Што будзе з астраўнымі дзяржавамі, калі іх цалкам паглыне акіян з-за глабальнага пацяплення?

Тэрыторыя такой дзяржавы як Тувалу падымаецца над узроўнем акіяна ўсяго на 2 метры. Калі гіганцкі ляднік Туэйтс у Антарктыдзе абрынецца ў ваду, то адно толькі гэта прывядзе да павышэння ўзроўню сусветнага акіяна на 1,5 метры.

Канечне, гэты працэс зацягнецца на дзесяцігоддзі, і па меркаванні даследчыкаў, наўрадці да пачаткку ХХІІ стагоддзя Тувалу цалкам знікне пад марскімі хвалямі. Але ўжо цяпер Форум Ціхаакіянскіх астравоў праводзіць кансультацыі, каб вызначыцца з асноўнымі выклікамі для малых астраўных дзяржаў і спосабамі абароны правоў свах грамадзян – паведамляе Guardian.

Малыя астраўныя дзяржавы складаюць каля 25% ад агульнай колькасці краін. Пры гэтым на іх прыходзіцца ўсяго 1% вуглекіслых выкідаў у свеце, з-за якіх яшчэ мінімум цэлае стагоддзе будзе адбывацца пад’ём узроўню сусветнага акіяна. Што чакае гэтыя краіны ў будучыні, калі іх народы проста згубяць сваю тэрыторыю? 

На дадзены момант вызначэнне дзяржаўнасці ў адпаведнасці з міжнародным правам знайшло сваё адлюстраванне ў Канвенцыі Мантэвідэа, якая ўстанаўлівае чатыры крытэры: фізічная тэрыторыя, насельніцтва, урад і здольнасць уступаць у адносіны з іншымі краінамі. 

– Калі мы прымаем гэтае вызначэнне, то Тувалу магло б страціць свой статус дзяржавы, калі згубіць сваю фізічную тэрыторыю. Або мы будзем вымушаныя пераехаць у іншае месца. – пракаментаваў сітуацыю міністр замежных спраў Тувалу Сайман Кофе – Такім чынам, мы проста ўяўляем сабе гэты найгоршы сцэнар – калі да гэтага ўсё ж дойдзе, мы хацелі б, каб свет працягваў прызнаваць нашу дзяржаўнасць як пастаянную.

Сваю заяву на форуме COP26 Сайман Кофе рабіў стоячы па калена ў вадзе

На канферэнцыі па гэтай тэме на Фіджы ў гэтым годзе прэм’ер- міністр Астравоў Кука Марк Браўн сфармуляваў шэраг экзістэнцыяльных пытанняў: 

– Што стане з нашым суверэнітэтам, калі нашы берагі раз’ядаюцца павышэннем узроўню мора? Што будзе з нашымі асноўнымі правамі і свабодамі, гарантаванымі нашымі канстытуцыямі і Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека? Як мы можам рэалізаваць наша агульнае бачанне, калі сам наш статус «дзяржавы» пастаўлены пад сумнеў? Як мы можам выканаць свой абавязак перад нашымі народамі, калі ў іх забіраюць дамы і сродкі да існавання? Гэтыя пытанні складаныя, але рэальныя. Яны патрабуюць рашэнняў.

Тувалу і іншыя астраўныя дзяржавы нядаўна пачалі ўмацоўваць некаторыя свае берагавыя лініі бетоннымі бар’ерамі супраць паводак, але гэта толькі частковая абарона, якая з цягам часу слабее і заўсёды будзе ўразлівай да цунамі або іншых буйных паводак, а таксама ад уздымаў грунтавых вод.

Сутыкнуўшыся з гэтымі пагрозамі цэласнасці нацыі, Форум ціхаакіянскіх астравоў заклікаў да міжнародных гарантый існуючых марскіх зон – і рэсурсаў у іх – нават калі сухапутная тэрыторыя размываецца.

Выгляд са спадарожніка атола Фунафуці, на якім знаходзіцца сталіца астраўной дзяржавы Тувалу. Фота: Universal Images Group North America LLC/Alamy

На сённяшні час некалькі краін свету ўзялі на сябе абавязацельства прызнаваць дзяржаўнасць астраўных краін нягледзячы на стан іх берагавой лініі, гэта Венесуэла, Багамы, Сент-Кітс, Сент-Люсія, Вануату, Ніуэ, Палаў, Габон і Тайвань. Тувалу таксама абмяркоўвае гэтае пытанне з вялікімі суседзямі, такімі як Новая Зеландыя і Аўстралія.

Тувалу таксама адлічбоўвае свой урад, каб палегчыць перамяшчэнне грамадзян і інстытуцый, у той час як навукоўцы-правазнаўцы разглядаюць пытанне аб тым, ці можна захаваць дзяржаўнасць шляхам арэнды зямлі ў іншай краіне.

Яшчэ адна праблема заключаецца ў тым, ці зможа насельніцтва захаваць свае законныя правы і культурную згуртаванасць як пастаянная дыяспара. Міжнароднае права не мае спецыяльнай юрыдычнай катэгорыі для кліматычных бежанцаў або людзей, якія пацярпелі ад павышэння ўзроўню мора. Таму, могуць узнікнуць складанасці, калі людзі эвакуіруюцца ў іншую краіну, якая не дазваляе падвойнае грамадзянства або рэгістрацыю нараджэння замежных грамадзян.

Адным з рашэнняў, прапанаваных Сусветным банкам, было б аб’яднанне з іншай дзяржавай, як гэта зрабілі Занзібар і Танганьіка ў 1964 годзе, каб утварыць Танзанію.

Фота з адкрытых крыніц