Навіны пабрацімаў. У Мікалеве расійскія войскі атакавалі ўніверсітэт

У Чарнаморскі нацыянальны ўніверсітэт імя Пятра Магілы пацэлілі дзве ракеты. Атака адбылася ўначы з 16 на 17 жніўня. У будынку знаходзіўся толькі ахоўнік. Ён не пацярпеў.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Ракетамі пашкоджаны будынак навучальнай установы. Ад абломкаў і ўдарнай хвалі пашкоджаныя таксама дамы насупраць. Камунальнікі расчышчаюць тэрыторыю каля ўніверсітэту, каб вызваліць праезд.

«Гэта сапраўдныя тэрарысты, якія, прыкрываючыся сваёй прапагандай, працягваюць цынічна разбураць нашы навучальныя ўстановы» – адрэагаваў на чарговы абстрэл у сваім тэлеграм-канале мэр гораду Аляксандр Сянкевіч.

Ён адзначае, што днямі апублікаваў відэа, якое даказвае, што ў навучальнай установе няма вайсковых базаў.

«Там працуюць звычайныя спецыялісты ўніверсітэту: прымаюць дакументы абітурыентаў, падпісваюць абыходныя лісты, выдаюць дыпломы. А сёння ноччу туды прыляцелі дзве расейскія ракеты», – піша Сянкевіч.

Чарнаморскі нацыянальны ўніверсітэт – адна з наймалодшых вышэйшых навучальных устаноў Украіны. Самастойнай адзінкай у адукацыйнай сістэме краіны ён стаў у 2002 годзе. А ў 2015 – атрымаў статус Нацыянальнага. Да поўнамасштабнага ўварвання ва Ўкраіну расійскіх войск у ім вучылася 4,5 тысячы студэнтаў.

16 жніўня ў Мікалаве расійскія войскі ракетамі разбурылі мясцовую школу. У яе пацэлілі тры ракеты. Напад на навучальную ўстанову абышоўся без ахвяраў.

 


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


фота: t.me/senkevichonline