Рух водных аўтобусаў плануецца запусціць па рацэ Данге ў Клайпедзе ўжо 15 мая. Але шмат будзе залежаць і ад умоў надвор’я і інфраструктуры прыпынкаў – паведамляе atviraklaipeda.lt.
Плануецца, што два рачных аўтобуса будуць выконваць 10 штодзённых рэйсаў, якія будуць ажыццяўляцца з 15 мая да 15 кастрычніка.
Працягласць воднага маршруту па рацэ Данге складае 7,9 км. Мяркуецца, што яго можна будзе пераадолець за гадзіну. На маршруце абсталёўваецца 6 прыпынкаў: Стары горад, мост на Ліепу, Дангес вінгіс, жылы раён “Жаліну”, Батанічны сад і мост Таўралаўкіа.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
Гарадская рада Клайпеды вызначыла кошт электроннага аднаразовага квітка на водны аўтобус: агульны – 3 еўра, ільготны па Картцы клайпедчаніна – 2,4 еўра.
Дырэктар «Клайпедас аўтабусу паркас» Вайдас Раманаўскас і часовы кіраўнік прадпрыемства «Клайпедас келейвініс транспартас» Андрус Самуйлавас добра разумеюць, што «Недастаткова праплысці па рацэ, трэба недзе спыніцца. Месцы прыпынкаў яшчэ рыхтуюцца».
Кіраўніцтва Клайпеды разумее, што праект рачнога аўтобуса будзе стратным, таму яно гатова на адпаведныя кампенсацыі і сёлета выдзеліць каля 50 000 еўра каб зрабіць карысць гараджанам і гасцям горада.
Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.
27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.
Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.
Фота Марцінаса Вайнаруса.