Праваабаронцу Марфу Рабкову адправілі ў калонію на 15 гадоў

Іншым фігурантам справы далі ад 5 да 17 гадоў. Усе яны прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітзняволенымі.

27-гадовай актывістцы выставілі абвінавачванні па дзесяці артыкулах крымінальнага кодэксу. Да суду маладую жанчыну трымалі ў няволі амаль два гады.

Каардынатарку Валанцёрскай службы адной з беларускіх праваабарончых арганізацыяў разам з мужам схапілі 17 верасня 2020 году. Пазней мужа адпусцілі, а Марфу Рабкову затрымалі ў межах крымінальнай справы за «навучанне, ці іншую падрыхтоўку асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне такой дзейнасці».

Праз год няволі актывістка напісала сваякам, што яе збіраюцца судзіць па 11 артыкулах крымінальнага кодэксу. Сярод якіх традыцыйныя для палітычна матываваных справаў: «арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання», «Распальванне сацыяльнай варожасці групай асоб» і іншыя.

Паводле калегаў Рабковай, матэрыялы справы супраць яе налічвалі 160 тамоў.

З патрабаваннем да беларускіх уладаў вызваліць Марфу Рабкову звярнуліся аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі.

Мінскі гарадскі суд пачаў разглядаць справу 25 красавіка 2022 года. З хадайніцтва пракурора Рамана Бізюка працэс зрабілі закрыты. Прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачвання абгрунтаваў сваю пазіцыю тым, што ў матэрыялах крымінальнай справы “ёсць матэрыялы экстрэмісцкай скіраванасці”. Суддзя Сяргей Хрыпач задаволіў хадайніцтва пракурора.

Фігурантамі адной з Рабковай справы былі яшчэ 9 чалавек. Як пішуць праваабаронцы агулам іх асудзілі на 94 гады пазбаўлення волі.

  • Аляксандр Францкевіч – 17 гадоў;
  • Акіхіра Гаеўскі-Ханада – 16 гадоў;
  • Аляксей Галаўко – 12 гадоў;
  • Павел Шпетны, Мікіта Дранец, Аляксандр Казлянка, Андрэй Чапюк– па 6 гадоў;
  • Андрэй Марач, Даніла Чуль – па 5 гадоў.

 

Журналістка Дар’я Чульцова на волі

Дар’ю Чульцову вызвалілі з Гомельскай папраўчай установы. Пра тое паведамляюць незалежныя медыі.

Журналісту ўтрымлівалі за кратамі з 15 лістапада 2020 году. Разам з каляжанкай Кацярынай Андрэевай (Бухвалавай) яе зняволілі ў кватэры, дзе яны хаваліся пасля разгону пратэсту на «плошчы Перамен» у Мінску. Журналісткі вялі стрым падчас асвятлення акцыі памяці Рамана Бандарэнкі.

Спачатку Чульцову і Андрэеву асудзілі на 7 дзён адміністрацыйнага арышту за «удзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаванні». Потым абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. 18 лютага 2021 году ім прысудзілі па 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Праваабарончай супольнасцю прызнаная палітзняволенай.

Дар’я Чульцова са Шклову. У зняволенні, 20 лютага адзначыла 25-годдзе.

Журналістыку Дар’я ўпадабала ў старшых класах. Скончыла факультэт журналістыкі Магілёўскага ўніверсітэту імя Куляшова. Працавала ў мясцовым інтэрнэт-выданні «Могилёв. Онлайн». 

У 2019 годзе пачала супрацоўнічаць з адным з тэлеканалаў. Яна разумела, што супрацоўніцтва з ім стане нагодай для пераследу і рэпрэсіяў. У Магілёве яе двойчы штрафавалі за працу без акрэдытацыі.

У верасні 2020 году перабралася ў сталіцу і там пачала рабіць аператаркай. Пра ейны арышт родным стала вядома з смс-паведамлення праваабаронцаў.