NASA зрабіла рэнтген Сонца. Здымак паказаў самыя гарачыя кропкі

Даследаванне можа наблізіць навукоўцаў да разгадкі галоўнай загадкі зоркі.

У сваім блогу амерыканскае касмічнае агенцтва NASA падзялілася кадрамі, якія зрабіла абсерваторыя NuSTAR. Новую магчымасць для вывучэння зоркі навукоўцам даў тэлескоп цвёрдага рэнтгенаўскага дыяпазону.

Атрыманыя кадры аб’ядналі ў адзін, дзякуючы чаму спецыялістам удалося адзначыць самыя гарачыя кропкі на Сонцы.

Яны знаходзяцца ў так званай сонечнай кароне. Па словах навукоўцаў, кропкі ўтвараюцца, калі адбываецца навала нанаўспышак. Гэта такая з’ява, калі здараецца выкід цяпла, святла і часціц. Такі матэрыял больш гарачы, чым сярэдняя тэмпература кароны.

“Нават у сонечны дзень чалавечае вока не можа ўбачыць увесь свет, які выпраменьвае наша бліжэйшая зорка” – адзначылі ў NASA.

Цяпер навукоўцы спадзяюцца разгадаць з дапамогай тэлескопа NuSTAR галоўную загадку зоркі. Даследнікаў космасу хвалюе пытанне, чаму знешняя атмасфера Сонца – сонечная карона здольная дасягаць тэмпературы больш 1 000 000°С, што ў 100 разоў вышэй паказчыкаў паверхні зоркі.

Дзень у гісторыі. 8 лістапада. Нарадзіліся гісторыкі Тэадор Нарбут і Вацлаў Ластоўскі. Адчыніліся музеі ў Луўры і Брэсцкай крэпасці. Вынайдзены бурбон і рэнтгенаўскія прамяні. Паўстанне на савецкім ваенным караблі “Вартавы”

Міжнародны дзень Клуба вясёлых і знаходлівых (КВЗ, з 2001 года) у краінах СНД. 

Устаноўлены па ініцыятыве прэзідэнта міжнароднага клуба КВЗ А. Маслякова ў гонар гадавіны першай гульні, якая выйшла ў эфір 8 лістапада 1961 года.

Перадача была зачынена цэнзурай у канцы 1971 года. Адрадзіўся КВЗ у 1986 годзе.

wiki55.ru

Зміцер, Дзмітрыеў дзень  (народны каляндар).

Калі Дзімітрыеў дзень са снегам, то і Вялікдзень са снегам. Калі на Зміцера будзе цёпла – чакай суровай зімы.

Зіма ўжо лезе на плот. Калі ў гэты дзень холад і снег, то вясна позняя і сцюдзёная, а калі адліга – зіма і вясна цёплыя.

Да Змітра дзеўка хітра – канец надзеі выйсьці замуж у гэтым годзе.

1050 год. Нарадзіўся Святаполк Ізяслававіч

Князь полацкі, тураўскі, вялікі князь кіеўскі.

Унук князя Яраслава Мудрага, праўнук княгіні Рагнеды Рагвалодаўны.

Пасля смерці брата Мсціслава Ізяслававіча ў Полацку стаў ненадоўга князем крывіцкім, але ў 1071 годзе быў выгнаны Ўсяславам ІІ Чарадзеем.

У 1078-1088 гадах быў князем ноўгародскім і пастаянна ваяваў з Полацкам. 

У 1088 годзе стаў княжыць у Тураве і марыць аб кіеўскім стальцы. Яго мары здзейсніліся ў 1093 годзе. 

Пасля смерці Святаполка 16 красавіка 1113 года ў Кіеве пачаўся бунт, у выніку якога ўлада перайшла да Ўладзіміра Манамаха.

wikimedia.org

 1784 год. Нарадзіўся Тэадор Нарбут

Гісторык, археолаг, інжынер.

Удзельнічаў у расійска-пруска-французскай (1806-1807) і расійска-шведскай (1808-1809) войнах як ваенны інжынер. Удзельнік праектавання і будаўніцтва Бабруйскай крэпасці.

Даследчык гісторыі ВКЛ, праводзіў археалагічныя раскопкі ў Падняпроўі і Панямонні, аўтар  «Гісторыі літоўскага народа».

Першым на Беларусі даў вызначэнне курганам як месцам старажытных пахаванняў. Сцвярджаў, што дрыгавічы невядомага паходжання жылі каля Кіева. Даследаваў Лідскі замак, надрукаваў артыкулы пра Ліду, Навагрудак, Індуру і іншыя. Увёў у навуковы ўжытак «Хроніку Быхаўца» (1846).

Меў багатую калекцыю археалагічных матэрыялаў.

Быў арыштаваны ў сувязі з падзеямі паўстання 1863-1864 гадоў.

Памёр 26 лістапада 1864 года ў Вільні.

1793 год. Адчыніўся для публікі нацыянальны мастацкі музей у Луўры.

Луўр у Парыжы – помнік архітэктуры і адзін з найбуйнейшых мастацкіх музеяў свету.

Пабудаваны як крэпасць на рацэ Сене ў 1190 годзе. У ХVI стагоддзі пераўтвораны ў жылы замак, затым перабудаваны ў каралеўскую рэзідэнцыю.

У 1672 годзе Людовік XIII пабудаваў Версаль, і туды быў перанесены каралеўскі двор. У Луўры ў 1725 годзе Акадэмія мастацтваў зладзіла мастацкія салоны.

У аснове збору Луўра ляжаць былыя каралеўскія калекцыі, а таксама калекцыі кляштараў і некаторых асоб. 

У Луўры захоўваюцца ўнікальныя зборы ўсходніх старажытнасцяў, старажытнаегіпецкага, антычнага, заходнееўрапейскага і італьянскага мастацтва.

Сярод іх – старажытнагрэцкія статуі “Ніка Самафракійская” і “Венера Мілоская”, статуі Мікеланджэла “Паўсталы раб” і “Паміраючы раб”, партрэт Моны Лізы (“Джаконда”) да Вінчы, творы Рубенса, Рэмбрандта, Пусэна, Ватта, Давіда , Дэлакруа, Курбэ.

tunnel.ru

1789 год. Вынайдзены напой бурбон. 

Вялебны Элайдж Крэйг з мястэчка Бурбон (штат Кентукі) упершыню прыгатаваў разнавіднасць віскі – бурбон. 

Асноўнае адрозненне яго ад еўрапейскага віскі заключаецца ў тым, што бурбон вырабляецца з кукурузы, а не з ячменю, і вытрымліваецца ў спецыяльных бочках.

tunnel.ru

 1858 год. Нарадзіўся Тадэвуш Урублеўскі.  

Адвакат, грамадскі дзеяч. Пляменнік Валерыя Урублеўскага – лідара паўстання 1863-1864 гадоў, генерала Парыжскай Камуны.

Адзін з прызнаных лідараў літоўскага руху.

Быў упэўнены, што «мір і згода запануюць у нашым краі, калі ўсе мы будзем імкнуцца да ўсталявання брацкіх і справядлівых адносінаў уласнымі сіламі, а не пры дапамозе паліцыі, судовых прысудаў і турмаў».

Сабраў багатую бібліятэку, якую потым перадаў гораду Вільні.

Памёр 7 жнўня1925 года.

wikimedia.org

 

1883 года. Нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі. Беларускі пісьменнік, грамадскі і палітычны дзеяч, гісторык, філолаг, літаратуразнавец, этнограф, акадэмік АН Беларусі.

Рэдактар, выдавец  беларускіх газет, часопісаў, кніг, падручнікаў.

Кіраўнік Кабінета міністраў Народнай рады БНР.  

Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце, сакратаром Інбелкульта, у Камісіі жывой беларускай мовы, Камісіі па ахове помнікаў старасветчыны, арганізатарам этнаграфічных экспедыцый, у час адной з якой быў знойдзены Крыж Ефрасінні Полацкай.

Ставіў нацыянальныя інтарэсы вышэй за класавыя, лічыў нацыянальную праблему найважнейшай у гісторыі. Адмаўляў канцэпцыю адзінства гістарычных лёсаў Расіі і Беларусі.

Аўтар «Кароткай гісторыі Беларусі» (1910) – першай кнігі, у якой была спроба абгрунтаваць беларускі характар Вялікага княства Літоўскага, «Падручнага расійска-крыўскага слоўніка» (1924), фантастычнай аповесці «Лабірынты», сцэнічнага эпізода з жыцця Ф. Скарыны («Адзінокі»), апрацовак гістарычных легенд, апавяданняў, артыкулаў пра знакамітых беларускіх дзеячаў, па гісторыі Беларусі, перакладаў з рускай, англійскай, польскай, дацкай і іншых моў.

21 ліпеня 1930 года арыштаваны ДПУ. Утрымліваўся ў турмах Масквы і Мінска, знаходзіўся ў ссылцы. 

Паўторна арыштаваны 20 жніўня 1937, 23 студзеня 1938 прыгавораны да расстрэлу і ў той жа дзень расстраляны.

1895 год. Вільгельм Конрад Рёнтген адкрыў невядомыя да гэтуль – Х-прамяні

Позна ўвечары, сыходзячы са сваёй лабараторыі, Рёнтген накрыў разрадную трубку, з якой працаваў увесь дзень шчыльным кардонным футаралам і ўжо ў дзвярах па звычцы павярнуўся праверыць, ці ўсё ў парадку. І тут ён заўважыў дзіўнае свячэнне на стале: свяціўся ліст паперы, пакрыты соллю сіняроднага барыю. Але побач не было крыніцы святла, працавала толькі разрадная трубка. 

Усяго некалькі хвілін спатрэбілася вучонаму, каб зразумець: значыць, існуе іншае выпраменьванне, якое здольнае праходзіць скрозь шкло і кардон.

50 сутак навуковец не выходзіў з лабараторыі: прасвечваў прамянямі розныя прадметы: кнігу, скрыню з гірамі, калоду карт. 

Ён прыйшоў да высновы, што новыя промні здольныя пранікаць скрозь непразрыстыя прадметы і пераадольваць адлегласць 1,5-2 метры. Ён адкрыў X-прамяні – нябачнае вокам выпраменьванне з даўжынёй хвалі 0,005 – 100 нанаметраў.

Першым чалавекам, якому Рёнтген вырашыўся прадэманстраваць сваё адкрыццё, стала яго жонка Берта. 

28 снежня прафесар дазволіў ёй увайсці ў лабараторыю і зрабіў першы ў гісторыі рэнтгенаўскі (больш правільна – рёнтгенаўскі) здымак. Гэты здымак кісці рукі фраў Берты за некалькі дзён абышоў увесь свет.

tunnel.ru

 1908 год. Нарадзіўся Міхась Багун

Беларускі паэт, празаік, перакладчык.

Аўтар лірычных рамантычна-акрыленых твораў: шэрагу зборнікаў, паэм. Пісаў і апавяданні для дзяцей.  

Перакладчык на беларускую мову М. Астроўскага «Як гартавалася сталь», вершаў А. Пушкіна, У. Маякоўскага, Э. Багрыцкага і іншых.

Некаторыя яго вершы, пакладзеныя на музыку, увайшлі ў фальклорныя запісы.

Арыштаваны ў лістападзе 1936 года, прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі. Памёр 17 лютага 1938 года ў перасыльным лагерным пункце.

1956 год. Адкрыццё Музэя абароны Брэсцкай крэпасці. 

Расшыраная экспазіцыя з 9 залямі была адчынена 25 чэрвеня 1961 года да 20-годдзя абароны. Права адкрыць яё было прадастаўлена  абаронцу крэпасці Герою Савецкага Саюза П. Гаўрылаву.

8 мая 1965 года Брэсцкай крэпасці прысвоена званне «Крэпасць-герой».

У 1969 годзе музей перададзены з Міністэрства абароны СССР у падпарадкаванне  Міністэрства культуры БССР.

Зараз экспазіцыі размешчаны на  1 270 м2. У 10 залях музея прадстаўлена 4 000 экспанатаў.  

За гады існавання музей наведалі 25 мільёнаў чалавек са 140 краін свету.

brest-fortress.by

 1975 год. Адбылося паўстанне на вялікім супрацьлодкавым караблі Балтыйскага флота “Вартавы” ў Балтыйску. 

Пасля ваенна-марскога парада ў Рызе, у ноч з 8 на 9 лістапада кіраванне караблём было захоплена зампалітам карабля, капітанам 3-га рангу Валерыем Сабліным. 

Ён лічыў, што ўлада вядзе народ не тым шляхам. Марскі афіцэр распрацаваў дэталёвую праграму пераўладкавання грамадства. Ён выступаў за шматпартыйнасць, свабоду слова, змяненне парадку выбараў у партыі і краіне. 

У яго планах было прывесці карабель у Ленінград і там агучыць свае патрабаванні. Карабель быў перахоплены памежнымі вартаўнічымі караблямі і марской авіяцыяй. 

Па прыгаворы ваеннага трыбунала Саблін быў расстраляны. 

У 1994 годзе справа В. Сабліна была перагледжана Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда РФ.  Яму замянілі “расстрэльны” артыкул на 10 гадоў турэмнага зняволення.

1980 год. Нарадзіўся Канстанцін Касцючэнка

Сучасны беларускі скульптар. «Мінчанін года» (2015), ЛаўрэатДзяржпрэміі.

Сярод яго вядомых твораў манумент «Брама Памяці», частка мемарыяльнага комплексу «Трасцянец» у мінскіх Шабанах, скульптура «Манета» перад галоўным офісам банка «Дабрабыт» у Мінску, помнік Івану Шамякіну ў Добрушы (у суаўтарстве).

wikimedia.org

2010 год. Памёр Міхаіл Савіцкі

Народны мастак. Акадэмік акадэміі мастацтваў Расіі, акадэміі навук Беларусі, Герой Беларусі. Працаваў у галіне станкавага і манументальнага жывапісу. 

У аснове твораў ваеннай тэматыкі асабістыя ўражанні ад гераічнай барацьбы народа супраць акупантаў, злачынстваў фашыстаў супраць чалавецтва. Значнае месца ў творчасці займаюць партрэты, хрысціянская тэматыка.

wikimedia.org