Стала вядома, калі пройдуць школьныя канікулы ў наступным навучальным годзе

Міністэрства адукацыі Беларусі апублікавала даты школьных канікул на 2023/2024 навучальны год.  Канікулы пасля першай чвэрці будуць з 29 кастрычніка па 7 лістапада, зімовыя канікулы ў дзетак пройдуць з 24 снежня па 7 студзеня, вясновыя – з 24 па 31 сакавіка. Для дзетак, якія навучаюцца ў першым і другім класах (для школьнікаў з асаблівасцямі развіцця, таксама і ў трэцім класе) будуць дадатковыя зімовыя канікулы з 19 па 25 лютага.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі.14 кастрычніка. Дзень маці. Пакроў Багародзіцы. У Рэчы Паспалітай створана першае ў свеце міністэрства адукацыі. Дзень памяці Івана Шамякіна

Дзень маці (з 1996 года). 

Свята з’яўляецца данінай глыбокай павагі і пашаны да жанчыны-маці, працаўніцы і захавальніцы сямейнага ачага. 

Дзень дапамагае нам яшчэ мацней адчуць веліч і святасць самай важнай місіі жанчыны, звязанай з нараджэннем і выхаваннем дзяцей, усвядоміць яе ролю ў захаванні і ўзмацненні духоўных каштоўнасцяў, маральных ідэалаў у грамадстве і перш за ўсё сямейных.

Пакроў Прасвятой Багародзіцы і Прыснадзевы Марыі. 

Галоўнае восеньскае свята, гісторыя якога ўзыходзіць да 910 года, калі ў адным з храмаў Іерусаліма падчас богаслужэння юродзівы Андрэй і яго вучань Епіфаній убачылі Багародзіцу, якая лунала ў паветры і распрасцерла над тымі, хто моліцца, сваё шырокае белае покрыва.

Пакроў – апякун вяселляў. 

У гэты дзень дзяўчаты моляцца і ставяць свечкі перад абразом Пакрова Багародзіцы ў царкве, імкнуцца правесці дзень весела, верачы, што “калі Пакроў весела правядзеш, сябрука мілага знайдзеш”.

Старыя кажуць: на Пакроў да абеду – восень, пасля – зіма.

1773 год. У Рэчы Паспалітай створана Адукацыйная камісія, Камісія народнай асветы

Першае ў свеце міністэрства адукацыі.

Заснавана Соймам Рэчы Паспалітай. Першы старшыня (1773-1776) – І. Масальскі.

Камісія ажыццявіла рэформу школ і ўніверсітэтаў у духу ідэй Асветніцтва.

Ёй  падпарадкоўваліся Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве і Галоўная школа Вялікага княства Літоўскага (Віленскі ўніверсітэт).

Сярэднюю ступень адукацыі складалі акруговыя і падакруговыя школы.

І. Масальскі

1838 год. Нарадзіўся Міхаіл Радзевіч. 

Беларускі і расійскі публіцыст, крытык, педагог, этнограф. Блізкі сябар Ф. Дастаеўскага, выхавацель ягонага пасынка П. Ісаева. 

Прататып Міхаіла Ракіціна ў рамане Дастаеўскага «Браты Карамазавы».

Выкладаў у Вільні, узначальваў Варшаўскую навучальную дырэкцыю. Прыхільнік ідэй Канстанціна Ушынскага.

На беларускім матэрыяле заснаваны яго педагагічныя і этнаграфічныя нарысы «У народнай школе», «Беларускія народныя школы»  і іншыя.

Публіцыст,  тэатральны крытык. Аўтар камедыі «Мяшчанская нявеста».

Памёр у 1919 годзе.

1899 год. Нарадзіўся Адам Бабарэка. 

Беларускі пісьменнік і крытык.

Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша».

Аўтар кнігі прозы, літаратурна-крытычных прац. Даследаваў гісторыю беларускай літаратуры, творчасць Я. Коласа, М. Багдановіча і іншых.

Рэпрэсаваны НКУС. У 1938 годзе памёр у ГУЛАГу.

1903 год. Нарадзіўся Лявон Рыдлеўскі. 

Беларускі палітычны, грамадскі і ваенны дзеяч. Удзельнік Слуцкага паўстання і антысавецкага партызанскага руху на Палессі.

Дзеяч беларускай дыяспары ў Чэхіі, Францыі, Вялікабрытаніі.

Віцэ-прэзідэнт Рады БНР. Старшыня «Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі».

“Ён фактычна быў апекуном усіх новапрыезжджых беларусаў у Парыжы… быў сапраўды адданы свайму народу» – сведчыць Івонка Сурвіла.

Спрычыніўся да ўратавання каля 200 беларусаў з Даніі ад выдачы СССР.

Аўтар кнігі “Беларусь: Сціслы агляд гісторыі беларускага народу і нацыянальна-вызвольнага руху”. 

1926 год. Выйшла кніга Алана Мілна пра мядведзіка Віні-Пуха.

Прыгоды Віні і Крыстафера Робіна выдадзены дзясяткамі мільёнаў экзэмпляраў, сталі любімым чытаннем многіх пакаленняў дзяцей, перакладзены на 25 моў.  

Дзякуючы пераказу Барыса Заходэра “Віні-Пух і Усе-ўсе-ўсе”, а затым і фільмам студыі “Саюзмультфільм”, дзе мішку агучваў Яўген Лявонаў, Віні-Пух стаў вельмі папулярны ў СССР. 

1929 год. У вёсцы Віктараўка Бабруйскага раёна нарадзіўся Уладзімір Лемяшонак

Беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Працаваў выкладчыкам, галоўным рэдактарам Арганізацыйна-метадычнага цэнтра па выданні гісторыка-дакументальных хронік «Памяць».

Даследаваў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны.

Адзін з аўтараў выданняў «Гісторыя Беларускай ССР», «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны».

1939 год. Нарадзіўся Ральф Лорэн. 

Амерыканскі мадэльер і бізнесмен, «Легенда моды». Выхадзец з сям’і яўрэйскіх імігрантаў з Беларусі. 

Яго бацькі Франк Ліўшыц (з Пінска) і Фрэйдл Котляр (з Гродна).

Заснавальнік кампаніі Polo Ralph Lauren. 

Акрамя адзення, выпускае прадметы інтэр’еру, аксэсуары, парфум, тавары для жывёл.

1964 год. У СССР адбылася змена ўлады. 

На Пленуме ЦК КПСС адхілены ад пасады Першы сакратар ЦК КПСС Мікіта Хрушчоў і прызначаны Леанід Брэжнеў.

У “хрушчоўскую адлігу” (1953-1964) быў выкрыты культ Сталіна, амніставаны многія палітвязні, знізіліся рэпрэсіі, адменена крымінальнае пакаранне за аборты і спазненні на працу і знята забарона на перамену месца працы. 

Былі праведзены рэформы аплаты працы, адпачынкаў, грашовай сферы, пенсійнага забеспячэння,  жыллёвага будаўніцтва, транспарта. Дасягнуты вялікія поспехі ў заваяванні космасу.

Але ўзмацнілася антырэлігійная кампанія. Адбыліся расстрэл працоўных у Новачаркаску, задушэнне Венгерскага паўстання 1956 года, выносіліся смяротныя прысуды валютчыкам, цэхавікам. 

Былі арганізаваны цкаванні Барыса Пастарнака, мастакоў-авангардыстаў.

На кіраванне Хрушчова прыйшліся Карыбскі крызіс, самая напружаная фаза халоднай вайны, крызіс у адносінах з КНР, Албаніяй.

1973 год. Нарадзілася Анжаліка Борыс. 

Грамадскі дзеяч. Настаўніца. Кіраўнік Саюза палякаў на Беларусі, які не прызнаецца сённяшнімі ўладамі.

У 2005 годзе ачоліла Саюз палякаў на Беларусі і змяніла на гэтай пасадзе Т. Кручкоўскага, які імкнуўся да супрацоўніцтва з уладамі. 

За сваю дзейнасць неаднаразова сутыкалася з беларускай праваахоўнай сістэмай.

25 сакавіка 2021 года ў дачыненні да яе распачата крымінальная справа. Борыс і яе паплечнікаў абвінавачваюць у правядзенні масавых мерапрыемстваў, падчас якіх нібыта ўшаноўваліся ўдзельнікі антысавецкіх бандфармаванняў, а іх дзеянні нібыта пераследвалі мэты рэабілітацыі нацызму, апраўдання генацыду беларускага народа.

2004 год. Памёр Іван Шамякін

Беларускі пісьменнік, сцэнарыст,  драматург, грамадскі дзеяч.

Герой Сацыялістычнай Працы. Народны пісьменнік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук.

Старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1971-1985). Галоўны рэдактар «Беларускай савецкай энцыклапедыі» (1980-1992).

Аўтар многіх раманаў, п’ес, кніг апавяданняў і аповесцей. Некаторыя з іх былі інсцэніраваны на «Беларусьфільме», ставіліся ў тэатрах, уключаны ў школьную праграму па беларускай літаратуры.

У гонар Народнага пісьменніка названы Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, Кармянская бібліятэка, усталяваны мемарыяльныя дошкі ў Мінску, у аграгарадку Карма Добрушскага раёна.

Бюст і помнік ўстаноўлены ў Карме і Добрушы.

2013 год. Загінуў у аўтакатострофе Аляксандр Саладкоў.  

Беларускі вучоны ў галіне фізіялогіі, дзяржаўны дзеяч. Доктар медыцынскіх навук, прафесар. 

Працаваў прафесарам, прарэктарам, рэктарам у Віцебскім медыцынскім універсітэце.

Сапраўдны член Нью-Ёркскай акадэміі навук, член таварыства эксперыментальнай біялогіі і медыцыны (ЗША), член Міжнароднай Акадэміі гуманізацыі адукацыі (Германія).