Пятнаццаць чалавек былі затрыманыя, адну краму абвінавацілі ў незаконным збыце зброі.
Міліцыя правяла рэйд па прадстаўніках Таварыства паляўнічых і рыбаловаў Магілёўскага рэгіёна – паведамляюць у ведамстве. Падставай стаў факт быццам бы незаконнага продажу адным з паляўнічых каля 60 патронаў свайму земляку, што не меў права на трыманне зброі. Банальны, здавалася б, браканьерскі выпадак магілёўская міліцыя ператварыла ў цэлую акцыю. Як расказаў у сваім каментарыі прадстаўнік ГУБАЗіК Уладзімір Горагляд, дазнаўшыся пра здзелку, аператыўнікі затрымалі каля 15 чалавек, а таксама зладзілі ператрус у неназванай краме паляўнічых тавараў.
Вынік акцыі павінен уразіць непадрыхтаванага слухача маштабамі – “па месцах іх жыхарства знойдзена 30 адзінак агнястрэльнай і халоднай зброі, больш за 7 000 патронаў, 11 слоікаў з порахам, 3 тратылавыя шашкі.” Але што з гэтага ўтрымлівалася ў гаспадарках законна, а што не, і наогул, ці аднеслі “праваахоўнікі” да халоднай зброі кухонныя нажы – не гаворыцца.
Яшчэ адна цытата ўказвае, відаць, на маніпулятыўнае ўспрыманне інфармацыі: “падчас праверкі магазіна паляўнічых тавараў канфіскавана амаль 400 незаконна захоўваемых, а таксама несертыфікаваных патронаў”. Незразумела, тавары захоўваліся сапраўды незаконна, ці ўзніклі пытанні з сертыфікацыяй?
Можа здарыцца, што пад гучнае раскрыццё надуманай справы мгуць паляцець галовы выпадковых вінаватых.
Фота: УУС