Але ў афіцыйным каментарыі кіраўніцтва раённай бальніцы адмовілася гэта прызнаваць.
Крычаўская раённая газета публікуе сведчанні жыхароў горада, якія заявілі, што ў цэнтральнай бальніцы ім не даюць талон да доктара ў паліклінічным аддзяленні, пакуль яны не пройдуць дыспансэрызацыю. З такой заявай да рэдакцыі звярнулася дзяўчына, якой не выдалі талон да неўролага. Супрацоўнік самой рэдакцыі па той самай прычыне не змог атрымаць у бальніцы даведку для страхавой кампаніі.
У афіцыйным каментарыі выданню кіраўніцтва Крычаўскай раённай бальніцы дало задні ход. “Талоны ў паліклінічным аддзяленні на прыём да ўрачоў-спецыялістаў выдаюцца пацыентам у незалежнасці ад праведзенай дыспансерызацыі ў бягучым годзе” – гаворыцца ў адказе.
Дыспансэрызацыя насельніцтва актыўна праводзіцца ў Беларусі ўжо другі год, па-сутнасці адразу пасля заканчэння пандэміі. Яе сутнасць заключаецца ў прафілактычным аглядзе і анкетаванні жыхароў, прыпісаных да раённых паліклінік. Відавочна, што ад кіраўніцтва медычных устаноў сталі патрабаваць колькасных паказчыкаў, вынікам чаго стала самадзейнае рашэнне начальнікаў крычаўскай бальніцы не пускаць на прыём да доктара тых, хто не прайшоў дыспансэрызацыю. Але, паколькі гэта незаконнае рашэнне, у афіцыйным каментарыі гэтую з’яву былі вымушаныя абвергнуць.
Фота ілюстрацыйнае