шпіталях.
s.mind.ua
Ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання расейцаў ва Ўкраіну на Мікалаеўшчыне пашкоджана, ці знішчана цалкам 3557 цывільных аб’ектаў. Найбольш пацярпеў жылы фонд. 2529 будынкаў вымагаюць рамонту, альбо ператвораныя ў друз, паведамляе газета «Миколаївська правда».
Даўгаўпілс, Латвія
Горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгалія, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск.
Прэзідэнт Эгілс Левітс заклікаў урад надаць Латгаліі асаблівую ўвагу і правесці там выязное пасяджэнне і абмяркаваць асаблівыя праблемы рэгіёну, адзначае «Наша газета».
Выданне нагадвае, што Левітс двойчы сёлета наведваў Латгалію. Сустракаўся з кіраўніцтвам мясцовых самакіраванняў, абмяркоўваў як эканамічныя, так і звязаныя “з прыгранічным месцазнаходжаннем і агрэсіўнай палітыкай Расіі і Беларусі”, а таксама перспектывы развіцця рэгіёну ў новых геапалітычных умовах.
Набылі моц змены ў закон аб падтрымцы грамадзянскіх асоб Украіны. Згодна з імі грамадзяне Латвіі, якія бясплатна размяшчаюць грамадзян Украіны ў сваіх дамах, будуць мець права на кампенсаванне выдаткаў, звязаных з іх пражываннем.
gorod.lv/novosti
Як піша інтэрнэт-выданне «Наш город», памер кампенсацыі складае 100 еўра ў месяц за першую паселеную асобу і 50 еўра за кожнага наступнага кватаранта, але не больш за 300 еўра ў месяц, за якія пражываюць у адным жыллё.
Паводле былога міністра ўнутраных спраў Марыса Гулбіса, дадзеныя апытанняў паказваюць, што ў Латвіі колькасць прарасійска настроеных людзей зменшылася.
Латвійскі інтэрнэт-партал PRESS.LV падае на выказванне Гулбіса аб тым, колькі людзей выходзіла да помніка ў парку Перамогі раней і колькі сабралася сёлета. Па ягоных словах у ранейшыя часы сюды прыходзіла 9 мая да 200 тысяч чалавек. Прыкладна столькі галасавала за рускую як другую дзяржаўную мову ў Латвіі. Сёлета ж грамада была нашмат меншай.
На ягоны погляд «рэакцыя латышскага грамадства на падзеі 10 траўня дэманструе хутчэй тое, што ў многіх нарэшце расплюшчыліся вочы і развеяліся ілюзіі наконт светапогляду значнай часткі жыхароў Латвіі, продкі якіх прыехалі сюды ў перыяд савецкай акупацыі».
Выданне акцэнтуе ўвагу, што інтэнсіўны прыток грамадзян СССР у акупаваную Латвію пачаўся адразу пасля 1945 года, на працягу першых пяці гадоў, і яго дынаміка запаволілася толькі ў сярэдзіне 1950-х гадоў.
Паводле дэпутата Сейма Аляксандра Кірштэйнса ў бліжэйшай перспектыве ў Латвіі застануцца толькі дружалюбныя рускія і краіна хутка «алатышыцца», А тыя, хто гэтага не прыме, зʼедуць.
Клайпеда, Літва
8 сакавіка 1997 году падпісаная дамова аб аднаўленні пабрацімскіх сувязяў літоўскага гораду з Магілёвам. Месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.
Пра грамадзянку Літвы, якая праславілася паездкамі да Лукашэнкі і марыць аб сустрэчы з Лаўровым, піша інфармацыйнае агенцтва «Delfi».
Паводле выдання Эрыка Швенчэнене сцвярджае, што не атрымлівае фінансавай дапамогі ў Беларусі і ніколі не размаўляла з прадстаўнікамі спецслужбаў суседняй краіны, а да Аляксандра Лукашэнкі ёй нібыта ўдалося падысці таму, што ў яе ёсць пасведчанне журналіста. Яна не думае, што ў яе дзеяннях ёсць нешта дрэннае.
Былы пасол Літвы ў Беларусі Пятрас Вайтэкунас лічыць, што паездкі Швенчэнене і яе паплечнікаў у Беларусь, дыфірамбы гэтай краіне, дыктатар якой падтрымлівае Расію ў крывавай вайне, зносіны з прадстаўнікамі Беларусі шкодніцтвам.
Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы адзначае, што за такімі людзьмі назіраюць і з імі размаўляюць, а палітыкі адзначаюць, што, магчыма, трэба мяняць законы, каб за такую дзейнасць можна было караць.
Інфармацыйнае агенцтва «Delfi» называе Эрыку Швенчэнене паплечніцай асуджанага за шпіянаж на карысць Расіі Альгірдаса Палецкіса.
Улацлавек, Польшча
Дамова аб сяброўскіх адносінах падпісаная з Магілёвам 8 снежня 1995 года. Горад у Куяўска-Паморскім ваяводстве (цэнтральная Польшча). Насельніцтва – 115 тысяч чалавек.
Ва Ўлацлавеку на міжнароднай канферэнцыі прадстаўнікі паліцыі, мясцовай улады і навукоўцы абмяркоўваюць стратэгію нацыянальнай бяспекі ў надзвычайнай сітуацыі, піша інтэрнэт-выданне «Nwloclawek.pl».
nwloclawek.pl
Паводле адной з арганізатарак доктара Моніка Кампер – Кубаньскай мэта канферэнцыі – паказаць шматбаковы падыход да бяспекі і давесці грамадскасці, што ваенны аспект важны ў сацыяльна-культурнай жыцці.
Сёлета канферэнцыя асабліва важная ў сувязі з сітуацыяй на ўсходзе краіны і вайной, кажа яна.
nwloclawek.pl
«Нам усім давялося перайсці на новы лад жыцця, – адзначае навукоўца. – Сучасныя пагрозы ставяць задачу не толькі перад уладай і арміяй, але і перад мясцовай уладай, светам навукі і ўсяго грамадства. Мы хацелі б свабодна гаварыць пра бяспеку, але цяпер мы павінны гаварыць пра бяспеку дзеля нашага паўсядзённага жыцця».
Габрава, Балгарія
Найдаўнейшы пабрацім Магілёва. Дамова аб супрацоўніцтве была падпісана ў 1988 годзе. У 200-ым былі адноўленыя пабрацімскія сувязі. У Магілёве праспект названы Габраўскім. Адзін з рэстаранаў называецца Габрава. Габрава месціцца ў цэнтры краіны. Насельніцтва-55 тысяч чалавек. Ён лічыцца балгарскай сталіцай гумару. Ёсць у ім Дом гумару і сатыры. Ладзяцца фестывалі гумару.
Працягласць жыцця ў Балгарыі скарачаецца. Жанчыны перажываюць мужчын больш чым на 7 гадоў.
Інтэрнэт-выданне Informo.bg падае звесткі Нацыянальнага статыстычнага інстытуту. Паводле яго сярэдняя працягласць жыцця ў краіне 73,6 года і ў параўнанні з папярэднім перыядам (2018 – 2020 гады) скарацілася на 1,0 года.
Сярэдне статыстычны мужчына жыве 70,1 год, а жанчына – на 7,3 года больш, да – 77,4 году.
У Габраве распачаўся фестываль гумару і сатыры. Сёлета ён прысвечаны эканамічным і экалагічным праблемам. У цэнтры ўвагі рэакцыя цывілізацыі на катаклізмы, выкліканыя змяншэннем прыродных рэсурсаў.
gabrovonews.bg
Паводле інфармацыйнага рэсурсу «Габрово Нюз» на фестываль 645 мастакоў з 77 краінаў даслалі 1100 работ. Пераможцаў вызначыць міжнароднае журы.
Імпрэзы фестывалю будуць адбываць да 30 верасня. Ён праходзіць у 25 раз.