Жыхар вёскі Лапічы заявіў, што рэвальвер і боепрыпасы знайшоў напрыканцы 2023 года недалёка ад свайго дома – піша “Асіповіцкі край”. Па фотакалажу, прадстаўленаму ў выданні, можна заўважыць, што рэвальвер быў моцна пашкоджаны іржой, але адрэстаўраваны. Зрабіць выснову пра яго баявыя якасці складана, а вось боепрыпасы выглядаюць цалкам боездатнымі.
Выданне адзначае, што жыхар Лапіч здаў зброю супрацоўнікам міліцыі добраахвотна і будзе вызвалены ад крымінальнай адказнасці.
Пад Асіповічамі рыбак змагаўся з магутнай рыбінай каля 30 хвілін, выцягнуў на бераг, а потым выпусціў на волю. Партал osipinfo.by падзяліўся асаблівасцямі рыбалкі.
Пад Асіповічамі ў раёне вёскі Лапічы рыбак Віталь Дубовік выцягнуў са Свіслачы гіганскага сома. Яго вага склала каля 40 кілаграмаў, а даўжыня большая за 180 сантыметраў. Але заканадаўства не дазволіла скарыстацца ўловам.
Сам Віталь распавёў пра рыбалку так:
– Недзе 5 дзён таму паехаў на рыбалку з прыяцелем, узялі намёт і печ. У першы дзень проста адпачывалі, на другі ламалі лёд і крыху рыбачылі (таварыш зачапіў сазана на 10 кг), а на трэці дзень лёд сагнала. Мы пайшлі [на лодцы] па рацэ і пабачылі ў эхалоце некалькі добрых сілуэтаў. Я закінуў вуду і зачапіў сама. Гэта было фізічна складана. Каля 30 хвілін змагаўся з ім і выцягнуў на бераг. На гэтым гісторыя і скончылася. Рыба больш не ішла. Ну як? Яна была, але пайшла пад лёд, і дастаць яе адтуль было амаль нерэальна.
Для Віталя гэты сом – самы вялікі, якога ён калі-небудзь злавіў. Але рыба была выпушчана ў Свіслач, бо з 1 лістапада па 31 сакавіка, дзеля захавання папуляцыі, забаронены лоў сома. Як запэўнівае рыбак, ён не забраў бы яго дадому ў любым выпадку, бо не ест сома, які амаль такі ж тлусты, як сала. А вось карп і сазан яму сапраўды смачныя.
Рыбакі кажуць, што ў Свіслачы шмат самоў. У апошнія гады рыбакі часта атрымліваюць трафеі з вады па 25-30 кілаграмаў.
Зубры звычайна атаясамляюцца з Белавежскай пушчай, але і на Асіповіччыне статак гэтых жывёлаў сягае 540 асобін. Іх сюды завезлі два дзясяткі гадоў таму. Тутэйшыя зубры людзей не баяцца, але ставяцца да іх насцярожана і імкнуцца трымаць дыстанцыю.
Днямі зубр завітаў у вёску Лапічы. Паселішча за два дзясяткі кіламетраў ад райцэнтру, разраслося на беразе Свіслачы. Непадалёк ад яго былы вайсковы палігон.
«Ён даволі доўга прастаяў каля гурбаў будаўнічага пяску, потым спусціўся ў пойму Свіслачы. Там паласаваўся дзікай малінай і залёг у густым хмызняку. Вечарам зубр зноў пачаў праяўляць актыўнасць, нетаропка хадзіў па беразе, відаць, думаў, што яму рабіць далей. А ноччу рушыў праз мой участак, выйшаў на вуліцу і некуды знік», – апавядае пра сустрэчу з жывёлай вясковец.
У раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя кажуць, што жыхары, якія ўбачылі ў паселішчы зубра, паведамілі ў райаддзел па надзвычайных сітуацыях і папярэдзілі аб патэнцыйна небяспечнай жывёле суседзяў.
gzt-akray.by
Паводле спэцыялістаў-прыродаахоўнікаў, пішараёнка «Асіповіцкі край», «лапіцкі» зубр спрабаваў перайсці праз шашу Мінск-Гомель, аднак з-за сеткавай агароджы быў вымушаны змяніць кірунак. Пераплыў Свіслач і апынуўся ў Лапічах.
Для дзікай жывёліны сітуацыя аказалася стрэсавая, таму вяскоўцам адмыслоўцы параілі стварыць вакол зубра зону спакою: не шумець, без вострай неабходнасці не выходзіць з дамоў, не пакідаць без нагляду дзяцей і сабак.
Ноччу зубр рушыў у бок былога вайсковага палігона, дзе шчыльнае кустоўе. Магчыма, ён сцішыўся ў прыбярэжных зарасніках, толькі па-за межамі паселішча.
vetliva.by
Прыродазнаўцы адзначаюць, што лясному госцю Лапічаў 17 гадоў. У працэсе размнажэння зубр ужо не ўдзельнічае і, мяркуючы па вонкавым выглядзе, не мае фізічных пашкоджанняў, нармальна развіты.
Колькасць асіповіцкага зубрынага статку неўзабаве зменшыцца. 80 галоў адправяць у Бярэзінскі біясферны запаведнік і ў Чэрыкаўскі раён.