Спектакль пра Машэку з элементамі эротыкі – наш тэатральны агляд прэм’еры

Прэм’ерныя паказы спектакля па матывах народнага падання і паэмы Янкі Купалы “Магіла льва” распачаліся ў магілёўскім лялечным тэатры. 

У першы дзень прэм’еры новага сезона зала авацыяй сустрэла творчыя пошукі магілёўскіх артыстаў. Незадаволеных твараў не было заўважана. 

Трэба адзначыць, што “магілу льва” шукае ці не кожнае пакаленне магілёўскіх артыстаў.  І гэтым разам атрымалася зноўку нечакана. Спалучэнне лялек з жывымі артыстамі заўжды дадае глыбіні пастаноўцы. Да таго ж некаторыя сцэны былі досыць адкрытыя і эратычныя нягледзячы на ўсю іх алегарычнасць.

Сам спектакль, на думку пастаноўшчыкаў , адказвае на пытанні: Хто мы і куды зараз ідзем? Ці ведаем, ці памятаем гісторыю сваёй зямлі? 

Каб адказаць на гэтыя пытанні, як лічаць пастаноўшчыкі, трэба вярнуцца да сваіх каранёў, звярнуцца да гісторый з жыцця нашых продкаў: “іх кемлівасць захавала дзеля нас шмат дзіўных весцяў.” Адна з іх – паданне пра легендарнага асілка Машэку, якога здрада ператварыла ў раз’юшанага ў адносінах да несправядлівасці льва. Пасля смерці Машэкі, яго высокую магілу ў народзе назвалі “Магілай льва”. А потым на гэтым месцы вырас горад, які зараз носіць назву Магілёў.

Ці ўдалося артыстам рэалізаваць свае намеры? Пытанне адкрытае і спрэчнае. Размовы гледачоў пасля спектаклю паказалі, што ўсе задаволеныя паходам у тэатр, а вось сама пастаноўка выклікала пытанні. 

У пастаноўцы прынялі ўдзел пяць “жывых” артыстаў і шматлікія маленькія лялечкі, якія дапамагалі паскорыць сюжэт і абысці неабходнасць паказу жорсткіх забойстваў. А самай вялікай, а лепш сказаць вялізнай, аказалася лялька Машэкі, якая дамінавала над сцэнай і нібыта наглядала за ўсімі з вышыні.  

Што тычыцца характару герояў, то рэжысёр Марына Гуцава выбрала драматычную версію магутнага дабрака Машэкі, якога толькі здрада каханай пераўтварыла ў рабаўніка і забойцу, і разбэшчанай Наталкі, якая абрала багацце і сама пайшла ў двор пана… 

Дзяўчаты на сцэне паводзілі сябе ў манеры паганскай эратычнай дахрысціянскай культуры. А мужчыны – яны ж заўсёды мужчыны – рэалізоўвалі сваю прагу да жанчын і ўлады.   

Абыгрывалі сюжэт артысты на беларускай мове п’есы класіка. І гэта не толькі не замінала гледачам пранікаць у глыбіню зместу апавядання, але і дапамагала, стварала той непаўторны каларыт беларускай даўніны, які быў так неабходны. Можа быць пару спеваў у традыцыйнай аранжыроўцы і можна было б прыбраць. А можа быць і не. Тут справа густу. 

Прэм’ерныя паказы спектакля пройдуць яшчэ і сёння – 30 лістапада, а таксама 1 снежня. Узроставае абмежаванне: “14+”. Кошт білета: 12 руб.

 

Сястрыца Алёнушка з браткам Іванушкай і Мыйдадзірам едуць у Магілёў

Абменныя гастролі Магілёўскага і Смаленскага абласных тэатраў лялек адбудуцца 22-23 кастрычніка. 

Як паведамілі ў магілёўскім лялечным тэатры, смаленскія лялечнікі пакажуць на нашай сцэне два спектаклі для дзіцячай аўдыторыі – “Сястрыца Алёнушка і братка Іванушка” і “Мыйдадзір”. 

“Сястрыца Алёнушка і братка Іванушка”

У аснову гісторыі лягла руская народная казка, добра знаёмая найперш людзям старэйшага пакалення, але і многім дзецям. У казцы неслух Іванушка не слухаецца сястрыцу, але яна ратуе яго. “Дабро ўсё роўна перамагае зло, а таемнае становіцца відавочным – мабыць, у гэтым і заключаецца галоўная думка гэтай народнай гісторыі. А яшчэ тут ёсць наказ – слухайся старэйшых, калі свайго жыццёвага вопыту яшчэ замала” – адзначылі ў тэатры.

“Мыйдадзір”

Карагод з любімых вершаў Карнея Чукоўскага стварыў вясёлы і яркі спектакль у двух дзеяннях. Ён напоўнены музыкай і вельмі дынамічны. У казцы жудасны вонкава, але насамрэч клапатлівы персанаж навучае маленькіх гледачоў элементарным правілам гігіены. А іншыя героі расказваюць аб каштоўнасці дружбы і важнасці паслухмянасці.

У сваю чаргу, Магілёўскі абласны тэатр лялек пакажа на смаленскай сцэне танцавальную казку “Муха-Цакатуха” і пірацкую гісторыю “Прыгоды Джэка Вераб’я”.

Квіткі ў касах лялечнага тэатру. Спяшайцеся набыць.