Праваабаронцы прызналі палітычнай зняволенай ураджэнку Магілёва Лідзію Гарохаву.
Паведамленне аб прызнанні дзяўчыны палітзняволенай, разам з яшчэ трыма чалавекамі – Дзмітрыем Мелехаўцом, Аляксандрам Гаршуновым і Вячаславам Малышавым, з’явілася 30 чэрвеня 2025 года на сайце Праваабарончага цэнтру “Вясна”.
“Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі”, – гаворыцца ў паведамленні.
Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць палітвязняў Дзмітрыя Мелехаўца, Аляксандра Гаршунова, Лідзію Гарохаву, Вячаслава Малышава і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх. Тое ж патрабаванне тычыцца іншых палітзняволеных. Таксама праваабаронцы патрабуюць спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Пад заявай падпісаліся сем праваабарончых арганізацый: Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Прававая ініцыятыва, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Lawtrend, Беларускі ПЭН, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Respect-Protect-Fulfill.
Нагадаем, што 30-гадовую Лідзію Гарохаву, якая займалася касплэем і працавала ў Менску, асудзілі за нібыта «заклікі да прычынення шкоды Рэспубліцы Беларусь». Лідзія родам з Магілёва, вучылася ў ліцэі №1 на філалагічным профілі скончыла яго ў 2011 годзе.
Прысуд быў вынесены ў траўні 2025 года, а 30 траўня імя Лідзіі Гарохавай уключылі ў афіцыйны спіс так званых «экстрэмістаў». Змест абвінавачванняў не раскрываецца, бо суд праходзіў без публічнасці. Па інкрымінаваным артыкуле (ч. 3 ст. 361 КК РБ) жанчыне пагражала ад 4 да 12 гадоў зняволення. Дакладны тэрмін не агалошваецца, але вядома, што яна ўжо знаходзіцца ў калоніі.
Фота: “Наша Ніва”