Любы ахвочы, у каго ёсць 1,5 млн долараў, можа набыць на «Куфары» два вялікія самалёты, але яшчэ прыйдзецца ўкласціся ў іх рамонт.
На пляцоўцы аб’яў «Куфар» з’явіліся два незвычайныя лоты – самалёты. Магілёўскі самалёт ІЛ-76ТД EW-434ТН варты 1 732 735 рублёў (або $ 708 685 у эквіваленце), Мінскі самалёт ІЛ-76ТД EW-78839 можна набыць за 1 679 901 рубель (або $ 687 841).
Самалёты лёталі пачынаючы з 1989-га і 1990-га гадоў, а на дадзены момант знаходзяцца на захоўванні ў Магілёве і Мінску. Абодва авіялайнеры адносяцца да грамадзянскай мадыфікацыі, з якой было дэмантавана абсталяванне ваеннага прызначэння. Самалёты прадаюцца без авіяцыйных рухавікоў. Рухавік можна набыць асобна, недзе за 633 тысячы рублёў.
ІЛ-76 – цяжкі ваенна-транспартны самалёт, быў распрацаваны ў канструктарскім бюро Ільюшына. Ён быў першым у СССР «транспартнікам» з турбарэактыўнымі рухавікамі. Грузападымальнасць самалёта – 50 тон, максімальная ўзлётная маса – 190 тон, далёкасць палёту з максімальнай загрузкай – 3600 кіламетраў.
Электронныя таргі павінны былі адбыцца тыдзень таму, але лоты не зняты. Гледзячы па ўсяму, пакупнікоў пакуль не знайшлося. Кошт магілёўскага лайнера патаннеў на 7000 рублёў.
Ахвочых набыць самалёт у Магілёве трэба папярэдзіць, што каб лайнер паляцеў, неабходна будзе правесці яго капітальны рамонт. І памятайце, што многія камплектуючыя на тэрыторыі Расіі цяпер не вырабляюцца, а набыць заходняе абсталяванне амаль немагчыма з-за санкцый.
Фота: kufar.by