Пад Бабруйскам выратавалі пенсіянера – ён згубіў прытомнасць у лесе

Вечарам 10 кастрычніка ў экстрэнную выратавальную службу звярнулася жанчына і паведаміла, што яе муж 1958 года нараджэння згубіўся ў лесе пад Бабруйскам. Ён накіроўваўся на лецішча ў вёсцы Палянкі і пайшоў пасля аўтобуса лясной дарогай. У нейкі момант па шляху ён згубіў прытомнасць. 

Ачуняўшы, мужчына патэлефанаваў сваёй жонцы, але не змог зарыентавацца, дзе ён знаходзіцца. Сітуацыя ўскладнялася наступленнем цемры і тым, што мужчына дрэнна чуў, што яму гавораць па тэлефоне.

Праз паўтары гадзіны пошукаў, каля 22.30 ратавальнікі знайшлі ў лесе спачатку сумку пенсіянера, а потым, праз некалькі кіламетраў, і яго самога. Медыцынская дапамога яму не спатрэбілася – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Грыбніка шукалі ўвесь дзень пад Бабруйскам, сёння пошукі працягнуцца

Раніцай 6 кастрычніка з’явілася інфармацыя пра пенсіянера 1950 года нараджэння, які заблукаў у лясным масіве каля вёскі Антонаўка Бабруйскага раёна. Пошукі, у якіх удзельнічалі 37 чалавек і 10 адзінак тэхнікі, вынікаў не далі. Сёння, 7 кастрычніка яны будуць працягвацца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае

“Не памніце мне грыбы” – у начным тумане выратавалі быхаўскага грыбніка

Познім вечарам 27 верасня ў выратавальную службу Быхава звярнулася жыхарка вёскі Цешым’е. Яе 82-гадовы муж адправіўся па грыбы яшчэ ў 15.00, але заблукаў у лесе. Першым часам муж адзваньваўся па мабільным тэлефоне, але потым тэлефон стаў недасягальным. Сітуацыю ўскладніў моцны туман, які ўпаў на вечаровы лес.

Супрацоўнік выратавальнай службы Быхаўскага раёна распавёў пра пошукі прэс-службе МНС.

“Жонка нам прыкладна апісала квадрат пошукаў. Сітуацыя пагаршалася шчыльным туманам. Рухаючыся на аўтамабілі, мы падавалі сігнал у гучнагаварыцель. І пошукі далі свае станоўчыя вынікі: грыбнік выйшаў з ляснога гушчару на гук. Дзядуля не пацярпеў і перш за ўсё папрасіў: «Не высыпце і не памніце мне грыбы».

Фота: МНС

Пенсіянер заблукаў у лесе пад Касцюковічамі, яго пошукі спыненыя

Днём 21 верасня стала вядома пра знікненне пажылога чалавека, пенсіянера 1961 года нараджэння ў лесе каля вёскі Васілеўка Касцюковіцкага раёна. Для пошукавых работ былі задзейнічаны 4 адзінкі тэхнікі і 15 чалавек, з іх 3 адзінкі тэхнікі і 10 работнікаў МНС. Зніклы мужчына не знойдзены, па рашэнні кіраўніка пошукавых работ пошукі былі спынены – паведамляе прэс-служба МНС. Супрацоўнікамі РАУС праводзяцца следчыя дзеянні.

Фота ілюстрацыйнае