Старшыня БРСМ, магілёвец Аляксандр Лук’янаў наведаў акупаваную Аўдзееўку. Хто ён такі?

“Кіраўнік ДНР” Дзяніс Пушылін апублікаваў пра гэта пост у сваім Тэлеграм-канале і тут жа выдаліў. 

Першы сакратар БРСМ і член Савета Рэспублікі Аляксандр Лук’янаў пабываў ва ўкраінскім горадзе Аўдзееўка, дзе сустракаўся з прызначаным Крамлём кіраўніком марыянетачнай “Данецкай народнай рэспублікі” Дзянісам Пушыліным. Паведамленне пра гэта Пушылін размясціў у сваім Тэлеграм-канале, заўважыла выданне Zerkalo.io.

пушилин авдеевка

Раней Лук’янаў ужо бываў на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны. Разам з прапагандыстам Рыгорам Азаронкам, у 2023 годзе ён праводзіў свой адпачынак у Запарожскай і Херсонскай абласцях. Паведамляецца, што кіраўнік БРСМ цесна супрацоўнічае з расійскай акупацыйнай адміністрацыяй, у тым ліку, беручы ўдзел у вывазе ўкраінскіх дзяцей у Беларусь дзеля “аздараўлення”.

Лукъянов Азаренок

Аляксандр Лук’янаў нарадзіўся ў Магілёве ў 1989 годзе ў сям’і супрацоўніка МНС. Бацька і маці Лук’янава працавалі ў кампаніі “Пажспецсервіс” – дырэктарам і намеснікам дырэктара адпаведна. 

Лук’янаў вучыўся ў вышэйшых навучальных установах сістэмы МНС, абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме прымянення нанадысперсных прэпаратаў для зніжэння гаручасці матэрыялаў. Працаваў выкладчыкам. Але навуковую дзейнасць рэзка памяняў на ідэалагічную, калі прыняў удзел у праекце “100 ідэй для Беларусі” ад БРСМ. 

Пачынаючы з 2018 года Аляксандр Лук’янаў пачаў імклівую кар’еру ў БРСМ, стаўшы прадстаўніком арганізацыі ў Маладзёжнай палаце пры Парламенцкім сходзе Беларусі і Расіі, а ўжо ў 2021-м ён быў абраны першым сакратаром усяго БРСМ.

Прычыну такога хуткага роста расследвальнікі звязваюць з гарачай падтрымкай Лукашэнкі падчас падзей 2020 года. “Наша ніва” расказвае, што ў тым годзе, з-за розніцы ў палітычных поглядах, Лук’янаў спыніў камунікацыю з шматлікімі знаёмымі, а сомому яму нібыта прыходзіла “па 30-40” паведамленняў з пагрозамі ў дзень.

Пасля хвалі рэпрэсій, што абрынуліся на беларускае грамадства ў апошнія гады, кіраўніцтву БРСМ пастаўлена задача замяніць тыя грамадскія арганізацыі, што займаліся гуманітарнай дзейнасцю ў рэгіёнах. Як гэта робіць ведамства Аляксандра Лук’янава, можна было пабачыць некалькі дзён таму ў Магілёве – mogilev.media пісалі пра тое, як “Галоўны БРСМ-авец краіны “маніторыў” цэнтральны ўнівермаг Магілёва”.

Фота: zerkalo.io

Расіяне заяўляюць пра захоп Саледара, украінскія вайскоўцы сцвярджаюць, што горад у “шэрай зоне”

Сітуацыя крытычная – прызнаюць салдаты ЗСУ – “Мы трымаемся да апошняга”.

Увечары 10 студзеня глава прыватнай ваеннай кампаніі “Вагнер” Яўген Прыгожын і кіраўнік самаабвешчанай ДНР Дзяніс Пушылін заявілі, што “вагнераўцы” цалкам захапілі украінскі горад Саледар.

Прыгожын – дэзертырства ўкраінцаў не было

– Падраздзяленні ПВК «Вагнер» узялі пад кантроль усю тэрыторыю Соледара. У цэнтры горада ўтвораны кацёл, у якім вядуцца гарадскія баі. Колькасць палонных будзе паведамлена заўтра. – гаворыцца ў начной афіцыйнай заяве Прыгожына на яго тэлеграм-канале – Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што ў штурме Салядара не ўдзельнічалі ніякія падраздзяленні акрамя байцоў ПВК «Вагнер».

Пры гэтым кіраўнік “Вагнера” абверг чуткі пра дэзерцірства салдат ЗСУ з Саледара: “Сённяз’явілася інфармацыя, што ў групоўку пад Бахмут перакінутыя супрацоўнікі СБУ, задачай якіх з’яўляецца спыніць дэзерцірства ў шэрагах ВСУ. Давайце будзем сумленнымі адзін з адным. Гэта не так. Украінская армія адважна змагаецца за Бахмут і Саледар. На заходніх ускраінах Саледара ідуць найцяжкія кровапралітныя баі. ВСУ з гонарам абараняюць тэрыторыю Саледара. Таму інфармацыя пра іх масавае дэзерцірства не адпавядае рэчаіснасці.

Салдат ЗСУ – сітуацыя крытычная

Пра стан рэчаў у Саледары карэспандэнту агенцтва CNN расказаў адзін з байцоў украінскай арміі, неназваны ваеннаслужачы 46-ай аэрамабільнай брыгады:

– Сітуацыя крытычная. Складаная. Мы трымаемся да апошняга.

Ваеннаслужачы апісаў дынамічнае поле бою, дзе будынкі штодзень пераходзяць з рук у рукі, а падраздзяленні не могуць адсочваць рост колькасці загінуўшых.

– Ніхто вам не скажа, колькі ёсць загінуўшых і параненых. Таму што ніхто не ведае дакладна. Ні адзін чалавек. Ні ў штабе. Нідзе. Пазіцыі бяруцца і здаюцца пастаянна. Тое, што сёння было нашым домам, заўтра становіцца домам “Вагнера”. У Саледары ніхто не лічыць загінуўшых – сказаў ён.

Па словах вайскоўца, па стане на вечар 10 студзеня было незразумела, якую частку горада ўтрымліваюць расейцы.

Інфармацыю пра акружэнне украінскіх вайскоўцаў абвяргае журналіст Юрый Бутусаў, які знаходзіцца ў Саледары ў гэтыя дні:

– Расійскія каналы распаўсюджваюць дэзінфармацыю па абстаноўцы на фронте. Ніякіх акружэнняў нашых войскаў няма.

Фота: Associated Press