Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, Юры Зянковіч, Дзяніс Краўчук, Вольга Галубовіч.

Пракурор Міхаіл Кавалёў агучыў пазіцыю дзяржавы адносна пакарання фігурантаў справы аб «змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады не канстытуцыйным чынам».

– 12 гадоў калоніі для палітолага і літаратуразнаўцы Аляксандра Фядуты, абвінавачанага паводле часткі 1 артыкул 357 Крымінальнага кодэксу «змова з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;

– 12 гадоў калоніі для старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва, абвінавачанага паводле часткі 1 артыкул 357 Крымінальнага кодэксу «змова з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;

– 12 гадоў калоніі для юрыста Юрыя Зянковіча, абвінавачанага паводле часткі 1 артыкулу 357 Крымінальнага кодэксу «змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам», часткі 1 артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэксу «стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім», часткі 3 артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу «публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады», часткі 3 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу «распальванне сацыяльнай варожасці»;

– 3 гады калоніі для супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, абвінавачанай паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу «актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»;

– 3 гады калоніі для актывіста і дальнабойніка Дзяніса Краўчука, абвінавачанага паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу «актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Аляксей Іванчыкаў, Андрэй Андрэеў, Аляксандр Комар.

Праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі, а іх крымінальны пераслед палітычна матываваным.

Павел Вінаградаў.

Змешчаны ў штрафны ізалятар.

Пра гэта даведалася ягоная жонка. Паводле яе мужа пакаралі штрафным ізалятарам за спагнанні і там ён прабудзе да 2 верасня.

У Паўла Вінаградава дыягнаставаныя сухоты. 28 ліпеня яго перавялі ў аршанскую папраўчую калонію № 12, дзе ўтрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму гэтай хваробы.

У турме ён схуднеў на 36 кілаграмаў.

Дзмітрый Каспяровіч.

Затрыманы.

Паводле праваабаронцаў, якія спасылаюцца на праўладныя тэлеграм-каналы, нагодай для пераследу стаў удзел у пратэстах 2020 году.

Дзяніс Навалаеў, Андрэй Віталёў.

Затрыманыя.

Праваабаронцы пішуць, што на апублікаваных «пакаяльных відэа» яны кажуць, што ў 2020 годзе ездзілі некалькі разоў у Мінск на акцыі пратэсту.

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго

Павел Вінаградаў

У палітзняволенага блогера і актывіста пацвердзілі сухоты

28 ліпеня яго перавялі ў аршанскую папраўчую калонію № 12, дзе ўтрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму гэтай хваробы.

Яму прысудзілі 5 гадоў калоніі за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, распальванне варожасці ці варажнечы і г.д.

Мікалай Аўтуховіч

Па сканчэнні галадоўкі яго вярнулі на працэс, хаця раней выдалілі за парушэнне парадку.

На працэсе ён заявіў: узятыя ў яго аналізы паказалі, што арганізм цалкам абязводжаны, раскладаюцца тканкі нырак.

59-гадовы палітвязень абвясціў сухую галадоўку 11 ліпеня. Ёю ён пратэставаў супраць таго, што яму не перадаюць лісты і газеты.

Пяць дзён арыштант не наведваў судовыя паседжанні, бо не меў сілаў дайсці. Яму ставілі кропельніцу. 1 жніўня стала вядома, што ён спыніў галадоўку.

Аўтуховіча вінавацяць ва ўчыненні «Акту тэрарызму». Нібыта за падпаламі дому міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Гродна стаіць групоўка, якой ён кіраваў.

Па «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек.

Яўген Харашкевіч

Змешчаны ў штрафны ізалятар за ліст ад жонкі.

Праваабаронцы, спасылаючыся на жонку зняволенага, паведамляюць, што цэнзар угледзеў у віншавальных паштоўках «палітычны падтэкст». Ліст быў знішчаны, а палітвязня адправілі ў ШІЗА.

Харашкевіч адбывае 4-гадовы прысуд за “распальванне сацыяльнай варожасці, абразу прадстаўніка ўлады, падрыхтоўку і арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Яго ўтрымліваюць у Шклоўскай калоніі.

Дзяніс Дорах

Пра яго затрыманне паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы.

У «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца», што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і перакрываў рух транспарту.

Ілля Даўгалец

Пра яго затрыманне таксама стала вядома з паведамлення ў праўладных тэлеграм-каналах.

На «пакаяльным відэа» ён кажа, што затрыманы з-за бел-чырвона-белай стужкі, якая вісела ў ягонай машыне, а дома ў яго былі «апазіцыйны сцяг, кепка і стыкеры».

У канцы відэа хлопца прымушаюць зняць стужку з салона машыны, паведамляюць праваабаронцы.