Сусветны дзень кітоў і дэльфінаў (World Whale and Dolphin Day, з 1986 года).
Міжнародная кітабойная камісія, пасля 200 гадоў бязлітаснага знішчэння кітоў, увяла забарону на іх промысел, гандаль кітовым мясам.
Забарона дзейнічае і дагэтуль і азначае, што ва ўсім свеце паляванне на кітоў, а таксама гандаль кітовым мясам забаронены.
Аднак, кітовы промысел – не адзіная пагроза для дадзеных жывёл. Яшчэ адзін з галоўных фактараў знікнення кітоў, дэльфінаў і іншых марскіх млекакормячых – гэта іх адлоў для дэльфінарыяў, акіянарыумаў і цыркаў.
Штогод у гэты дзень розныя прыродаахоўныя групы і арганізацыі праводзяць акцыі і дэманстрацыі ў абарону кітоў і іншых марскіх млекакормячых.
1148 год. Крыжакі падышлі да Дамаска.
На наступны дзень пачалася яго аблога. Адбывалася падчас Другога крыжовага пахода (1147-1149) у адказ на захоп мусульманамі Эдэскага графства.
4-х дзённая аблога Дамаска была безвыніковай. Дамаскам правіў візір Муйнадзін Унар, які прыняў рашэнне абараняць горад ад крыжакоў. Ён адправіў паслоў у Сірыю за дапамогай.
Аблога Дамаска скончылася 28 ліпеня адступленнем крыжацкага войска.
Восенню 1148 года войска крыжакоў пакінула тэрыторыю Святой Зямлі, морам адправіўшыся назад у Еўропу. Гэта ў канчатковым выніку прывяло да падзення Іерусаліма і пачатку трэцяга крыжовага паходу.
1610 год. У Магілёве на Ільінскай гары на Папенцы пакараны завадатары бунту супраць гарадскога магістрата.
Падчас новага буйнога выступлення гарадскія нізы імкнуліся падняць узброенае паўстанне, але яно было падаўлена войскамі, а пяць кіраўнікоў паўстання былі прыгавораны на смерць.
На гэтым скончылася першае гарадское паўстанне ў Магілёве (1606-1610), якое спачатку ўзначаліў Стахор Міткавіч.
1633 год. Па прывілею караля Жыгімонта ІІІ жыхарам Магілёва, усім яўрэям, што пасяліліся на гарадской гандлёвай плошчы, было загадана выселіцца за гарадскі вал.
1867 год. У Расійскай імперыі створана Туркестанскае генерал-губернатарства на чале з выхадцам з Кругляншчыны, выхаванцам Магілёўскай гімназіі Міхаілам Чарняевым (1828-1898).
Знакаміты і як галоўнакамандуючы сербскай арміяй (1876), і як выдавец пецярбургскай газеты “Русский мир” (1873-1878).
1881 год. У бельгійскім Льежы заснавана Міжнародная федэрацыя гімнастыкі, FIG (Federation Internationale de Gymnastique).
Найстарэйшая ў свеце спартовая арганізацыя.
Толькі праз 11 гадоў былі створаны яшчэ два міжнародныя аб’яднанні – Саюз канькабежцаў і Федэрацыя веславання, яшчэ годам пазней – Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК), а ўсе астатнія аб’яднанні спартсменаў – стварэнні XX стагоддзя. Спачатку ў гэтую арганізацыю ўваходзілі ўсяго тры дзяржавы: Бельгія, Нідэрланды і Францыя.
Да 1897 года ў ёй налічвалася ўжо 17 еўрапейскіх краін. Зараз у федэрацыі 130 краін свету.
1888 год. У Кіеве на Сафійскай плошчы адкрыты помнік гетману Багдану Хмяльніцкаму.
Выраблены па малюнку мастака і архітэктара-беларуса Міхала Мікешына (1835–1896). Постаць гетмана вырабіў скульптар П. Велёнскі, а каня – А. Обер (ён жа аўтар помніка з арлом у в. Лясная, у гонар бітвы пад Лясной).
1918 год. У Савецкай Расіі ўступіла ў сілу “Часовая інструкцыя аб пазбаўленні волі”.
Першы савецкі дакумент, які вызначаў парадак утрымання зняволеных.
Месцы пазбаўлення волі падзяляліся на мужчынскія і жаночыя, а па прызначэнні – на турмы, рэфарматорыі, земляробчыя калоніі, выпрабавальныя ўстановы, карна-лячэбныя ўстановы для арыштантаў з выяўленымі псіхічнымі дэфектамі і турэмныя бальніцы.
Існавалі таксама арыштныя дамы – для перасылкі і кароткатэрміновага ўтрымання затрыманых.
1922 год. Стварэнне аўтаномнай беларускай мітраполіі.
У мінскім кафедральным праваслаўным саборы Святых апосталаў Пятра і Паўла адбыўся царкоўны сінод, які абвясціў аб стварэнні аўтаномнай беларускай мітраполіі і выбраў мінскага біскупа Мелхіседэка (Паеўскага) Беларускім і Мінскім мітрапалітам. Патрыярх Ціхан прыняў яго ў Маскоўскі патрыярхат, але тытул не прызнаў.
1964 год. Нарадзіўся Ігар Сідарук.
Беларускі празаік-фантасмагорык, драматург-сюррэаліст, выказнік маргінальнай свядомасці, майстар чорнага бурлеску.
Аўтар шэрагу паэтычных зборнікаў, кніг “Квадратная варона”, “Выкраданьне вепрука”, п’ес.
Найбольш вядомая п’еса “Галава” ставілася на сцэне Тэатра нацыянальнай драматургіі “Вольная сцэна” ў пастаноўцы Валерыя Мазынскага.
1983 год. Анекдатычная сітуацыя ледзь не прывяла да трагедыі з “Боінг-767”.
Пасажырскі самалёт “Боінг-767” авіякампаніі “Эйр Канада” прызямліўся з выключанымі рухавікамі на былой ваеннай базе.
На вышыні 40 000 футаў (12 000 м) спыніліся абодва рухавіка, і самалёт змушаны быў планаваць, для таго каб здзейсніць незапланаваную пасадку на былой ваеннай авіябазы Гілмі ў правінцыі Манітоба, бо на паўдарогі ў самалёта скончылася паліва.
Гэты канадскі лайнер быў першым самалётам, на якім выкарыстоўваліся абазначэнні паліва ў кілаграмах, але пілот і штурман па звычцы палічылі запраўку ў фунтах. У выніку няправільнага пераліку на борце самалёта аказалася замест разлічаных 20 400 кг усяго 9 144 кг авіягазы.
1995 год. У аўтакатастрофе загінуў Алесь Ставер (1929-1995).
Беларускі паэт, празаік, драматург.
Аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў, песень, раманаў.
Вядомы песні на яго вершы: “Песня пра Якуба Коласа”, “Жураўлі на Палессе ляцяць”, “Беларусачка” і шматлікія іншыя.
Фота з адкрытых крыніц.