Заўтра ў Магілёве адбудзецца чарговае абмеркаванне праекта «Рэканструкцыя парка імя Горкага з узвядзеннем музейнага комплексу і добраўпарадкаваннем тэрыторыі ў г.Магілёве». Нагадаем, што гэты праект прадугледжвае знішчэнне большай часткі парка Горкага, а культурны слой Замкавай гары, на якой паўстаў Магілёў, будзе амаль цалкам вынішчаны – пісалі mogilev.media.
У адказ на планы гарвыканкама па будаўніцтве музейнага комплекса на платформе petitions.by была створана петыцыя “Супраць знішчэння парку і замчышча ў Магілёве пад музей цара”.
Як праект музея парушае заканадаўства
Аўтары петыцыі падрабязна патлумачылі, якія заканадаўчыя нормы і нарматывы будуць груба парушаныя ў выпадку рэалізацыі праекта з музеем цару. Прывядзем іх тут цалкам.
- Паводле праекта зон аховы гістарычнага цэнтра Магілёва (далей ПЗА), зацверджанага ў 2023 годзе тэрыторыя магілёўскага замчышча, на якім быў разбіты парк, знаходзіцца ў межах першага ўчастка ахоўнай зоны. Згодна з рэгламентамі гэтай зоны забараняецца знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану гісторыка-культурных каштоўнасцей.
- Пры рэалізацыі праекта з падземным паверхам будзе цалкам, падчыстую знішчаны культурны пласт на тэрыторыі найбольш старажытнай часткі горада – колішняга Магілёўскага замка, які існаваў у XVI – XIX стагоддзях. Тут у зямлі захаваліся грунтавы могільнік і рэшткі сярэднявечных умацаванняў (XII – XIII стст.). Культурны пласт гістарычнага цэнтра з’яўляецца складовай часткай гісторыка-культурнай каштоўнасці пад шыфрам 512Е000001, таму яго разбурэнне супярэчыць рэгламентам ПЗА. Да таго ж чужародны па архітэктуры аб’ект на месцы парку і драўляных умацаванняў пагоршыць традыцыйнае ўспрыманне гістарычнага цэнтра, што таксама забаронена ПЗА.
- Паводле іншага рэгламенту на гэтай тэрыторыі забаронена ўзвядзенне новых будынкаў перыметральнай забудовы кварталаў пры наяўнасці архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў аб страчанай гістарычна значнай забудове. У дадзеным выпадку гістарычна значнымі ў перыметральнай забудове квартала замчышча з’яўляліся ягоныя вежы і сцены.
- Яшчэ адзін пункт ПЗА на гэтым участку ахоўнай зоны забараняе змяненне (ці страта) элементаў гістарычнага ландшафту ўздоўж берагоў р. Дубравенка, р. Дзебра, карэннага правага берага р. Днепр, тэрыторыі парка культуры і адпачынку імя М. Горкага. Рэалізацыя прадстаўленага праекта прывядзе да вынішчэння амаль усіх (акрамя аднаго) дрэваў на палове тэрыторыі парку Горкага. Таксама праектам прадугледжаны зрэз натуральнага пагорка, на якім паўстане асноўны паверх музейнага комплекс. Гэта ўсё з’яўляецца відавочным і непапраўным змяненнем гістарычнага ландшафту парку.
Такім чынам – гаворыцца ў петыцыі – прадстаўлены праект не можа быць прыняты да рэалізацыі праз грубае парушэнне рэгламентаў зон аховы гістарычнага цэнтра.
Нязгодных запрасілі пяць чалавек
У адказ на петыцыю Магілёўскі гарвыканкам запрасіў нязгодных з праектам музея на чарговае абмеркаванне праекта. Ад усіх заяўнікаў патрабуецца прыйсці не больш чым пяці падпісантам. Сустрэча запланаваная на заўтра, 11 верасня ў 14.20 у кабінеце 320 гарвыканкама.