У МДУ імя Куляшова можна будзе здаць міжнародны тэст па кітайскай мове

З верасня 2025 года ў МДУ імя А.Куляшова пачнуць прымаць міжнародныя тэсты па кітайскай мове.

Пра тое, што Інстытут Канфуцыя МДУ атрымаў ліцэнзію на правядзенне такіх тэстаў стала вядома яшчэ на пачатку траўня бягучага года. Сёння ў каментары для Mogilevnews дырэктар Інстытуту Лілія Зайцава распавяла, што з верасня такія тэсты будуць дасяжныя слухачам установы.

Таксама, паводле Зайцавай, ў перспектыве яны плануюць развіваць рознаўзроўневае навучанне кітайскай мове, знаёміць слухачоў з гісторыя і культурай Кітая, традыцыямі кітайскага народа. Акрамя таго, як і раней будуць праводзіцца міжпрадметныя алімпіяды па кітайскай культуры і гісторыі.

Да гэтага часу ў Беларусі права на правядзенне падобных тэстаў мелі толькі Інстытуты Канфуцыя пры БДУ і пры БНТУ. Яны знаходзяцца ў Мінску.

Фотаздымак Інстытут Канфуцыя МДУ

У Магілёве пабудуюць яшчэ адзін падземны пераход

Пачалася падрыхтоўка будаўніцтва новага падземнага перахода ў Магілёве. Ён пройдзе пад скрыжаваннем праспекта Міра з вуліцамі Касманаўтаў і Якубоўскага.

Новы падземны пераход будуецца ў раёне Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова. Гэта будзе Т-падобны пераход, які будзе выходзіць да гандлёвага цэнтра “ПерекрестОК” з аднаго боку, а з другога – да пешаходнага маста праз чыгуначныя шляхі піша канал “Магілёў.Галоўнае”. Зараз на месцы будучага будаўніцтва працуюць камунальшчыкі і служба газу, пракладваюць новыя камунікацыі.

Пераход запраектаваны ў межах работ па стварэнні ў Магілёве ўнутранай кальцавой магістралі. Раней паведамлялася, што лінія новай трасы пройдзе ад перасячэння праспекта Міра з вуліцай Каралёва да перасячэння таго ж праспекта Міра з вуліцай Якубоўскага. Гэта будзе шасціпалосная траса – па тры паласы ў кожны бок.

Фота: канал “Магілёў.Галоўнае”

“Охрана, отмена” – новым дэканам магілёўскага гістфака стала Марыя Мацюшэўская

Толькі два дні давялося пабыць дэканам гісторыка-філалагічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А. Куляшова кандыдату сельскагаспадарчых навук Аляксандру Кісялёву. Яго імя і фотаздымак у якасці дэкана з’явіліся на афіцыйным сайце факультэта 4 ліпеня – пісалі mogilev.media. А ўжо 5 ліпеня рэктар МДУ Дзяніс Дук выдаў загад аб прызначэнні на пасаду дэкана гістфака – пачынаючы з 6 ліпеня – кандыдата гістарычных навук Марыі Мацюшэўскай.

Крыніцы mogilev.media адзначаюць, што тэрміновае пераабранне дэкана гістфака адбылося пасля розгаласу, які выклікала наша публікацыя. 

Мацюшэўская Марыя Іосіфаўна – кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Раней працавала на кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін. Нарадзілася ў Воршы ў 1970 годзе, навучалася і ўсё жыццё працавала ў МДУ імя А. Куляшова.

Фота: msu.by