Ад падпольных начных пратэстаў да сямейных сходаў – як іранская моладзь працягвае сваё супраціўленне

16 верасня прайшоў год з дня забойства іранскай паліцыяй нораваў 22-гадовай студэнткі Махсы Аміні за “няправільнае” нашэнне хусткі. Гэта выклікала буйнейшыя акцыі пратэсту ў краіне. The Guardian расказвае, чым жыве моладзевы пратэст у Іране праз год пасля пачатку хваляванняў.

Маладыя іранцы перавялі свае пратэсты супраць аўтарытарнага рэжыму ў падполле праз год пасля смерці ў зняволенні 22-гадовай Махсы Аміні. Яе смерць 16 верасня мінулага года прывяла да найбуйнейшай за апошнія гады хвалі народных пратэстаў у Іране і іх жорсткага разгону спецслужбамі, у выніку чаго сотні мужчын, жанчын і дзяцей былі забітыя і тысячы атрымалі раненні.

Маладыя іранцы, якія размаўлялі з выданнем, кажуць, што працягваюць таемна пратэставаць. «Магчыма, мы часова сышлі з вулічных пратэстаў, але мы не сышлі [наогул] з пратэстаў» – кажа Рэза, тэгеранскі ды-джэй і студэнт універсітэта, які грае «рэвалюцыйную» музыку, каб падтрымліваць «імпульс».

«Я пратэставаў першыя два месяцы і неяк здолеў не трапіць пад раздачу. Неўзабаве пасля таго, як мы даведаліся пра першы расстрэл, нас папярэдзілі бацькі і выкладчыкі, каб мы кінулі пратэставаць на вуліцах. Вось тады ў нас і ўзнікла ідэя начных пратэстаў».

Рэза і яго калегі па ўніверсітэце, хлопцы і дзяўчаты, арганізавалі ў сталіцы падпольную акцыю. «Адзін з нашых любімых спосабаў пратэсту – хадзіць каля дзяржаўных установаў і пакрываць сцены плакатамі свабоды. Мы вяртаемся і граем музыку, асабліва песні, якія не ўспрымае рэжым.

«У нас быў пратэст Шэрвіна Хаджыпура [іранскага спевака, арыштаванага пасля таго, як яго песня пратэсту стала віруснай] увечары пасля таго, як ён выйграў прэмію «Грэмі», каб адзначыць нашу барацьбу за свабоду. Усё, што мы робім у гэтых начных акцыях пратэсту, лічыцца нармальным для падлеткаў на Захадзе – напрыклад, жанчыны танцуюць, спяваюць, не носяць шалік – але мы павінны рабіць гэта таемна.

«Гэтыя сустрэчы аб’ядноўваюць нас і матывуюць працягваць змагацца ўсімі магчымымі спосабамі».

Голназ, 19-гадовая студэнтка эканомікі з Ісфахана, рэгулярна наведвае падпольныя акцыі пратэсту. Яна накіравала сваю любоў да мастацтва ў форму нязгоды. «Многія думаюць, што тусоўкі адбываюцца толькі ў дамах, на гарышчах ці ў гаражах. Мы выходзім на вуліцу і пратэстуем рознымі спосабамі» – кажа яна.

«Рызыкуючы быць злоўленай, я ездзіла на ровары без хіджаба і паспяхова пакрывала сцены графіці. Затым мы вяртаемся дамоў да аднаго з нашых сяброў, не спім, танцуем, спяваем і спрабуем вярнуць нашых універсітэцкіх калегаў на вуліцы ў знак пратэсту.»

«Ад падпольных пратэстаў да сямейных сходаў, мы зразумелі, што менавіта гэтыя невялікія пратэсты ў прыватных колах падтрымліваюць жаданне свабоды сярод моладзі Ірана»  – кажа Саед, студэнт з горада Мехшэда. «Дзякуй тым жанчынам і дзяўчатам, якія настолькі адважныя, што ўсё яшчэ пратэстуюць на адкрытым паветры, здымаючы хусткі. Яны сапраўдныя героі, за якіх мы працягваем змагацца. Паколькі свабодзе слова няма месца ў Іране, людзі павінны выкарыстоўваць кожны форум, каб выказаць сваю барацьбу за свабоду».

Фота: Guardian

У Іране адбыўся першы публічны расстрэл удзельніка пратэстаў

У ісламскай рэспубліцы ўжо трэці месяц працягваюцца масавыя пратэсты. І ўпершыню ўлады публічна расстралялі чалавека, які быў асуджаны за траўму ахоўніка нажом.

Як паведамляе SOURCE: NEWS AGENCIES, 23-гадовы Шэкары быў арыштаваны 25 верасня, праз тыдзень пасля таго, як у Іране адбыліся акцыі пратэсту пасля смерці 22-гадовай Махсы Аміні. Яе затрымалі нібыта за  тое, што яна не прытрымлівалася абавязковага ў Іране дрэс-кода для жанчын.

Пратэсты і масавыя беспарадкі супраць дзяржаўнага ладу Ірану пачаліся 16 верасня 2022 года, пасля навіны аб гібелі Махсы Аміні, якая была забітая камянямі Павучальным патрулём за “неналежнае нашэнне хіджабу”.

Расстраляны Мохсен Шэкары быў асуджаны за “вядзенне вайны супраць Бога”, а канкрэтна за тое, што нібыта напаў на супрацоўніка службы бяспекі з доўгім нажом і параніў яго ў плячо, а затым дапамагаў перакрыць вуліцу ў цэнтры Тэгерана. 20 лістапада Шэкары атрымаў свой смяротны прысуд, які быў здзейснены неўзабаве пасля таго, як быў падтрыманы Вярхоўным судом краіны.

Апошні смяротны прысуд, які звязаны з пратэстамі, адбыўся ў аўторак, калі пяць чалавек былі асуджаныя на расстрэл нібыта за забойства члена ваенізаванай прыўладнай структуры. Яшчэ 11, у тым ліку трое непаўналетніх атрымалі працяглыя тэрміны турэмнага зняволення. Іранскія ўлады паабяцалі хутка разглядаць справы, звязаныя з “беспарадкамі”. Так яны апісваюць інцыдэнты, звязаныя з пратэстамі. 

Amnesty International папярэдзіла ў пачатку гэтага месяца, што па меншай меры 28 чалавек могуць сутыкнуцца з расстрэлам у Іране ў сувязі з пратэстамі, заявіўшы, што “улады выкарыстоўваюць смяротнае пакаранне як інструмент палітычных рэпрэсій, каб спыніць папулярнае паўстанне”.

У мінулым месяцы Савет па правах чалавека ААН прагаласаваў за стварэнне місіі па высвятленні фактаў пераследу ў Іране ўдзельнікаў пратэстаў, але Тэгеран заявіў, што не будзе супрацоўнічаць з ёй з-за яе “палітычнага” характару.