З магілёўскага тэатру звольнены актор і рэжысёр Уладзімер Пятровіч

Пра тое, што Ўладзімера Пятровіча больш няма ў тэатры паведамілі яго прыхільнікі. Сам ён устрымліваецца ад кантактаў з прэсай. Спраўдзіць, ці насамрэч яго звольнілі у адміністрацыі тэатру пакуль не ўдаецца.

На сайце тэатру ў раздзеле «Трупа» звесткі пра Уладзімера Пятровіча прыбраныя. 

Хто такі Ўладзімер Пятровіч

Уладзімер Пятровіч скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Акадэмія мастацтваў) па спецыяльнасцях «Актор драмы і кіно» (1980) і «Рэжысёр драматычнага тэатру» (2003). Паставіў 20 разнапланавых спектакляў. Ён пастаноўшчык першага ў Беларусі спектакля паводле кнігі нобэлеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд».

фота з адкрытых крыніц

Тэатр з Бабруйску не паказаў свайго спектаклю на фэсце прарасейскіх сепаратыстаў. Магілёўскі за свой атрымаў дыплом

Тэатр драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча адмовіўся ўдзельнічаць у анлайн-фестывалі «Госпожа удача», які праходзіць у Луганску. Яго арганізавала Міністэрства культуры непрызнанай Беларуссю ЛНР ды Луганскі акадэмічны рускі драматычны тэатр.

На сайце Луганскага тэатру з’явілася аб’ява, што тэатр з Бабруйску адклікаў заяўку на ўдзел у фестывалі ў сувязі «з заяўленымі аўтарскімі правамі на відэа спектаклю «Золушка» і немагчымасцю яго афіцыйнага паказу».

У фестывальнай праграме былі пазначаныя дзве пастаноўкі тэатраў з Магілёўшчыны.

Відэа спектаклю «Облом.Off» Магілёўскага абласнога драматычнага тэатру зʼявілася на YouTube-канале фестывалю. На ягоным жа сайце апублікаваныя дыплом ды ліст падзякі тэатру «за падтрымку і развіццё тэатральнага мастацтва, фармаванне станоўчага культурнага іміджу Луганскай Народнай Рэспублікі, а таксама пашырэнне міжнародных узаемаадносінаў у сферы культуры».

На сайце Магілёўскага абласнога драматычнага тэатру няма згадкі пра ўдзел спэктаклю  ў луганскім фестывалі. Інтэрнэт-выданне «Наша ніва» паспрабавала высветліць пазіцыю кіраўніцтва.

Намеснік дырэктара тэатру Андрэй Галенка, як адзначана ў публікацыі, «пачаў адхрышчвацца ад луганскага фестывалю», адзначыўшы, што тэатр на гастролі ў Луганск не збіраецца.

«Паслухайце, наконт удзелу тэатру ў фестывалі «ЛНР» – вы задаяце пытанні, якія вас наогул не датычацца», – заявіў урэшце ён журналісту.

У роліку, змантажаванаму да адкрыцця фестывалю, міністр Культуры ЛНР Дзмітрый Сідараў адзначае, што «нашы хлопцы» ваююць, але не ўдакладняе супраць каго. Па яго словах «фестываль дае магчымасць адцягнуць увагу ад баявых дзеянняў, складанай цяперашняй сітуацыі і натхніць на новыя перамогі».

фота: theaterluspekaev.com

Магілёўскія тэатры 23-24 красавіка пакажуць свае спектаклі ў Луганску і патрапяць пад санкцыі

Тэатральны фестываль “Госпожа Удача” праходзіць у Луганску. Два магілёўскія тэатры заявіліся да ўдзелу ў фестывалі ў самаабвешчаным сепаратысцкім рэгіёне Украіны. Незалежнасць так званай “ЛНР”, якой Беларусь дагэтуль не прызнала, да яшчэ падчас вайны можа прывесці да санкцый супраць устаноў культуры Магілёўшчыны.

Адкрыты міжнародны тэатральны фестываль імя Паўла Луспякаева “Госпожа Удача” праходзіць з 20 па 27 красавіка ў анлайн-рэжыме. Гэты фэст у Луганску штогод ладзяць мясцовы драмтэатр і Міністэрства культуры, спорту і моладзі так званай “Луганскай народнай рэспублікі”. Два беларускія дзяржаўныя тэатры прымаюць удзел у фестывалі, які чыноўнікі “ЛНР” арганізавалі падчас вайны ва Украіне. Дарэчы, менавіта ўдзел магілёўцаў надае фестывалю статус міжнароднага.

Магілёўскі абласны драматычны тэатр (Магілёў) 23 красавіка ў 17.00 паказвае “Облом.OFF” (па Гончарову).

Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск) 24.04. у 15.00 прадстаўляе спектакль “Папялушка” Ш. Перро.

Удзел магілёўскіх тэатральных калектываў у дадзеным фестывалі пад час агрэсіі Расіі супраць Украіны пад маркай абароны так званых “народных рэспублік” Данбасу моцна сапсуе не толькі імідж тэатраў, але і ўсіх жыхароў Магілёўшчыны. Практычна гарантавана гэта абмяжуе кантакты – фактычна выкліча нефармальныя санкцыі з боку традыцыйных тэатральных партнёраў з Еўропы. Магчыма будуць і афіцыйныя санкцыі з боку ўстаноў і дзеячаў культуры краін дэмакратычнага свету.

Мы бачым, як цяпер беларускіх спартсменаў не дапускаюць да міжнародных спаборніцтваў, як абмяжоўваюцца навуковыя і культурныя кантакты, з-за таго, што нашу краіну абвінавачваюць у саўдзеле і дапамозе расійскай агрэсіі. Можна быць упэўненымі, што ўдзел у афіцыйных мерапрыемствах сепаратысцкіх утварэнняў на тэрыторыі вайны яшчэ больш узмацніць санкцыйны ціск на беларускую культуру.