Найбуйнейшым абласным прамысловым прадпрыемствам цяпер кіруе не Пётр Руднік, а Уладзімір Маркаў.
Руднік ачольваў аб’яднанне амаль 6 гадоў. Прадпрыемства працавала, і гэта ўжо добра ў цяперашніх умовах. Але многія адзначаюць, што зорны час Рудніка прыйшоўся на гады кіравання “Магілёўліфтмашам”. Тады прадпрыемства ён, як казалі, “падняў”, і яно стала адным з прамысловых лідараў краіны.
З 2008 па 2014 год Пётр Руднік быў старшынёй Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта. Тут ён працаваў ужо не так паспяхова. На “Магілёўхімвалакно” яго накіравалі з задачай “рэалізацыі новых інвестыцыйных праектаў на самым высокім тэхналагічным узроўні з мінімальнымі расходамі і прыцягненнем замежных фундатараў”. Але прарыву не адбылося, хаця і абвалу не было.
Крэсла генеральнага дырэктара “Магілёўхімвалакно” цяпер заняў Уладзімір Маркаў, якому споўнілася 47 гадоў. Да гэтага ён працаваў дырэктарам ААТ “Завод горнага воску”. Праблемы і само прадпрыества ён ведае, бо раней Маркаў быў дырэктарам завода поліэфірных нітак, намеснікам генеральнага дырэктара Хімвалакно па эканоміцы, фінансах і кіраванні. Усяго на прадпрыемствах хімічнай прамысловасці ён працуе больш за 20 гадоў.