Мастак Марына Несцярук прэзентавала сваю выставу, на якой амаль адны кветкі, і яшчэ Магілёў. Прафесійны мастак і супрацоўніца “Музея гісторыі Маглёва”, Марына Несцярук праяўляе сябе ў розных відах творчасці: манументальна-дэкаратыўны роспіс, жывапіс, ткацтва. Яна аўтар габеленаў, размешчаных у экспазіцыі магілёўскай ратушы, якія выкананы ў тэхніцы ручнога ткацтва, касцюмаў эпохі Магдэбурскага права. Асноўныя і, па словах мастака, любімыя жанры ў жывапісе – нацюрморт і пейзаж.
На выставе прадстаўлены 58 жывапісных палотнаў аўтара. Яе карціны напоўнены энергіяй, захапленнем свету і радасцю жыцця. Творы Марыны Несцярук даюць магчымасць убачыць і адчуць дасканаласць прыроды. Кожная праца мастака – гэта гімн прыгажосці навакольнага свету – паведамляецца на афіцыйным сайце Музея гісторыі Магілёва.
Выстава будзе праходзіць да 18 снежня ў гарадской Выставачнай зале па вуліцы Болдзіна.