Прыгожае відэа з краявідамі Магілёва. Падзівімся на мясцовых львоў

Скульптураў са львамі ў Магілёве становіцца ўсё больш. Іх вобразы часам здзіўляюць. Гараджане пра мясцовых львоў гавораць рознае: нехта захапляецца, нехта ганіць. Разам з тым, яны ўжо неад’емная частка магілёўскіх краявідаў. Урэшце, калі сканчаюцца аргументы наконт справядлівасці «прысабечвання» Магілёвам львоў ёсць твор Янкі Купалы – «Магіла льва».

 

Невялікі ролік ад Магілёў.media дазваляе разглядзець скульптуры чатырох львоў на дняпроўскім мосце. Вядома ж, разам з імі пабачым і гарадское наваколле.

Магілёў.media працягвае прагулкі па вядомых мясцінах гораду. Мы стараемся паказаць у сваіх відэазамалёўках хараство магілёўскіх краявідаў. Яны дапамагаюць адпачыць ад будзённасці, акунуцца ў свет гісторыі роднага гораду і, магчыма, угледзець будучыню.

У Магілёве разгарнутая экспазіцыя, якую «арыштоўвалі» па зняволенні вылучэнца на прэзідэнцтва Віктара Бабарыкі

Яна падаецца, як выстава «Тихая жизнь» з шэдэўраў карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанку». Яе адкрыццё запланавана на 15 ліпеня ў выставачнай залі Музею гісторыі Магілёва.

Калекцыя ацэньвалася ў 20 мільёнаў долараў.

Найбуйнейшую карпаратыўная мастацкую калекцыю ў Беларусі Белгазпрамбанк, якім кіраваў Віктар Бабарыка, пачаў збіраць у 2011 – 2012 гадах. Першымі былі набытыя работы мастакоў Парыжскай школы – выхадцаў з Беларусі. Пазней калекцыю прызналі найбуйнейшым зборам работ экспрэсіяністаў Парыжскай школы ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе.

photo.virtualbrest.ru

Калекцыя налічвала 150 твораў сусветна вядомых беларускіх мастакоў, а таксама скульптуры, старадрукі. Увесь збор ацэньваўся ў 20 мільёнаў долараў.

11 чэрвеня 2020 году, па арышце кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, карціны з калекцыі «Белгазпрамбанку» былі канфіскаваны разам з іншымі каштоўнасцямі. Яны сталі рэчавымі доказамі і былі далучаныя да матэрыялаў крымінальных спраў супраць «Белгазпрамбанку». Аб іх месцазнаходжанні не паведамлялася.

23 чэрвеня 2021 году іх вярнулі ў мастацкую галерэя «Арт-Беларусь». Ці ўсе мастацкія каштоўнасці, сабраныя «Белгазпрамбанкам» захаваныя ў поўным аб’ёме невядома.

artbelarus.by

Канкурэнта Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 году Віктару Бабарыку 6 ліпеня 2021 году асудзілі да 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніях узмоцненага рэжыму. Ён быў прызнаны вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры, хабарніцтве.

У Магілёве пакажуць 28 карцін жывапісу і графікі.

Пра выставу «Тихая жизнь» на старонцы Музею гісторыі Магілёва ў Фэйсбуку напісана, што ў экспазіцыі прадстаўленыя 38 карцін жывапісу і графікі, створаных знакамітымі мастакамі – ураджэнцамі Беларусі. Сярод іх легендарны прадстаўнік «Парыжскай школы» Хаім Суцін, выбітны касцюмер, дызайнер і сцэнограф Леон Бакст, знакаміты Фэрдынанд Рушчыц – удзельнік аб’яднання «Свет мастацтва», заснавальнік жанру мадэрнісцкага пейзажа ў мастацтве Беларусі; ураджэнец Магілёўшчыны, яркі прадстаўнік жывапісу ў стылі «мадэрн», блізкі сябар Альберта Эйнштэйна Абрам Маневіч і многія іншыя.

artbelarus.by

У прэзентацыі выставы адзначана, што аснову экспазіцыі склалі пейзаж і нацюрморт – два найбольш абʼёмна прадстаўленыя ў сусветнай культуры жанры. Выстаўленыя карціны разнастайныя па стылістыцы і гэтак жа разнастайныя па выбары месца іх стварэння.