Нацыянальнаму аэрапорту рэгулярна паступаюць паведамленні аб пагрозах мініравання будынку аэравакзала, узлётна-пасадачнай паласы, а таксама паветраных суднаў авіякампаніяў. За ліпень 2022 года зафіксаваны 4 такія выпадкі. За паўгода – 52.
Апошні здарыўся 27 ліпеня. У 7:53 раніцы на электронную пошту аднаго з аддзелаў ад невядомай асобы паступіла паведамленне аб наяўнасці самаробнай узрыўчаткі на тэрыторыі аэрапорту, а таксама на борце паветранага судна авіякампаніі Belavia рэйса В2 738 Батумі – Мінск, інфармуе прэс-служба Нацыянальнага аэрапорту «Мінск».
Вобшук паветранага судна, дадатковы агляд зарэгістраванага багажу і праверка аэравакзальнага комплексу ды прывакзальнай плошчы не выявілі небяспечных рэчаў або прадметаў.
Паводле прэс-службы за першае паўгоддзе сталічны аэрапорт 52 разы атрымліваў паведамленні аб актах незаконнага ўмяшання ў дзейнасць грамадзянскай авіяцыі, якія класіфікуюцца ICAO як падманнае паведамленне інфармацыі.
У 100% выпадкаў паведамленні аб пагрозах аказваліся непацверджанымі.
Тым не менш, падраздзяленні авіяцыйнай бяспекі сумесна з праваахоўнымі органамі аператыўна рэагуюць на ўсе атрыманыя пагрозы бяспецы незалежна ад адэкватнасці паведамленняў, разглядаючы іх як рэальныя.