У Магілёве падлеткаў з закрытай спэцвучэльні трэніруюць, як абыходзіцца з аўтаматам

У мясцовае вучылішча закрытага тыпу №2 адпраўляюць на перавыхаванне падлеткаў за сістэматычныя правапарушэнні. Як сведчыць сайт навучальнай установы, вайсковы складнік, як элемент перавыхавання, з’явіўся нядаўна.

 

Сёлета група навучэнцаў гасцявала ў спецназаўцаў у Марʼінай Горцы. Там для іх арганізавалі курс маладога байца. Падлеткі на фотаздымках пазіруюць са зброяй.

Цяпер у вучылішчы арганізавалі, як паведамляецца, этап патрыятычнай гульні «Зарніца». Хлопцы зноў са зброяй. Пад прыглядам вайскоўцаў вучацца разбіраць аўтамат.

Дырэктар вучэльні Дзмітрый Генісеў падобныя гульні назваў «выхаваўчымі мерапрыемствамі».

Самі навучэнцы тэлеграм-каналу «MOGILEVNEWS» прызнаваліся, што ім спадабалася разбіраць аўтамат, страляць з яго і яшчэ страляць з пісталета.

Вучэльня створаная для «вырашэння задач сацыяльнай рэабілітацыі, карэкцыі і ўтрымання падлеткаў, якія здзейснілі грамадска небяспечныя ўчынкі альбо парушылі правілы грамадскіх паводзінаў». У вучэльню накіроўваюцца хлопцы ад 14 да 18 гадоў тэрмінам на два гады.

Вучэльня агароджаная чатырохметровым плотам. Ён, аднак, не становіцца перашкодаю для ўцёкаў гадаванцаў. У 2014 годзе збеглі 34 падлеткі.

У 2017 годзе навучальная ўстанова трапіла пад увагу медыяў, бо збеглых гадаванцаў супрацоўнікі ўстановы пабілі. Адзін з хлопцаў трапіў у лякарню. Пазней суд прызнаў дырэктара і яшчэ двух супрацоўнікаў вучэльні вінаватымі ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Іх адправілі на розныя тэрміны зняволення ў калоніі.