Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.
_______________________________________________________________
Юры Ганцарэвіч
Журналісту Intex-press прысудзілі 2,5 года за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Нагодай для выраку стала фатаграфаванне ім расійскай тэхнікі і дасыланне фота ў незалежныя медыі.
Сваю віну журналіст у судзе прызнаў цалкам. Свой учынак патлумачыў тым, што «хацеў паказаць, што ў бок Украіны лятаюць не беларускія самалёты, а расійскія; хацеў даказаць, што Беларусь не ўдзельнічае ў ваенных дзеяннях».
_______________________________________________________________
Тамара Падымака, Марына Кіявец, Алена Пуцыковіч, Андрэй Беленькі
У Янаве на Брэстчыне сілавікі затрымалі прынамсі чатырох чалавек: Тамару Падымаку, Марына Кіявец і Алену Пуцыковіч, якая адбывае «хатнюю хімію» за два рэпосты з інфармацыяй пра міліцыянтаў. Зняволены таксама былы намеснік начальніка Іванаўскага РАУС Андрэй Беленькі.
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што ў горадзе праходзіць «шэраг кропкавых затрыманняў удзельнікаў »плана Перамога« ад польскіх спецслужбаў, актывістаў пратэстных акцый 2020 года і аматараў пісаць гадасці ў Інтэрнэце».
_______________________________________________________________
Ігар Леднік
Палітвязню зрабілі аперацыю ў жодзінскім СІЗА на страўнікава-кішачным тракце.
Сябар партыі БСДП з Барысава ідзе на папраўку і самастойна ходзіць.
Неўзабаве ягоную справу павінны перадаць у суд. Ледніка вінавацяць у «паклёпе на Лукашэнку».
_______________________________________________________________
Ігар Рубеж, Максім Жалязноў
62-гадовы Ігар Рубеж і 19-гадовы Максім Жалязноў памілаваныя.
Двое палітвязняў адбывалі пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 7.
Абодва былі асуджаныя за «абразу прадстаўніка ўлады» да 2,5 і 1,5 гадоў «хіміі» адпаведна.