Над спектаклем працуе новы рэжысёр-пастаноўшчык магілёўскага абласнога тэатра лялек Марыя Гуцава. Для яе прэм’ера стане першым праектам на магілёўскай сцэне – Гуцава толькі ў гэтым годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці рэжысёр тэатра.
– Я родам не з Магілёва, таму спектакль стане своеасаблівым знаёмствам з гэтай зямлёй – расказала Марыя Гуцава ў інтэрв’ю БелТА – Праца будзе цікавая і карэнным жыхарам, якія, упэўнена, даведаюцца шмат новага з гісторыі горада: якія людзі тут жылі, чым займаліся, пра што марылі і як любілі. Найперш гэта будзе спектакль пра чалавека і для людзей.
У тэатры лялек лічаць, што прэм’ера будзе напоўнена глыбокім філасофскім сэнсам. Яна прапануе гледачу адказаць на пытанні: хто мы і куды зараз ідзём, ці ведаем і ці памятаем гісторыю сваёй зямлі?
– Каб адказаць на гэтыя пытанні – дадалі ў тэатры – трэба вярнуцца да сваіх каранёў, звярнуцца да гісторый з жыцця нашых продкаў, якія захавалі шмат цікавага. Напрыклад, паданне аб легендарным асілку Машэку, якога здрада ператварыла ў раз’юшанага ў адносінах да несправядлівасці льва.
У музычным афармленні прымае ўдзел вядомы магілёўскі музыка Андрусь Палаўчэня і гурт “Osimira”.